Армагедон Алеся Мары
У чацвер, 3-га верасня, а
17.00 у сталічным Палацы мастацтва адкрыецца выстава твораў выбітнага
беларускага мастака і грамадскага дзеяча Алеся
Мары (Аляксея Марачкіна).
У экспазіцыі “Армагедон”, прымеркаванай да 80-годдзя Алеся Мары — сябры суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, экспануецца больш за 100 жывапісных і графічных працаў.
Выстава дазволіць прасачыць працэс сталення мастака ад ягоных студэнцкіх эцюдаў да вялікіх жывапісных палотнаў, многія з якіх ўжо сталі класікай беларускага жывапісу. Сярод іх — “Вітаўт”, “Мікола Гусоўскі”, “Алаіза Пашкевіч (Цётка)”, “Максім і Вераніка”.
Назва выставы адлюстроўвае актыўную грамадзянскую пазіцыю мастака, пра якую ён смела і паслядоўна заяўляе ўсёй сваёй творчасцю. Алесь Мара заўжды рэагуе на вострыя сацыяльна-палітычныя праблемы беларускага грамадства. Пра гэта сведчыць шэраг яго палотнаў, у тым ліку “Сцяна” (2001), “Плошча” (2010), “Пераможцы” (2010), “Навала” (2013), “Рыцар на ўсе часы” (2014) і нізка “Дровы” (2010-2019). Менавіта гэтыя актуальныя творы, напоўненыя глыбокай трывогай за лёс Бацькаўшчыны, выклікаюць найбольшы грамадскі рэзананс.
Разам з тым, мастака зачароўвае сціплая прыгажосць нашай зямлі. З пачуццём замілавання Алесям Марай напісаны краявіды яго роднай Магілёўшчыны і азёрнай Віцебшчыны, дзе творца хадзіў сцежкамі класіка нацыянальнага выяўленчага мастацтва Язэпа Драздовіча, збіраючы яго ацалелую спадчыну. Увогуле творчасць Язэпа Драздовіча моцна паўплывала на фармаванне прафесійных і грамадзянскіх якасцяў Алеся Мары.
На выставе можна ўбачыць не толькі фігуратыўныя кампазіцыі мастака, але і абстрактныя каляровыя палотны, як даніну памяці знакамітай Віцебскай мастацкай школе стогадовай даўніны.
Упершыню ў Беларусі будуць экспанавацца жывапісныя карціны, створаныя сёлета на пленэры ў Чарнагорыі, дзе падчас пандэміі з-за зачыненых межаў мастаку давялося затрымацца на тры з паловай месяцы.
Сярод графічных працаў Алеся Мары варта звярнуць увагу на ілюстрацыі да паэмы выбітнага айчыннага паэта Уладзіміра Някляева “Вавукі”. У цыкле з 12 аркушаў, які Алесь Мара завершыў напярэдадні адкрыцця выставы, — развагі мастака і паэта пра каханне і жыццё, дадзеныя нам Богам.
Экспазіцыю дапоўняць арыгінальныя аўтарскія інсталяцыі рознай тэматыкі, а таксама дакументальны фільм “Мара” (рэжысёр Уладзімір Арлоў) і дзве кароткаметражныя стужкі, створаныя мастаком на аснове ўласнага кінаархіву.
Выстава будзе працаваць да 17 верасня штодня (апроч панядзелка) з 11:00 да 19:00.