Асобная думка. Адвэнт: час, каб зрабіць інспэкцыю свайго сэрца

Сёлета першая нядзеля Адвэнту трапіла на 1 сьнежня. Гэты перыяд уключае ў сябе 4 тыдні перад Раством (25 сьнежня). Але за елкамі, упрыгожваньнямі і нават падарункамі лёгка згубіць галоўную прычыну сьвята.  

Фота: Павал Хадзінскі

Фота: Павал Хадзінскі

Пачынаецца час традыцыйнай перадсьвяточнай мітусьні, калі ўсе мы сьпяшаемся дастаць з шафы ўлюбёную плястмасавую ялінку, ці прыдбаць сапраўдную елку з чароўным пахам хвоі. Але даволі проста незаўважыць, як у нейкі момант сьвяточнае дрэва ператворыцца ў цэлы лес, пушчу самых розных атрыбутаў Раства – рознакаляровыя шары, шчаўкункі, вяночкі і Санта-Клаўсы... Гэтыя гушчары, нават калі яны растаўленыя зь любоўю, могуць лёгка засланіць тое сьвятло, тую праўду, якую павінен несьці час Адвэнту.

«У Адвэнце мы чакаем падзеі, якая адбываецца ў гісторыі і ў той жа час выходзіць за яе межы» казаў Ян Павал ІІ.

Адвэнт – гэта сьветлы час чаканьня на нараджэньне Хрыста. Менавіта ягонае зьяўленьне на сьвет стала надзеяй для чалавецтва больш за дзьве тысячы гадоў таму. Да якой жа ступені сьвятло гэтай надзеі патрэбнае сёньня, калі паветра насычанае трывожным прадчуваньнем глябальнай ваеннай катастрофы.

У час, калі гукі ракетаў і чэргі аўтаматаў гучаць усё больш звыкла, калі адна за адной краіны сутыкаюцца са спрадвечнай праявай зла – неабходна навучыцца засяроджвацца на надзеі.

«Некаторыя сьвяткуюць Раство як дзень нараджэньня вялікага настаўніка і філёзафа, сказаў прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган у сваім радыёзвароце напярэдадні Растваў 1983 годзе. Але для мільёнаў іншых з нас Езусгэта значна больш. Ён зьяўляецца Боскай, жывой упэўненасьцю ў тым, што Бог так палюбіў сьвет, што даў нам свайго Адзінароднага Сына, каб, паверыўшы ў Яго і навучыўшыся любіць адно аднаго, мы аднойчы маглі быць разам у раі».

Глядзіце таксама

Сёньня час Адвэнту, калі ўсе мы чакаем цудаў, называюць «зімовымі сьвятамі», «сэзоннымі ўрачыстасьцямі» і іншай гульнёй словаў. Але неабходна памятаць аб Тым, хто робіць гэтыя цуды.

І няхай тыя ці іншыя людзі дэклямуюць сваё «сучаснае прачытаньне» Раства, няхай спрабуюць супакоіць свае глыбокія перажываньні праз публічнае непрыманьне хрысьціянскай надзеі на Ўсемагутнага Бога, але кожны з гэтых асобаў, хутчэй за ўсё, падсьвядома імкнецца да таго, што пакуль баіцца назваць сваім імём.

Упрыгожвайце дом, стаўце ялінку, «гуляйце» ў Адвэнт-каляндар, калі ляжыць да гэтага сэрца, але галоўнае – падрыхтуйце месца для «вінаватага» ў Растве – Езуса Хрыста.

Усім – радаснага чаканьня сьвята Божага Нараджэньня.