Алег Басілашвілі: «Быкаў — вялікі пісьменнік»

Расійскаму акцёру Алегу Басілашвілі — 80. Вялікі талент, бліскучыя, запамінальныя ролі ў тэатры і кіно і, нарэшце, годнае жыццё… Мы гутарылі з Алегам Валяр’янавічам у 2003-м, адразу пасля спектакля.    



2_bas_lashv_l_.jpg

Алег Басілашвілі

Была ўжо гадзіна ночы, калі нечакана Алег Валяр’янавіч прыгадаў Быкава. Васіль Уладзіміравіч знаходзіўся ў той час у Бараўлянах.

Напярэдадні я званіў і прасіў сказаць словы падтрымкі Быкаву найвядомейшых расійскіх пісьменнікаў Грыгорыя Бакланава, Уладзіміра Вайновіча, Барыса Васільева, Данііла Граніна, Фазіля Іскандэра (калі сказаў пра тое Басілашвілі, ён заўважыў: «Гэта ўсё славутыя імёны і годныя людзі»). І вось цяпер пра тое ж папрасіў Алега Валяр’янавіча, і ён ахвотна пагадзіўся. Праўда, перадаць яго словы Быкаву я не паспеў — гаварылі мы ў ноч на 22 чэрвеня, праз некалькі гадзін Васіля Уладзіміравіча не стала.

4_sjargej_shapran.jpg

Сяргей Шапран

— Быкаў — вялікі пісьменнік, вялікі. Калі ўпершыню прачытаў «Мёртвым не баліць», я быў уражаны да глыбіні душы…

— Алег Валяр’янавіч, ці помніце, калі гэта было? Аповесць упершыню ў перакладзе на рускую мову з’явілася ў «Новом мире» ў 1966 годзе… 

— Гэты часопіс дасюль у мяне ёсць. Я быў уражаны мерай праўды, новай ступенню праўды. Быкаў прымусіў мяне адчуць пах снегу, ночы марознай… Ці «Круглянскі мост», напрыклад. Я і дасюль памятаю ўсю гэтую праўду пра вайну, праўду пра чалавечыя ўзаемаадносіны. Быкаў навучыў нас адрозніваць, дзе дабро, а дзе зло. Ён адвёў нас ад прыдуманых фетышаў чалавечай праўды. Ён быў першым пісьменнікам. Так, вядома, раней за Быкава быў Салжаніцын з яго «Одним днём Ивана Денисовича», аднак павінен вам сказаць, што, параўноўваючы літаратурныя вяршыні Салжаніцына і Быкава, я стаўлю Быкава значна вышэй як літаратара, хоць Салжаніцын зрабіў вельмі шмат у літаратуры. Але па сваім літаратурным дары Быкаў, канешне, вялікі пісьменнік. Гэтаксама вялікім пісьменнікам быў і Юрый Трыфанаў — гэта ўжо пасля была цэлая плеяда паслядоўнікаў: Юрый Казакоў, Віктар Канецкі ды іншыя, аднак першым быў усё-такі Трыфанаў. Таксама і Быкаў быў першы — ён як вяршыня піраміды.

Вось ніяк не магу забыцца пра яшчэ адну яго аповесць — «Сотнікаў». Праўда, мне не падабаецца фільм, які быў зняты паводле гэтага твора, — там Сотнікаў як Ісус Хрыстос распяты. У Быкава ж гэтага няма — у Быкава звычайны чалавек, у нечым не вельмі нават і прыемны. І наколькі абаяльны другі герой «Сотнікава», просты і ўмелы! Аднак як гэты інтэлігент Сотнікаў знаходзіць у сабе сілу і мужнасць духу супрацьстаяць немцам і здраднікам! Гэта настолькі проста і пазнавальна! Калі кожнага разу чытаю Быкава, застаецца ўражанне, што я сам жыў на гэтым беларускім хутары ці пасярод тых балот…

