Андрэй Макарэвіч: “Спеў па-беларуску — гэта паклон маім продкам” (прэм’ера!)

Лідар расійскага гурта «Машина времени» запісаў сваю першую песню на беларускай мове для праекту «Global Reload» парталу Tuzin.fm і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!»  



52.jpg

Мы размаўляем з Андрэем Макарэвічам у мінскай студыі “Осмос”. Лідар “Машины времени” прыехаў у беларускую сталіцу спецыяльна для таго, каб скончыць працу над сваёй першай беларускамоўнай кампазіцыяй у жыцці.

— Вашы першыя ўражанні ад творчага эксперыменту?

— Жах як цікава! Вельмі нячаста такім займаюся, бо не лічу сябе выканаўцам-паліглотам. Пяю па-расійску. Па-ангельску спяваў у школе і да 10 класа практычна скончыў. Па-беларуску вельмі цікава паспрабаваць, бо гены ўсё ж такі маю. Я вельмі добра памятаю моцны беларускі акцэнт маёй бабулі (яна была з Пагодзіна, так тады Блудзін зваўся, а побач — Маліч, гэта Заходняя Беларусь). І вось бабуля казала: “шчы”, “шчука”, згадваю як цяпер. (Маецца на ўвазе вёска Паўловічы, што ў Бярозаўскім раёне на Берасцейшчыне, да 1964 года вёска звалася Блудзень. Чыгуначная станцыя побач мела назву Пагодзіна, цяпер яна завецца Бяроза-Картузская — заўвага С.Б.)

— Можаце патлумачыць — навошта вам уся гэтая беларуская гісторыя, навошта спяваць па-беларуску?

— Для мяне гэта паклон маім продкам, якіх ужо няма на свеце. Я лічу, што гэта слушна. Калі ў чалавеку ёсць частка вось гэтага, дык чаму ён павінен яе хаваць? Ён павінен гэтым ганарыцца. Я вельмі люблю Беларусь, у мяне тут шмат сяброў. Намагаюся тут бываць часцей. Тут фантастычная прырода — напэўна, самая прыгожая, якую толькі можна сабе ўявіць у сярэдняй паласе. І ў вас атрымліваецца яе захоўваць у ідэальным стане, у адрозненне ад расійцаў. Таму ваша краіна — аазіс у маім уяўленні.

budzma.by__wp_content_uplo_4bca2819fc8adda56820ee5f400dfe21.jpeg

— Ці адкрылася вам вашая Беларусь адразу? Ці ведалі вы пра яе нешта 45–50 гадоў таму?

— 50 гадоў таму мне было 11, і бацька мне расказваў пра цудоўны хутар Маліч, дзе ён нарадзіўся і правёў дзяцінства. Дзе жылі толькі Макарэвічы і Антончыкі. Я ведаў даўно, адкуль паходзіць мой тата, мой дзед, якога пры жыцці я ўжо не заспеў, мая бабуля па бацькавай лініі. І ўсё абяцаў мяне туды звазіць. І так і не з’ездзіў і мяне не звазіў, не выпала. Так далёка на захад я не выязджаў, у Мінску толькі часта бываў, а далей туды ў кірунку Берасця не ездзіў. Трапіў туды ў 2011 годзе дзякуючы расійскаму Першаму каналу, які здымаў праграму “Древо жизни”, што нядоўга праіснавала. Яе ідэя была ў тым, што героі перадачы едуць шукаць свае карані.

— Ведаю, што вы дасканала вывучылі свой радавод і сабралі ўсе магчымыя сведчанні. Ці засталіся нязведаныя факты?

