«Будзьме» — год!

Старажытны шляхецкі тост — дзеяслоў загаднага ладу «Будзьма!» цягам апошняга года ператварыўся ў беларускім слэнгу ў назоўнік. «Будзьма, будзьмы, будзьме, пра будзьму, з будзьмай», — скланяюць беларусы. 1 кастрычніка 2009 года унікальнай грамадскай ініцыятыве «Будзьма беларусамі!» споўніўся год.



ff49cc40a8890e6a60f40ff3026d2730.jpg

Старажытны шляхецкі тост — дзеяслоў загаднага ладу «Будзьма!» цягам апошняга года ператварыўся ў беларускім слэнгу ў назоўнік. «Будзьма, будзьмы, будзьме, пра будзьму, з будзьмай», — скланяюць беларусы. 1 кастрычніка 2009 года унікальнай грамадскай ініцыятыве «Будзьма беларусамі!» споўніўся год.
Год таму кампанію ініцыявалі дзесяць грамадскіх арганізацый, сёння іх ужо 31. Акрамя гэтага, да арганізацыі і правядзення імпрэзаў кампаніі цягам года далучыліся яшчэ 92 «культурныя адзінкі» — арганізацыі і ўстановы, рэдакцыі СМІ і інтэрнэт-рэсурсы, творчыя асобы і калектывы. За год па ўсёй Беларусі прайшло больш за 900 імпрэзаў: выставы, канцэрты, экскурсіі, літаратурныя сустрэчы, гістарычныя лекцыі, шоу беларушчыны, курсы беларускай мовы, прэзентацыі кніг і часопісаў ды інш. Гледачамі і ўдзельнікамі нашых мерапрыемстваў сталі каля 75 000 чалавек у амаль 150 населеных пунктах Беларусі. Былі рэалізаваныя праекты: «Як я стаў беларусам», «Тузін. Перазагрузка», «Паганства», фотаконкурсы «Будзьма беларусамі!» і «Турыстычная Беларусь». Выдадзена цэлая серыя бясплатных дызайнерскіх паштовак «Будзьма!», музычны дыск «The best Folk-modern». Скончана праца над дыскам-двайніком «Budzma the best rock».
«Першы год правядзення кампаніі прадэманстраваў: попыт на сучасны беларускі культурны прадукт значна перавышае прапанову. І вырашыць гэту праблему можна толькі супольнымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых бакоў. Паасобку ні грамадскія арганізацыі, ні дзяржаўныя структуры такі попыт задаволіць не ў стане. І толькі аб’яднаўшы намаганні, можна данесці да людзей усё багацце сучаснай беларускай культуры, якая з’яўляецца падмуркам для фармавання мадэрнай беларускай нацыі, — канстатуе прэс-служба грамадскай кампаніі. — Інфармацыйная пляцоўка кампаніі «Будзьма беларусамі!» — сайт budzma.org — ператвараецца ва унікальны культурніцкі інтэрнэт-рэсурс. На ім месцяцца не толькі навіны кампаніі, але і дайджэст навінаў, якія датычаць сучасных культурна-грамадскіх актуалій Беларусі, а таксама ўласная інфармацыйна-інтэлектуальная прадукцыя: рэпартажы з культурніцкіх імпрэзаў, кніжныя рэцэнзіі, аўтарскія праекты. Наведвальнасць сайта расце з кожным днём».
Ад сябе дадам, што, магчыма, упершыню ў гісторыі незалежнай беларускай мас-культуры ў жыццёвую прастору трапіла столькі прывабных і густоўных «фенечак». Фірмовая торбачка budzma.org — жаданы сувенір для асобаў нефармальнага мыслення любога веку, а ярка-чырвоныя футболкі з лагатыпам кампаніі выпускаюцца і дзіцячыя, і дарослыя, і мужчынскія, і жаночыя — да твару любому беларусу, беларусцы, беларусіку. Прыемна насіць і рэкламаваць добрую справу. Будзьма!
---------------------------------------------------------


«Будзьмаўцы» пра «Будзьма!»

Ніна Шыдлоўская:
— Не сакрэт, што цэнтрам культурнага жыцця краіны з’яўляецца сталіца. Дзякуючы імпрэзам кампаніі «Будзьма беларусамі!» шмат людзей у рэгіёнах упершыню дазналіся пра розных творцаў і творчых праектаў сучаснай беларускай культуры.
Ігар Лялькоў:
— За год культурніцкія акцыі нашай кампаніі наведалі дзесяткі тысяч людзей. Самае прыемнае, што сярод гледачоў і слухачоў не было выразнага падзелу на беларускамоўных і рускамоўных, юных і сталых, бяднейшых і заможнейшых. Імпрэзы «Будзьма беларусамі!» выявіліся аднолькава цікавымі для ўсіх. Мы з радасцю пераканаліся, што сапраўды якасная культура спрыяе паўстанню агульнанацыянальнай культурнай прасторы. Людзі жадаюць усведамляць сваю прыналежнасць да адзінага народа, і культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» дапамагае ім у гэтым.
Алена Макоўская:
— Радуе, наколькі спрыяльна да імпрэзаў «Будзьма беларусамі!» ставіліся ў бібліятэках, дамах культуры, музеях, галерэях, навучальных установах. Вельмі прыемна, што многія звярталіся паўторна. Нам адмаўлялі ў правядзенні імпрэзаў у межах кампаніі вельмі рэдка.
Севярын Квяткоўскі:
— Быць беларусам — гэта клёва! Гэта сучасна, гэта модна, гэта перспектыўна. Ведаць гісторыю і культуру і бачыць перспектыву — вось што значыць быць беларусам. Такое ўражанне складаюць наведнікі сайту budzma.org. За год склалася кола сталых наведнікаў, якое ўвесь час павялічваецца. Пераважна гэта моладзь да 24-х гадоў.