Будкін: У няволі верагоднасць стварыць штосьці якаснае блізкая да нуля

Арт-менеджар — пра тое, як улады ўяўляюць нацыянальную культурную прастору.

mn2rz8b7lfz3i880y6h0qnwqfl3agyn3_logo.jpg.webp

1 кастрычніка завершыцца грамадскае абмеркаванне «Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах грамадства на 2024-2026 гады». Гэты праграмны дакумент, распрацаваны Міністэрствам культуры, мае на мэце захаваць культурную бяспеку РБ, што б пад гэтым азначэннем ні хавалася; стварыць культурную прастору, «здольную задаволіць патрэбы грамадзян»; і, канешне — «выхаваць патрыёта Рэспублікі Беларусь».

Пра агульнае ўражанне і некаторыя асабліва яскравыя пункты, пробліскі здаровага сэнсу аўтараў канцэпцыі і антыдасягненні Мінкульта «Филин» пагутарыў з кіраўніком Беларускай рады культуры Сяргеем Будкіным.

— У канцэпцыі шмат гаворыцца пра «традыцыйныя культурныя каштоўнасці» беларусаў. Як вы лічыце, што чыноўнікі разумеюць пад гэтым вызначэннем, ці проста ідуць ад адмоўнага — каб не было «каштоўнасцяў замежнага паходжання», накшталт Дня святога Валянціна?

— У прынцыпе, гэта сфармулявана ў другім абзацы ўводзінаў, дзе сказана пра негатыўны ўплыў «палітычных, маральных, эстэтычных поглядаў замежнага паходжання і створаных на іх аснове культурных прадуктаў», якія ўяўляюць «патэнцыйную пагрозу палітычнай, сацыяльнай і дэмаграфічнай бяспецы Беларусі».

То бок фактычна ўлады прапануюць закрыць беларусаў у нейкім старадаўнім музеі побыту, ачапіць ад усяго астатняга свету. Гэта абсалютна дзіўная спроба абгрунтаваць самаізаляцыю, маючы досвед таго ж Савецкага Саюза, які паказаў, што немагчыма ізалявацца ад сусветнага ўплыву, ўсё адно ён будзе прасочвацца.

У прынцыпе, дастаткова зайсці на сайт Мінкультуры РБ і ўбачыць маленькі відэаролік, які ўтрымлівае ў сябе квінтэсенцыю культуры «па-дзяржаўнаму». Эксперт заўважае: успрыманне рэжымам культуры палягае ў дзвюх плоскасцях. З аднаго боку — як музея з лапцямі ды брылямі, а з другога — як сферы ідэалагічнай абслугі.

Акурат гэтым тлумачацца ўсе спробы падначаліць сабе культурніцкія з’явы, якія мусяць быць вольнай і жывой стыхіяй.

— Прыцягвае ўвагу прага чыноўнікаў да «культурнага імпартазамяшчэння». Калі ў сферы літаратуры гэта можна зрабіць за кошт дзіцячых аўтараў і прапагандыстаў, у тэатрах — з дапамогай старой класікі, то што рабіць з кіно? «Беларусьфільм», як ні пыжыцца, выдае за год у лепшым выпадку адну-дзве агіткі, на якія прымусова збіраюць публіку…

— У канцэпцыі таксама ёсць тлумачэнне, і нават нейкая крыўда на Галівуд, бо ўсе галівудскія кампаніі адмовілі ў паказе на тэрыторыі Беларусі сваіх фільмаў.

Спробы паставіць нейкія паказнікі і абазначыць іх працэнтамі наканаваныя на правал. Дастаткова згадаць даўнішні закон пра 75% беларускай музыкі ў эфірах. І што ў выніку з гэтага культурнага замяшчэння атрымалася? Напладзілі нецікавага і няякаснага рускамоўнага кантэнту.