— Я дагэтуль не магу знайсці фотаздымкі свайго прадзеда Антонія Усакоўскага, які ў тых краях быў вядомым чалавекам, святаром. Ён пабудаваў царкву, якая дагэтуль стаіць, пабудаваў царкоўную школу, у якой якраз і пазнаёміліся мае дзядуля і мая бабуля. Мне вядома, што прадзед перажыў рэвалюцыю, быў пасыльным практычна ў патрыярха нават пэўны час. У 1919–1920 гадах яго сляды канчаткова губляюцца. Думаю, што яго расстралялі. Але пакуль дазнацца, дзе і пры якіх абставінах, і наогул пабачыць, як ён выглядаў, патрымаць у руках яго фотаздымак, у мяне пакуль не выйшла. Тут у пошуках дапамагалі вельмі сур’ёзныя гісторыкі, але пакуль марна. Хачу дайсці да Лубянкі, магчыма, там нешта знойдзецца.

— У той самай праграме “Дрэва жыцця” чатырохгадовай даўніны вы кажаце цікавую фразу пра тое, што розніцы між беларусамі і расейцамі па сутнасці няма. Ці змянілася вашае меркаванне на гэты конт сёння?

— Розніца ёсць, канечне. Нават хаця б у стаўленні да прыроды. У вас гэтае стаўленне еўрапейскае. У нас жа папсаванае стаўленне да прыроды качэўнікамі. Качэўнікі прызвычаіліся гадзіць, бо яны не сядзяць на месцах — яны заўтра едуць далей. Дык чаго клапаціцца пра чысціню. Падазраю, што ў расійцаў гэта засталося з часоў татарскага ярма. У вас таксама гісторыя няпростая, тут то Польшча была, то Беларусь, але ўсё ж гэта Еўропа.

— Вы чулі беларускую мову, чыталі на ёй, а цяпер паспрабавалі заспяваць па-беларуску. Ці падобна яна да расійскай, як вам здалося?

— Ніколі не забуду выпадак у мінскім таксі. Мы абмяркоўвалі з таксістам беларускую мову, шыльды, напісаныя па-беларуску, і той кажа: ха, беларуская — гэта тая ж расійская, толькі з памылкамі (смяецца). Гэта смешна, тым не менш беларуская — гэта мова са сваімі правіламі, з сваёй мелодыкай, са сваім даволі складаным вымаўленнем. І ўсё гэта мяне цікавіць.

— Дык падобныя нашы мовы ўсё ж ці не?

— Падобныя. Гэтак жа як ангелец зразумее аўстралійца і нават шатландца. Але безумоўная розніца ёсць у музыцы мовы. І не дзіва, што сярод першых савецкіх вакальна-інструментальных камандаў найлепшыя былі, на маю думку, не “Веселые ребята”, а “Песняры”. Шмат у чым дзякуючы сваёй іншай музыцы мовы.

— У такім разе карціць спытаць — ці можа быць працяг вашага беларускамоўнага творчага эксперыменту?

— Давайце пажывем, я адкрыты да ўсялякіх добрых задумаў і гатовы прымаць добрыя прапановы. Але давайце паглядзім, што выйдзе з першага вопыту. Мне даволі цяжка меркаваць збоку, як атрымалася мая першая беларуская песня. Пра гэта могуць разважаць толькі тыя людзі, якія тут нарадзіліся і размаўляюць на гэтай мове з дзяцінства.

— Ёсць праблема, дарэчы, з гэтым. У 1980 годзе, скажам, у нас на цэлы Мінск толькі адзін чалавек вучыўся ў школе па-беларуску. Так што з дзяцінства далёка не ва ўсіх выходзіць гаварыць па-беларуску.

— Вось дзіўна. Украіна была таксама савецкая, але там не да такой ступені дайшло. Тым не менш “Песняры” спявалі па-беларуску. Гонар і слава Мулявіну за гэта. Давайце адраджаць беларускую мову агульнымі сіламі. Ці хаця б захоўваць яе.

budzma.by__wp_content_uplo_7414c18b17ef98406b1b16897b97557b.jpeg

— Раскажыце пра вашу першую беларускамоўную песню.

