Без Нарвілішак гэта будзе не «Be2gether»

З 25 па 27 чэрвеня ў памежнай беларуска-літоўскай вёсцы Нарвілішкі адбыўся ўжо традыцыйны музычны фестываль «Be2gether». Сотні аматараў музыкі з Беларусі, Літвы і прылеглых да іх краінаў сабраліся на вялікім полі, каб увасобіць галоўную ідэю мерапрыемства — роўнасць і еднасць, незалежна ад узросту, нацыянальнасці, колеру скуры і прыналежнасці ці не да ліку грамадзян Еўрасаюза. (На здымку:  Трэці дзень фестываля сустрэў  нас сонцам, радасцю і новымі культурнымі прапановамі)



2b6921f2c64dee16ba21ebf17f3c2c92.jpg

З 25 па 27 чэрвеня ў памежнай беларуска-літоўскай вёсцы Нарвілішкі адбыўся ўжо традыцыйны музычны фестываль «Be2gether». Сотні аматараў музыкі з Беларусі, Літвы і прылеглых да іх краінаў сабраліся на вялікім полі, каб увасобіць галоўную ідэю мерапрыемства — роўнасць і еднасць, незалежна ад узросту, нацыянальнасці, колеру скуры і прыналежнасці ці не да ліку грамадзян Еўрасаюза.

(На здымку:  Трэці дзень фестываля сустрэў  нас сонцам, радасцю і новымі культурнымі прапановамі)


Люлька Сталіна
Фестываль «Be2gether» па сваёй сутнасці — гэта кактэйль з шоу-бізнесу, культурніцкага рамантызму і кампаніі па барацьбе за правы чалавека. На выхадзе атрымліваецца вельмі спецыфічная атмасфера закрытай клубнай вечарынкі пад адкрытым небам. Страціўшы дзесяць гадзін на тое, каб пераадолець нейкія 250 кіламетраў ад дома да месца фестывалю і прайшоўшы ўсе памежныя кантролі, ты трапляеш у месца, дзе любая падобная падзея здавалася б немагчымай. Але менавіта праз гэту немагчымасць усё і адбываецца.
Нарвілішкі — вёска, што месціцца ў знакамітым анклаве Літвы ў тэрыторыі Беларусі. Паводле старога анекдоту, падчас падзелу тэрыторыі СССР на межы Іосіф Сталін паклаў у гэтым месцы на мапу люльку, а картограф так баяўся ГУЛАГу, што не адважыўся ссунуць яе крыху на поўдзень…
Тут некалькі год таму літоўскі бізнесовец Гедрус Клімкявічус купіў і адрэстаўраваў рэнесансны замак, які не проста знаходзіцца ў памежнай зоне, а ўпрытул падыходзіць да дзяржаўнай мяжы. З цягам часу яму стала сумна сузіраць усю гэтую прыгажосць на самоце. Было прынята рашэнне прыцягнуць размаітую публіку ў анклаў, — а заадно і далучыць да праблемы анклаву. Менавіта таму, нягледзячы на камерцыйную немэтазгоднасць ператва­раць такі глухі кут у фестывальную пляцоўку, месца сваёй дыслакацыі, па словах арганізатараў, «Be2gether» не памяняе.
«Фестываль нарадзіўся тут, у Нарвілішках, — кажа Эгле Рэмеікайтэ, маркетынг-менеджэр праекта, — без Нарвілішак гэта будзе ўжо нейкі іншы фестываль, не «Be2gether». Гаворка не пра палітычныя сістэмы — гаворка пра людзей. Жыхары гэтага анклаву адрэзаныя мяжой ад сваіх родных у Беларусі: яны жывуць у суседніх вёсках, але не могуць бачыцца». Сімвалам уз’яднання сем’яў на памежнай тэрыторыі каторы ўжо год стаецца супольнае беларуска-літоўскае свята музыкі, мастацтваў і добрага настрою.
Што ні край, то абычай
Цікава, што патэнцыйныя наведнікі фестывалю з Беларусі і Літвы па-рознаму ўспрыма­юць гэту падзею. Для беларусаў «Be2gether», поруч з польскім «Басовішчам» і ўкраінскім «Be Free» — адзін з замежных фэстаў, дзе, тым не менш, можна пачуць незалежных айчынных выканаўцаў, і, чаго граху таіць, падтрымаць куміраў, уволю намахаўшыся нацыянальнай сімволікай.
Палітычны кантэкст абавязковы для беларусаў — інакш няясна, чаму ўвогуле ладзіць нешта такое на беларуска-нейкай мяжы. Ад гэтага стэрэатыпу стараюцца адыйсці беларускія менеджэры праекту. З літоўскага ж боку пра такую спецыфіку ўспрыняцця фэсту ў Беларусі ўвогуле не задумваюцца. Па словах Эгле Рэмеікайтэ, увага літоўскай публікі нязменна прыцягнутая да «Be2gether», бо гэта самы вялікі оўпэн-эйр фестываль у Літве. Літоўцы едуць, каб пачуць модную ў гэтым сезоне айчынную і сусветную музыку.


