Беларусь як інтэлектуальная праблема

24 траўня Лятучы ўніверсітэт ладзіць у Віцебску першую публічную лекцыю з цыклу "Urbi et Orbi". На тэму "Беларусь як інтэлектуальная праблема" разважае філосаф Ігар Бабкоў.



afisha_4_.jpg

Вось ужо два гады, як Лятучы ўніверсітэт распачаў у Мінску цыкл публічных лекцый “Urbi et Orbi”. Назва цыкла — не проста гучны слоган, арганізатары задумвалі гэтыя лекцыі як тое месца, дзе можна пачуць важныя, актуальныя выказванні пра сучасную Беларусь, якія маюць патэнцыял стаць арыенцірам у грамадскім і ў індывідуальным жыцці беларусаў.

За гэты час у межах  Лятучага ўніверсітэту было арганізавана болей за трыццаць лекцый, падчас якіх вядомыя інтэлектуалы, мастакі, культурныя і грамадскія дзеячы мелі магчымасць данесці да шырокага кола людзей думкі, ідэі і праблемы, якім прасвячаюць сваё жыццё і творчасць. У сезоне 2012–2013 г.г. універсітэт адчыніў рэгіянальную пляцоўку публічных лекцый у Магілёве.

Цыкл UrbietOrbi” ў Віцебску пачнецца з лекцыі філосафа, паэта і празаіка Ігара Бабкова. Лектар запрашае слухачоў да дыскусіі пра беларускую традыцыю, што выступае адной з версій разважання пра Беларусь як “інтэлектуальную праблему”. У прадмове да сваёй лекцыі філосаф кажа:

“За апошняе дзесяцігоддзе Беларусь стала важнай і нават моднай інтэлектуальнай праблемай. Беларуская ідэнтычнасць, беларуская ідэя і беларускі дыскурс, тутэйшасць і новае беларускае кіно, беларускі постмадэрн і трэш-літаратура — усё гэта заняло сваё мейсца на сцэне публічнай увагі, канчаткова пакінуўшы ў мінулым (і для мінулага) панылыя галашэнні і скаргі на адсутнасць. І цяпер мы гатовыя зрабіць наступны крок — распачаць гаворку пра беларускую традыцыю“.

Публічная прамова Ігара Бабкова "Беларусь як інтэлектуальная праблема" адбудзецца 24траўня 2013 года па адрасе: г. Віцебск, вул. Белабародава 5, вялікая заля “Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва”. Пачатак а 18.00.

Уваход вольны!