Ці іншая аповесць (не памятаю назвы), калі бацьку раскулачылі, а яго сын працуе ў міліцыі, і яны ловяць бацьку, які хаваецца ў лесе. (Размова пра аповесць «Аблава». — С. Ш.) І вось гэты восеньскі, марозны лес, ужо без лісця, і вогнішча нельга раскласці, таму што дым могуць убачыць. І ён мерзне ў тым лесе, пакуль нарэшце не чуе сабак і разумее, што кола вакол яго звужаецца. І ён ідзе ў балота і трымаецца за галінку, каб не патануць, аднак чуе, як сын кажа: «А вы там пашуруйце!» І тады адпускае галінку і тоне… Справа нават не ў сюжэце, а ў тым, як напісаны гэты позні восеньскі беларускі лес, які ажно хрусціць ад прамёрзлай лістоты… Гэта выдатная літаратура, выдатная.

Наогул кажучы, у кожнага пісьменніка свая праўда, і асабліва гэта датычыць Быкава. Прычым калі гавару пра праўду Быкава, дык маю на ўвазе праўду не толькі ідэалагічную, але і мастацкую. Менавіта Быкаў раскрыў гэтую праўду неяк зусім па-іншаму. Я ж сам ваенны хлопчык і помню вайну, і чытаў і «Дни и ночи» Сіманава, і «В окопах Сталинграда» Някрасава — гэта таксама было ўсё правільна, але напісана было на іншым узроўні. У творах жа Быкава ёсць і пах снегу, і пах вуліц і дамоў; усё ў яго вельмі проста, і немцы такія ж самыя людзі, як і мы, аднак яны вымушаны былі… Гэта ўсё-ткі настолькі заблытана і перамешана! Аднак гэта і ёсць сапраўднае жыццё… І калі чытаў Быкава, дык вельмі шкадаваў, што кніга заканчваецца, што засталося толькі некалькі старонак, і кожнага разу адцягваў развітанне з творам.

3_bikau.jpg

Васіль Быкаў

І як можна было паставіць такога пісьменніка ў становішча, каб ён пакінуў радзіму?! (У 1998–2003 гадах Васіль Быкаў, не прымаючы той палітычны рэжым, які ўсталяваўся на Беларусі, вымушаны быў жыць за мяжой: у Фінляндыі, Германіі і Чэхіі. — С. Ш.) Быкаў — гэта не толькі гонар Беларусі, гэта сусветны гонар… Гэтак жа судзілі ў Ленінградзе і пасля адправілі на прымусовую працу вялікага паэта Іосіфа Бродскага. «Тунеядцем» яго называлі, а ён стаў нобелеўскім лаўрэатам і славу прынёс Расіі! Таксама і з Быкавым. Усё нарэшце паварочваецца супраць уладара. Але яны, гэтыя ўладары, не разумеюць гэтага. Не разумеюць, што ўсё павернецца супраць іх, супраць іх палітыкі. Гэта гаворыць толькі пра іх нізкую культуру, пра вельмі нізкую культуру... Каго будуць памятаць праз стагоддзі? Пушкіна ці Бенкендорфа? Бенкендорфа памятаюць толькі таму, што ён быў сучаснікам Пушкіна. А хто быў сучаснікам Мікеланджэла? — а хто ж яго ведае! Аднак быў жа нехта, нейкі папа Рымскі, які лічыўся тады ўладаром. А Мікеланджэла кім быў у той час? — чарвяком… Так і з Быкавым.

Яны павінны разумець, што Пілат, які аддаў Хрыста на смерць, вядомы толькі таму, што вымыў Яму рукі і пашкадаваў Яго. Таму Пілат і побач з Хрыстом. Выключна таму. Таксама і з Васілём Быкавым будзе.

— І Герастрат стаў вядомы толькі таму, што спаліў храм...

— Так, а іначай быў бы невядомы. Вось у чым уся справа.

— З вашага дазволу, Алег Валяр’янавіч, перадам вашы словы Васілю Быкаву.

— Калі будзеце ў яго, я вас прашу… Ён мяне, напэўна, не ведае, але не ў гэтым справа. Я вас прашу: проста перадайце, што вось такі артыст жадае яму ўсялякіх даброт і каб ён паправіўся, каб жыў як мага даўжэй. Я нават не магу выказаць майго захаплення, майго пакланення перад гэтым магутным талентам і перад яго праўдай.