Так і з кіно: калі спрабаваць думаць катэгорыямі, што чым можна замяніць, атрымаецца прыблізна тая ж гісторыя, як з прапагандысцкім апошнім фільмам «На другім беразе», які нібыта ўзначаліў рэйтынгі кінапаказу і абагнаў «Барбі».

Гэта будзе нагадваць суцэльны анекдот. Бо зразумела, што ў абставінах няволі, прымусу, кантролю верагоднасць стварыць штосьці якаснае і цікавае, нават з прыцягненнем няхай сабе таленавітых людзей, блізкая да нуля.

— З цяперашнім узроўнем цэнзуры і «зачыстак» ва ўсіх сферах часткі канцэпцыі пра захаванне культурнай самабытнасці рэгіёнаў, традыцый, мовы выглядаюць суцэльным здзекам. На ваш погляд, што выжыве ў такой сітуацыі — нешта максімальна бяскрыўднае, накшталт краязнаўчых музеяў, мясцовых фэстаў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва?

— Я веру ў тое, што гэта будзе лазейка для тых людзей, якія застаюцца ў Беларусі і могуць нешта зрабіць для захавання нацыянальнай культуры ў розных сферах.

Насамрэч, месцамі гэты дакумент выглядае нават някепска, — проста ён нелагічны ад пачатку да канца. Але спроба неяк абазначыць свой клопат пра нацыянальную культуру ёсць, і я спадзяюся, што гэта можа быць прасторай для дзеяння ў такім культурна-партызанскім фармаце.

І з другога боку, у бяскрыўдных з першага погляду тэмах можна на грошы рэжыму нешта стварыць — маю на ўвазе, напрыклад, някепскую ідэю стварэння анталогіі беларускай літаратуры, якая ўжо ідзе (серыя мае назву «Залатая калекцыя беларускай літаратуры»).

Выйшла больш за 20 тамоў, і хоць мала хто пра тое ведае, — але вось канкрэтны прыклад не марнавання грошай, а выкарыстання іх па прызначэнні.

Такім чынам, пасля прыняцця гэтай канцэпцыі некаторыя сферы культуры змогуць нармалёва існаваць — але гэта, канешне, не мяняе сітуацыю ў цэлым.


Глядзіце таксама

— А яна, безумоўна, пагаршаецца. Мы бачым, як ліквідуюцца незалежныя выдавецтвы, як працягваецца экспансія рускай мовы ў тэатрах, як заціскае жорсткія рамкі рэестр арганізатараў культурна-масавых мерапрыемстваў, як знялі з пасадаў і замянілі на лаяльных фактычна ўсіх кіраўнікоў ключавых культурніцкіх устаноў…

Па сутнасці, атрымліваецца, што найбольшую пагрозу для культурнай бяспекі Беларусі ўяўляе само Міністэрства культуры. Калі скласці топ-5 антыдасягненняў Мінкульта, што б вы ўключылі ў гэты пералік?

— Што ні робіць гэтая ўстанова і ў прынцыпе рэжым у сферы культуры, усё відавочна палягае ў рэчышчы антыбеларускай, антынацыянальнай палітыкі — за рэдкімі выключэннямі і пробліскамі, як у гэтым дакуменце.

Агульны пасыл — поўнае зачышчэнне ўсяго жывога ў беларускай культурнай прасторы. І як ацэньваць антыдасягненні структуры, якая займаецца антынацыянальнай дзейнасцю? Сама гэтая ўстанова — проста наглядчык, які сочыць, каб ніхто нікуды не высунуўся.

Калі ж называць канкрэтныя антыдзеянні, гэта, канешне, рэестр арганізатараў (па факце, пайменны спіс тых, каму можна, дазволена ладзіць мерапрыемствы — ён ганебна падвешаны на сайце Мінкульта).

Безумоўна, гэта вайна супраць экскурсаводаў. Безумоўна, уся гэтая канцэпцыя і ідэя «культурнай бяспекі», якая бачыцца ў поўнай ізаляцыі краіны. Карацей, любое дзеянне, куды ні ткні, будзе антыдасягненнем.