— Гэта песня “Снег”, перакладзеная на беларускую мову Юрыем Несцярэнкам. Цяпер яна запісаная разам з музыкамі з гурта Apple Tea. У арыгінале яна была напісаная недзе ў 1977 годзе. Асаблівай гісторыі пра яе стварэнне няма. Сеў за піяніна — і напісаў. Лічу, што ў песень наогул не можа быць гісторыі. Калі аўтар пачынае расказвае гісторыі, як з’явіліся яго песні, ён хутчэй за ўсё хлусіць. Упершыню мы яе запісалі ў 1978 годзе, не ведаю, ці захаваўся гэты запіс, а потым у 1980 ці 1981 годзе ўжо з Пецем Падгарадзецкім. Не памятаю, ці запісвалі мы яе калі яшчэ ў студыі, — клянуся, не згадаю. Затое было некалькі выдатных канцэртных версій.

— А хіба “Снег” не быў напісаны для праграмы “Маленький принц”?

— Праграма “Маленький принц” нарадзілася наступным чынам. Адна дзяўчына заўважыла, што некаторыя нашы песні кладуцца ў кантэкст твора Сэнт-Экзюперы. Таму мы сабралі творы, якія пасуюць, і злучылі іх фрагментамі з кнігі. Нічога спецыяльна мы для гэтай праграмы не стваралі і песень для яе не пісалі. “Снег” мы вельмі рэдка выконвалі на канцэртах у тыя часы, таму што ў нас тады наогул не было клавішных інструментаў. Потым з’явіліся клавішныя, якія вельмі аддалена нагадвалі піяніна. Жывы раяль ці піяніна на тыя часы ў тых месцах, дзе мы выступалі, былі вялікай рэдкасцю, таму яна практычна не гучала. Значна пазней, праз 10-годдзе, мы пачалі выконваць “Снег” на канцэртах “Машины времени”, калі з’явілася такая магчымасць.

budzma.by__wp_content_uplo_50bcd79ec2fe8ee36270d0de27f8cb5b.jpeg

— Ці ўкладалі вы свядома ў гэтую песню асацыяцыі з адлігаю?

— Не, гэта занадта прыцягнута за вушы. Адлігі хочацца заўжды, у хоць якой сітуацыі. Асабліва сёння.

— Чаму менавіта “Снег” выбралі для запісу на беларускай мове? Выпадковасць?

— Не, зусім не выпадковасць. У адным з нумароў часопіса “Дзеяслоў” было нямала вершаў і песень маіх, перакладзеных на беларускую. І мне здалося, што менавіта ў гэтай песні найбольш блізка гучаць нашыя мовы, проста па наборы словаў гэта было заўважна. І мне прасцей было з ёй працаваць.

Размаўляў Сяргей Будкін

Фота: Віка Трэнас (са студыі), Аляксандр “Tarantino” Ждановіч (з канцэрта)

Падзякі ў падрыхтоўцы прэм’еры: Юрыю Несцярэнку, Паўлу Юрцэвічу, Андрэю Акатаву і студыі “Осмос”, Уладзіміру Булаўскаму, Алегу Ціханаву, Хрысціне Дарапей, Наталлі Стрыжак, Анжэле Грушчанкавай і клубу Loft, Яну Буслу, Ігару Сацэвічу і гурту Apple Tea.

Андрэй Макарэвіч — Снег

(музыка і словы Андрэя Макарэвіча, пераклад на беларускую Юрыя Несцярэнкі)

Снег. Горад губляе зрок.

Крок

У змрок ад святла, і зноў

Колер, як белы снег.

Горад твой

Стаў караблём,

Лёдам забраны ў палон.

Ты

Ведаеш пэўна, як

Снег

Нам пакідае знак.

Ён робіць заўсёды так,

І горад твой,

Сонцам сагрэты,

Плыве па вясновай вадзе.

Але

Ці дадзена нам зразумець,

Каму

Дзячыць за цеплыню,

Што зводзіць няспынна снег.

Сто доўгіх дзён

Мацнейшым быў ён

І раптам знікае за пяць

Цёплых дзён.