Багдан Сакалоў: Таварыш Маа знішчае беларушчыну?

Беларуская мова робіцца нават не другой, а трэцяй мовай Беларусі, з сумам зазначае Багдан Сакалоў. І разважае, чаму кітайцы, якія палец аб палец не стукнулі ў пытанні абароны мовы «меншасці», змаглі дасягнуць у культурніцкай экспансіі нашмат большага, чым дзесяцігоддзі апантанай беларушчыны.



china_7.jpg

Вечар. Едзем з сябрам у тралейбусе ды абмяркоўваем пытанне кітайцаў у Беларусі. Пра тое, што хутка Мінск стане напалову China town, а трэцяй дзяржаўнай мовай краіны — кітайская. І тут у размову ўмешваецца хлапец насупраць, які кажа, што ўжо нават беларуская рэклама піцы часцяком дублюецца іерогліфамі. І тут мы ўсе прыйшлі да даволі сумнай высновы: беларуская робіцца нават не другой, а трэцяй мовай Беларусі. Няўжо нават таварыш Маа аказаўся мацнейшым за беларушчыну? Давайце разбірацца.

Мова — важная частка самаідэнтыфікацыі любой нацыі, але пры гэтым не самая галоўная. На жаль, як мы бачым па апошніх падзеях, звязаных з беларушчынай, культ мовы перамог абсалютна ўсе астатнія элементы, як, дарэчы, вышыванка закрыла сабой усю астатнюю культуру беларускага народа. У навінах мы чытаем бясконцыя гімны і ваенныя маршы фанатычных адэптаў мовы, што менавіта гэты крыжовы паход будзе пераможным. А некаторыя райтары заходзяць яшчэ далей, радасна аб’яўляючы прыход залатога стагоддзя беларушчыны. Гэта ўсё, канечне, класна, але тут далёка не толькі апантаныя літвіністы рвуць глоткі ў намаганнях абвергнуць гэты воблачны вобраз.

Любіце піцу? Адкрыйце інстаграм, пагартайце стужку, і вельмі імаверна, што вам трапіцца тая самая вышэйзгаданая рэклама беларускай піцэрыі не на беларускай, а… на кітайскай. Паглядзіце на некаторыя шыльды, асабліва ў аэрапорце, адкуль фактычна і пачалася кітайская моўная экспансія. Але ж чума распаўсюджваецца хутка, і недалёкі час, калі нават назвы вуліц будуць дублявацца мовай народа Маа.

bcj.jpg


Дык чаму кітайцы, якія палец аб палец не стукнулі ў пытанні абароны мовы “меншасці”, змаглі дасягнуць у культурніцкай экспансіі нашмат большага, чым дзесяцігоддзі апантанай беларушчыны?

Калі так паглядзець, то ўся гісторыя чалавецтва — гэта бесперапынная вайна культураў. Егіпцяне, грэкі, рымляне, Еўропа, ЗША, Індыя… Часам гэта вылазіць у выглядзе фізічных баявых дзеянняў, а месцамі… моўна і проста культурна. Напрыклад, ёга — даволі моцны атрыбут індыйскай духоўнай культуры. Даволі складаная мясцовая практыка пайшла на экспарт, крыху спрасцілася і сапраўды захапіла заходні рынак. Ці можна з культурніцкага боку гэта назваць экспансіяй? Я мяркую, што так, бо тут мы маем моцную інтэграцыю загадзя іншай, чужароднай практыкі ў еўрапейскую культуру. Падобная сітуацыя з тымі ж хіджабамі. З аднаго боку, проста культура нашэння галаўных убораў жанчынамі, а ў Еўропе гэта ператварылася ў сапраўдную вайну. Чаму? Бо чужая культура.

І такіх прыкладаў можна вельмі шмат назбіраць, але сутнасць адна: больш моцнае перамагае слабае. Ёга змагла, а хіджабы — не. Дык што, кітайская культура аказалася мацнейшай за беларускую? Хутчэй так, чым не.

Кітайцы захоўваюць сваю культуру і мову цэлымі стагоддзямі, яны доўга варыліся ў сваім соку, менавіта таму кітайцы — моцныя носьбіты сваёй культуры. У іх не так і шмат унутраных культурніцкіх супярэчнасцяў, няма фанатызму ці хейту, бо яна настолькі натуральна інтэграваная ў розумы свайго народа, што тыя проста яе бяруць з сабой і прыносяць паўсюль, дзе б ні былі.

w220_h1000_c_media_katalog_vyshejshaya_shkola_id01370.jpg


Падобную моц у нашым рэгіёне, дарэчы, маюць палякі. Што тут казаць, калі ў Лондане існуе нават сваё польскае радыё! Польскія дыяспары моцныя, а сама краіна робіць усё, каб пашыраць ужытак сваёй культуры. І гэта працуе!




