Беларускія акцэнты «Камяніцы–2012»

Асноўным адрозненнем сёлетняга фэсту «Камяніца» павінна была стаць аматарская сцэна. Мэта — стварыць рэзерв для айчыннай фолк-музыкі і пазнаёміць слухачоў з юнымі выканаўцамі і гуртамі. Кіраваць аматарскай сцэнай запрасілі вядомую беларускую спявачку, лідара фолк-праекта «Shuma» Русю. Канцэртную пляцоўку на тэрыторыі экспазіцыі Музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах размясцілі побач з уніяцкай царквой XVIII стагоддзя.
 



16_2_v_vieras_i_rudabieljskija_zoracki.jpg

Варвара Верас і «Рудабельскія зорачкі»

Удзельнікамі сцэны сталі 157 выканаўцаў, якія прадставілі самыя разнастайныя ўзоры народнай музычнай творчасці — спевы, танцы, каляндарныя абрады і народныя жарты. Узрост і геаграфія ўдзельнікаў таксама былі розныя: напрыклад, дзіцячы фальклорны калектыў «Чарнабрыўцы» (кіраўнік Р. Басаў) складаўся з выхаванцаў Маркавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскай вобласці, а ўдзельніцай узорнага фальклорнага ансамбля «Рудабельскія зорачкі» (пад кіраўніцтвам В. Дульскай) стала сапраўдная аўтэнтычная спявачка Варвара Данілаўна Верас, якой споўнілася 86 гадоў!
Гэтыя гурты спявалі народныя песні Гомельшчны, іншыя ж прадстаўлялі Міншчыну, Гродзеншчыну. А вось салістка знакамітага ўжо ў беларускім эмігранцкім асяродку фальклорнага гурта «Яваровы людзі» прадставіла на фэсце творчасць нашых суайчыннікаў з далёкай Канады. Безумоўна, слухачоў, якія завіталі на канцэрт маладых фолк-выканаўцаў, не магла не ўразіць станоўчая энергетыка таленавітых дзяўчат і хлопцаў. Гэты фальклорны марафон стаў лепшым сведчаннем таго, што беларушчына можа быць прывабнай і для сучаснай моладзі, якая выхаваная на «віртуальна-кампутарных» праявах глабалізаванай поп-культуры.
Далей фестывальны шлях да галоўнай сцэны «Камяніцы–2012» праходзіў праз «Горад майстроў». Тут можна было набыць і творы выяўленчага мастацтва, і разьбу па дрэве, і ювелірныя ўпрыгожанні. Бела-чырвоная гама нацыянальных строяў, у якіх былі апранутыя ўдзельнікі і многія наведвальнікі, — кашуль і намітак, золата саламяных капелюшоў, стварала святочны настрой.
Пасля прывітальных прамоў на сцэну быў запрошаны фальклорны гурт «Ліцвіны» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Берберава. Гэты гурт ужо даўненька не радаваў сваіх прыхільнікаў канцэртамі і ўдзелам у фолк-фэстах. Таму яго сэт чакаўся з асаблівым інтарэсам. Пасля выступу сталася бясспрэчным: «Ліцвіны» застаюцца самымі паслядоўнымі прыхільнікамі аўтэнтычнасці рэпертуару і выканання нацыянальнага фальклору.
Іншую музычную стыхію, якую можна ўмоўна назваць фолк-фэнтэзі, прапанавалі музыканты з гурта «Irdorah» (Гродна). Тон усёй драйвавай музычнай канве гурта задаюць выканаўцы на нямецкіх дудах — дудэльзаках У. Калач і Н. Гапава, якія прадстаўляюць свае творы ў лепшых еўрапейскіх традыцыях рэканструкцыі сярэднявечнай музычнай спадчыны.
Музыканты «Irdorah» выканалі свае творы на трох мовах — венгерскіх цыган, старафранцузскай і рускай. Толькі не на сваёй, беларускай, што патлумачылі так: «Беларусь такая толерантная страна!» Трэба было чуць каментары слухачоў на гэты пасаж: «Ага, вось такая талерантнасць, што ні слова на роднай мове!» Нам жа застаецца спадзявацца, што таленавітыя гродзенскія музыкі ўсё ж зразумеюць, што беларускі гурт, калі ён спадзяецца на творчае прызнанне, не павінен ігнараваць нацыянальную музычную спадчыну і мову сваёй краіны. Бо яны з’яўляюцца неад’емнай часткай еўрапейскага арэалу, без якога агульная культурная палітра Старога Свету не будзе поўнай. Нават у абранай «Irdorah» стылістыцы фолк-фэнтэзі.
Гэты тэзіс, толькі ў галіне дызайну вопраткі, быў пацверджаны цудоўнай калекцыяй нацыянальных строяў, якія былі зроблены спецыялістамі навукова-вытворчага прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў «Скарбніца» і прадэманстраваны на фэсце. Сапраўды, беларускія дзяўчаты ў гэтых рэканструяваных касцюмах паводле традыцыйных узораў падчас дэфіле выглядалі проста чароўнымі, а іх строі — сучаснымі і па-еўрапейску моднымі.
