Продаж квіткоў на «Славянскі базар у Віцебску» пачаўся з ажыятажу

27 траўня ў Віцебску пачаўся продаж квіткоў на канцэрты XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», якія пройдуць на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы форума Летнім амфітэатры.



bazar.jpg

У найбліжэйшай да амфітэатра канцэртнай касы з'явілася самая вялікая чарга за фестывальнымі квіткамі, якую даводзілася назіраць карэспандэнту «Народны навін Віцебска». У 10:00 тут сабралася больш ста чалавек, але жывы ланцужок аматараў эстраднай музыкі працягваў павялічвацца. Па словах жыхароў Віцебска, якія тут стаялі, каб завалодаць лепшымі месцамі яны прыйшлі да кас яшчэ ў шэсць гадзін раніцы.

У скверы Маякоўскага ў касы побач з дырэкцыяй фестывалю сабралася «ўсяго» шэсць дзясяткаў чалавек. Прыкладна столькі ж — у касы на вуліцы Кірава. Як звычайна, квіткі закупляюцца на ўсю сям'ю і сваякоў, кансультацыі пра даступныя месцы і кошты адбываюцца па тэлефоне, таму чарга рухаецца вельмі павольна.

Білетная каса ў падземным пераходзе на Плошчы перамогі па нейкіх прычынах не працуе. У касы побач з гандлёвым цэнтрам «Кантынент» на праспекце Будаўнікоў у 12:00 карэспандэнт «Народных навін Віцебска» заспеў больш шасцідзесяці чалавек, але зранку таксама было пад сотню, паведамляюць тыя, хто стаіць у чарзе.

Пакуль прадаюцца квіткі толькі на канцэрты ў Летнім амфітэатры, а на астатнія пляцоўкі «Славянскага базару-2013» з'явяцца ў продажы з 3 чэрвеня. Самыя дарагія квіткі на канцэрт адкрыцця — сёлета кошт месца ў лепшых сектарах складае 980 000 рублёў (113 даляраў). Найболей танны ўваход на конкурсныя канцэрты — ад 30 000 рублёў на дзіцячы конкурс, які будзе праходзіць у канцэртнай зале «Віцебск», і ад 45 000 рублёў на дарослы ў амфітэатры.

Народныя навіны Віцебска