На жаль, гэтага нельга сказаць пра Беларусь. Поўная нацыянальная нявызначанасць, неаднароднасць чытанняў сваёй жа культуры, грамадзянская вайна розначытанняў і моўныя фанатыкі — гэта толькі паслабляе беларускую культуру. Што тут казаць, калі нават мова стала прадметам культу ці хейту, а не натуральнай з’явай кожнага беларуса. І тут праблема з абодвух бакоў — адны топчуць, а другія моляцца і гатовыя перагрызці шыю за яе. Але калі нават у краіне няма хоць нейкай адназначнасці, то пра які экспарт можна весці гаворку? Тут хаця б сваё захаваць, што атрымліваецца ў дадзенай сітуацыі даволі дрэнна.

Менавіта з гэтай прычыны ў Беларусі цяпер амаль поўная гегемонія рускай культуры, Кітай праводзіць лёгкую інтэрвенцыю, а ўкраінскае і польскае поле так прыцягваюць да сябе беларусаў.

І тут вы можаце паспрачацца, прывесці ў прыклад беларусізацыю, вышыванкі і ўвогуле сучасныя працэсы беларушчыны. Але давайце будзем шчырымі: гэта хаця б у Беларусі мае большасць? На жаль, тут даволі малаколькасная прадукцыя, якая ўсё роўна хутчэй нізавая, чым папсовая. І тут двума перакладамі не самых папулярных фільмяцоў ды двума часопісамі не абыдзешся. Трэба праца па поўнай папулярызацыі, прытым такой, каб гэта было прадметам натуральнага масавага гонару, а не пакланення і фанатызму.

Чаму тут дрэнны фанатызм? Бо моцная культура не азначае, што яна павінная быць замкнёнай знутры, не развівацца і нічога звонку не прымаць. Якраз наадварот: тут патрэбная поўная інтэграцыя ў сусветныя працэсы, каб беларуская культура была жыццяздольная і мела магчымасці развівацца па за межамі краіны. На жаль, як і ў філасофіі, тут няма статус-кво — толькі прагрэс ці дэградацыя. А фанатызм заўсёды кансервуе, стварае варожасць да наваколля. Тут выдатным прыкладам з’яўляецца літвінізм, які фактычна робіць ворагамі ўсе астатнія народы былога ВКЛ. Бо адны — злодзеі, іншыя — увогуле малпы, а ёсць толькі адна ісціна — літвінства, што нарадзіла ўсё і ўсіх. На жаль, элементаў літвінізму хапае цяпер нават у незалежных медыях. Зірніце на фармулёўкі гістарычных пастоў, інтэрв’ю і г.д. — ці знаходзіцца тут месца для іншых? Не. Поўная гегемонія беларусацэнтрычнай версіі гісторыі. У сацсетках замест натуральнага гонару за краіну і пытанняў яе сучаснага развіцця — культ беларусаў, вышыванак і мовы. У навінах мы бачым толькі Беларусь і Расію, але нічога добрага пра астатніх суседзяў. А навошта, калі культура замкнёная ўнутры сябе, свайго гета і нічога не бачыць навокал?

І тут успамінаецца легенда пра Нарцыса, які настолькі любіў сябе, што ўрэшце не змог адарваць погляд ад уласнага адлюстравання. Тое самае мы назіраем і з беларускай культурай: пакуль фанатычна глядзім на сябе, краіну захопліваюць іншыя культуры. Нават кітайцы. А як можна нешта развіваць і прымаць меры, калі перад вачамі толькі тваё адлюстраванне? Гэта тое ж самае, што кіраваць машынай, гледзячы толькі ў люстэрка задняга віду.

 Якая тут мараль? Беларускасць павінная стаць натуральнай, з’яднаць вакол сябе ўсіх, але пры гэтым быць адкрытай для сусвету. І для гэтага варта гуртавацца і яднацца, але без крайняга фанатызму. Інакш хутка настане час, калі кітайская стане папулярнейшай за беларускую, а таварыш Маа пачне ўпрыгожваць пакоі мясцовых кабінетаў. Перабольшанне, канечне, але наўрад ці я тут далёкі ад праўды.

budzma.by