Больш за сто музыкаў выступілі на адной сцэне ў Мінску (+фота)
Упершыню фестывальная сцэна «Класікі каля Ратушы з velcom» прыняла такую колькасць выступоўцаў адначасова: у склад I, Culture Orchestra ўваходзяць 103 музыкi. Для таго, каб канцэрт стаў магчымым, арганізатарам прыйшлося павялічыць прастору сцэны ў два разы.
У гэтым годзе аркестрам кіруе дырыжор з сусветным імем Андрэй Барэйка, выдатны музыкант з вялікім сімфанічным рэпертуарам. Канцэрт «Класіка без межаў» у рамках фестывалю «Класіка каля ратушы з velcom» стаў дэбютным выступам калектыву перад беларускай публікай пад кіраўніцтвам маэстра.
Ева-Богуш Мур, дырэктар аркестра «I, Culture Orchestra» кажа пра тое, што першы раз аркестр у Мінску выступаў пяць гадоў таму. Музыкі перад тым, як патрапіць у аркестр, праходзяць праслухоўванне. А навучанне вядзецца на трох мовах — полськай, англійскай і рускай. “Як добра, што Андрэй Барэйка ўсімі гэтымі мовамі валодае”, — усміхнулася Ева.
«На адной сцэне выступіла больш за сто музыкаў з абсалютна розных краін. І гэта азначае толькі тое, што, сапраўды, у камунікацыі няма межаў», — выказаў свае ўражанні Вячаслаў Смірноў, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom.
Рэпертуар аркестра — рознабаковы. Музыкі выканалі творы Юліаша Зарэмбскага, Ферэнца Ліста, «Фантастычную сімфонію» Гектара Берліёза, арыю ў інструментальнай апрацоўцы з оперы «Галька» Станіслава Манюшкі.
Матэуш Адамскі, дырэктар Польскага інстытута ў Мінскe бачыць у канцэрце аб’яднальную функцыю культуры: «Той факт, што сёння тут удзельнічаюць музыкі з сямі краін — гэта найлепшы доказ таго, што культура аб’ядноўвае. Яна лучыць людзей нягледзячы на розныя веравызнанні і розныя палітычныя погляды».
Арганізатарамі канцэрта выступілі Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча, Інстытут Адама Міцкевіча ў Варшаве, Польскі Інстытут у Мінску пры генеральнай падтрымцы кампаніі velcom.
фота Паўла Аксіновіча
Андрэй Барэйка нарадзіўся і атрымаў музычную адукацыю ў Ленінградзе, мае польска-рускія карані. Актыўнае развіццё міжнароднай кар'еры дырыжора пачалося з 1991 года. Кіраваў Познаньскім філарманічным аркестрам, Енскім філарманічным аркестрам, Лонданскім філарманічным аркестрам, Аркестрам філармоніі г. Лос-Анджэлес (ЗША) і інш. З 2012 г. маэстра Барэйка з'яўляецца мастацкім кіраўніком Нацыянальнага аркестра Бельгіі, а з 2014 г. - музычным дырэктарам Naples Philharmonic ць Фларыдзе (ЗША). Таксама выконвае ролю першага запрошанага дырыжора Нацыянальнага аркестра Краіны баскаў (Orquesta Sinfónica de Euskadi).