Дарэчы, тэма нацыянальнага на «Камяніцы–2012» мела свой працяг і для слухачоў: у рамках фэсту адбыўся конкурс для тых, хто завітаў на яго ў беларускіх народных строях. Удзельнікамі сталі пяць пар моладзі з Полацка, Магілёва, Івянца, Мінска і Мінскай вобласці. Па рашэнню журы конкурсу ўсе яны былі ўзнагароджаны магчымасцю наведаць рэстарацыю «Камяніца» і бясплатна там правесці вечар за беларускімі стравамі і напоямі. Сапраўды, цудоўная традыцыя фестывалю, і за гэтую ініцыятыву вялікі дзякуй уладальніку рэстарана беларускай кухні «Камяніца» Сяргею Чагрынцу!
Цікавай неспадзяванкай, якая здарылася пасля адмены сэтаў заяўленых раней «Крамбамбулі» і «UR’IA», стала выступленне гурта «VuRaj» (як яны сябе называюць, «палескім музычна-вандроўным аркестрыкам»), які сваімі рытмічнымі мелодыямі прымусіў слухачоў успомніць, што фэст на «адкрытым паветры» і праводзіцца, каб танчыць, вадзіць карагоды — выяўляць свае эмоцыі без абмежаванняў.
У праграме фэсту было дастаткова знакамітых імёнаў, але сустракаліся і зусім не вядомыя аматарам фолк-музыкі выканаўцы. Адным з такіх «цёмных конікаў» на «Камяніцы» стаў гурт «Silver Sky». Трэба адзначыць, што ўдзельнікі гэтай каманды, якая арыентуецца на metal-напрамак у рок-музыцы, яшчэ зусім не маюць вопыту ўдзелу ў фолк-фэстах. Гэтая акалічнасць адбілася і на ўражаннях слухачоў фэсту: музыка «Silver Sky» многім з іх падалася даволі далёкай ад фальклорных крыніц, ад мэтаў фестывалю «Камяніца».
Затое прадстаўнікі сярэдняй генерацыі айчыннага фолк-напрамку — гурты «FolkRoll» і Наста Някрасава, «PAWA», «пажарны аркестр» «Гаротніца» не пакінулі абыякавымі на фэсце нікога. Тут можна адзначыць камерна-авангардныя з джазавым ухілам апрацоўкі фальклору ад Насты Някрасавай.
Асобна хацелася б спыніцца на сэце ўзыходзячай зоркі беларускай рок-сцэны. Выступленне гурта «Rel1kt» выклікала сапраўдны фурор сярод слухачоў. Музыканты прадэманстравалі, што фальклорным кампазіцыям з дапамогай сучаснага «цяжкага» рок-гучання можна надаць новыя рысы, якія стануць вельмі блізкімі сучаснікам. Відавочна таму з такім імпэтам слухачамі былі сустрэты кампазіцыі гурта «Rel1kt» паводле фальклору «Ой, рана на Йвана», «Чаго ты, лося», а таксама фальклорны твор з сольнага праекта І. Кірчука.
Асаблівай увагай слухачоў фэсту «Камяніца» былі ўшанаваныя госці Беларусі — вядомы расійскі электронна-этнічны праект «Иван Купала». Гурт з гонарам прэзентаваў беларускім слухачам прэм’ерны альбомам «Родина», створаны на аснове песеннага фальклору Беларускага Палесся. І хоць назвы песень былі ў традыцыях гэтага гурта («Дятел», «Заенька», «Канарейка», «Стол», «Коледа», «Брови», «Канюшня», «Родина»), выконваліся яны, як падкрэслівалі самі музыкі, «практически на белорусском языке»!
З музычнага пункту гледжання кампазіцыі гурта «Иван Купала» ўяўляюць сабой рытмічныя і меладычны структуры, якія выбудоўваюцца з дапамогай шматлікіх электронных сінтэзатараў, сэмплераў і сучасных кампутарных праграм. Праўда, у электроннай палітры праекта знаходзіцца месца і традыцыйнай рускай балалайцы, гармоніку і бубну.
На фінал сэта «Ивана Купалы» музыкантамі быў падрыхтаваны сюрпрыз: сумеснае з вядучым фэсту — лідарам гурта «Палац» Алегам Хаменкам — выкананне песні «Сваточкі». Разам расійскія і беларускія музыканты стварылі непаўторны вобраз славянскай песеннай спадчыны, да якой трэба падыходзіць не толькі з піетэтам прафесіянала, але адчуць яе сэрцам. Каб надоўга захаваць скарбы беларускага народа, даць ім новае жыццё ў сучасных умовах. Адзначу, што гэтым разам удзельнікі фолк-фэста «Камяніца» зрабілі значны крок у гэтым напрамку.