Ці ведаеце вы беларускі Парыж?
Пасля падзей 2020 года ў Беларусі Парыж прыняў сотні і тысячы беларусаў. Але і дагэтуль Парыж неаднойчы ў папярэднія стагоддзі і дзесяцігоддзі рабіўся родным для дзясяткаў, калі не сотняў тысяч ураджэнцаў Беларусі.
Хвалі міграцыі з Беларусі безупынку выкідвалі на бераг Сены ўцекачоў ад царскага, потым бальшавіцкага і, нарэшце, лукашысцкага пераследу.
Часам размаітасць беларускай тоеснасці і адсутнасць дзяржавы не спрыялі выразнай ідэнтыфікацыі і дакладнай статыстыцы (вызначэнню агульнай лічбы) беларусаў, якія аселі ў Парыжы ды Францыі наогул. Таму размаітымі застаюцца і беларускія мясціны Парыжа.
Тым не менш, дзякуючы дзейнасці некаторых прынцыповых і адданых беларусаў і беларусак ХХ стагоддзя, асабліва пасля Другой сусветнай вайны, некаторыя мясціны мы цяпер можам лёгка ідэнтыфікаваць і ўнесці ў спіс кропак беларускага маршруту Парыжа.
Перадусім слынныя беларусы Парыжа робяць для нас французскую сталіцу блізкай і ў пэўнай ступені роднай: Лявон Рыдлеўскі, Мікола і Ніна Абрамчыкі, Віктар Жаўняровіч, Аўген Кавалеўскі, Уладзімір Фінькоўскі, Міхась Наумовіч, Леў Гарошка, Уладзімір Шыманец, Аляксандр Надсан, Івонка Сурвіла, Лявон Шыманец, Барыс Забораў, Мікола Паўлоўскі, Віржынія Шыманец і многія іншыя.
Хоць некаторыя з іх потым звязалі жыцці з іншымі месцамі і краінамі, пэўны час яны актыўна дзейнічалі ў Парыжы: Івонка Сурвіла навучалася ў Сарбоне, айцец Леў Гарошка жыў і служыў у капліцы пад Сен-Сюльпіс у Парыжы.
Варта таксама прыгадаць айца Аляксандра Надсана, які хоць і атаясамліваецца перадусім з Лонданам, быў цудоўным франкафонам і часта наведваў Парыж, спыняўся ў слыннай беларускай парыжскай кватэры на вуліцы дэ Гравіе, 65.
У гэтай кватэры таксам жыў прыгаданы ўжо айцец Леў Гарошка, дзе пачаў выдаваць «Божым шляхам» і складаць беларуска-французскі і французска-беларускі слоўнік.
Пасля ягонай смерці а. Аляксандр Надсан аднавіў кватэру і зрабіў з яе беларускую капліцу.
У кватэры на вуліцы дэ Гравіе, 65 таксама пэўны час жылі Абрамчыкі. Ніна Абрамчык супрацоўнічала з Музеем Чалавека, што на пляцы Тракадэро, з якога адкрываецца цудоўная панарама на Эйфелеву вежу. На слынных могілках Пер-Лашэз пахавана пара Абрамчыкаў.
Каля Парыжа ў Сартрувілі жылі пасля вайны беларусы, у прыватнасці, сям'я Шыманцоў.
Абавязковым пуктам наведвання ў Парыжы, паводле парады айца Аляксандра Надсана, з’яўляецца Інстытут славянскіх даследаванняў пры Сарбоне.
Як раіў пры жыцці ў Лондане айцец Аляксандр, кожны беларусіст павінен пакорпацца ў архівах Інстытута славянскіх даследаванняў.
Варта зазірнуць і ў бібліятэку Цэнтра Пампіду, дзе ёсць цікавая беларуская палічка.
А яшчэ цікавыя і рэдкія матэрыялы па беларусістыцы можна адшукаць у Нацыянальнай бібліятэцы Францыі.
Новыя хвалі беларускай эміграцыі пішуць сваю гісторыю, пакуль часта адарваную і ніяк не звязаную з той, што стварылі беларусы ХХ стагоддзя.
Вельмі часта новая беларуская эміграцыя мае свой культурны код, размаўляе на рускай мове, а таму няма пераемнасці паміж старой беларускай эміграцыяй і новай.
Мажліва, калісьці іх шляхі скрыжуюцца, мажліва, калісьці будзе напісана новая поўная гісторыя беларусаў Парыжа ды Францыі наогул. А пакуль варта не забыць месцы памяці беларусаў Парыжа ХХ стагоддзя, па якіх пройдуцца новыя пакаленні беларускай эміграцыі і раптам знойдуць сябе ў чужым і адначасова такім родным месцы.
Зрэшты, мясціны памяці беларусаў Парыжа ХХ стагоддзя застаюцца цікавымі арыенцірамі для цікаўных беларускіх турыстаў, якія шукаюць родныя і адначасова экзатычныя маршруты.