Адчуваецца розніцца і ў кантынгенце, які сцякаецца на фэст з дзвюх краінаў. З Літвы едуць людзі студэнцкага, а то і наўпрост школьнага веку. Беларускаму школьніку ці студэнту адважыцца на замежны ваяж складаней, таму сярэдні ўзрост беларускіх наведнікаў з выгляду год на 5 вышэйшы. «Літоўцы сталага веку, — кажа Эгле Рэмеікайтэ, — былі ў захапленні ад спісу выступоўцаў, але іх не задаволілі паходныя ўмовы, у якіх давялося б жыць: намётавае мястэчка, душ на вуліцы…» У той жа час мела месца сумная акалічнасць «Be2gether»: безліч беларусаў, якія купілі білеты на фестываль, скарысталіся імі, каб адкрыць бясплатныя візы і павандраваць у гэты час па Еўропе — па сваёй, так бы мовіць, праграме.
Такім чынам, калі перад вамі расслаблены 20-гадовы юнак у афрыканскіх фенечках або бэйбус спартовага целаскладу, увесь перамазаны фірмовай be2getherскай гразёю са спецыяльнага басейна, — то ён хутчэй за ўсё з Вільні або Коўна. Калі ж перад вамі засяроджаны 30-гадовы таварыш з прамым сталёвым позіркам, — ён, верагодна, з Гродна або Мінску. Апроч таго, нацыянальная прыналежнасць беларуса амаль абавязкова прапісаная на яго майцы. «Нельга сказаць, што на фестывалі зусім няма «беларусаў як літоўцаў», — кажа Алеся, фестывальшчыца са стажам, — але іх заўважна меней. У асноўным прыязджаюць «свядомыя», якія лічаць наведванне такіх мерапрыемстваў сваім абавязкам».
У выніку невялікая адносна нават папярэдніх гадоў колькасць удзельнікаў, хоць і засмуціла арганізатараў, паспрыяла камфорту тых, хто даехаў. Фестывальныя дні праходзілі ў атмасферы «меней народу — болей кіслароду».
«Выбіраючы хэдлайнераў для сёлетняга фестывалю, — кажа Эгле Рэмеікайтэ, мы арыентаваліся на густы публікі па абодва бакі мяжы. Але, вядома ж, усім дага­дзіць немагчыма». Напрыклад, навіна пра тое, што ў Нарвілішках выступіць гурт «Empire of the Sun» выклікала безліч захаплення ў літоўцаў. А вось гурт «Skunk Anansie» апынуўся культавым сярод беларусаў, аднак літоўцы яго віталі стрымана. «Гэта нармальная сітуацыя, — тлумачыць Эгле, — розныя краіны, розныя інфаканалы, розныя традыцыі спажывання музыкі». Апроч таго, арганізатары імкнуліся прадставіць усе накірункі музыкі: рок, хіп-хоп, фолк, ды-джэінг.


Музыка без межаў
Наведнікамі фестывалю сталі таксама латышы, палякі, расіяне, украінцы. Было даволі шмат наведнікаў з Вялікабрытаніі — дзякуючы танным авіяпералётам у Літву. Усе гэтыя нацыі, па словах арт-менеджэра галерэі «Ў» Ганны Чыстасердавай, пабывалі за час фестывалю ў павільёне галерэі: «Мы працавалі фактычна круглыя суткі. З пятніцы на суботу фактычна да шостай ранку ў нас адбывалася свята. Я не магу сказаць, што літара «Ў» прывабіла больш беларусаў, чым замежнікаў». Дэвіз фестывалю — «Музыка адчыняе межы» — Ганна гатовая напісаць і на сваім шчыце: «Наш павільён быў супольным, беларуска-літоўскім. Тут выступалі ды-джэі з абедзвюх краінаў, мы ладзілі інтэрнацыянальны паэтычны слэм». Беларускія гурты «Akute» ды «Cherryvata», адвыступаўшы на фестывальных пляцоўках, ладзілі тут акустычныя выступы. «Гэта вельмі добра, што запрасілі так шмат гуртоў з Беларусі, гэта добры прамоўшн для нашай музыкі».
Адзін з галоўных прынцыпаў фестывалю — празрыстасць. Гаспадар фестывалю Гедрус Клімкявічус адкрыў свой замак для наведнікаў, а сам лічыў за лепшае злівацца з фестывальным натоўпам, адмаўляючыся ад інтэрв’ю. «Вы лёгка яго пазнаеце. Ён нечым падобны да Шрэка і ўвесь свеціцца ад задавальнення», — інструктуюць у прэс-цэнтры. Незаўважнасць арганізатараў стварала ілюзію, што на «Be2gether» усё адбываецца само сабою, хоць, вядома ж, за ўсім мерапрыемствам стаяла тытанічная супольная праца.
Што станецца з фестывалем, калі раптам скасуюць беларуска-літоўскую мяжу? Бо без такой штучнай перашкоды гэта, перафразоўваючы Эгле, будзе ўжо не «Be2gether». Але, кажуць арганізатары, фэст будзе право­дзіцца і далей. А калі мяжу ўсё ж скасуюць, у гэтым яны пабачаць і сваю невялічкую заслугу.