Доўгая дарога дадому. Як вярталі на радзіму астанкі знакамітых беларусаў
Былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу звяртае ўвагу на культурную, нацыяўтваральную спадчыну — а дакладней на імёны знакавых для Беларусі людзей, якія памерлі не на радзіме і чые астанкі даводзілася вяртаць.
«Пульс Леніна-19» адкрывае трылогію пра вяртанне ў Беларусь астанкаў знакамітых беларусаў і беларусак з ліку сапраўды значных, нацыяўтваральных.
У гэтым і наступным выпуску размова пойдзе пра найбольш гучныя перапахаванні за ўсю беларускую гісторыю. У трэцім, заключным — пра астанкі тых вялікіх беларусаў, якія спачываюць за мяжой, што яшчэ чакаюць свайго перапахавання ў Беларусі, а таксама пра нацыянальны пантэон для іх.
Найстарэйшае вяртанне заняло сем стагоддзяў, пачаўшыся ў 12-м, найноўшае — адбылося чатыры гады таму, а чакала свайго часу 79 гадоў (пра яго ў наступным выпуску).
Героі ўсіх гісторый гэтай трылогіі ў прадстаўленні не маюць патрэбы, таму пра іх заслугі мімаходзь, фокус — на апошніх этапах жыцця і перапахаванні.
Святая ўнучка Усяслава Чарадзея
Пачатак кладзе полацкая князёўна Ефрасіння, прылічаная да ліку святых. Аповед пра вяртанне яе мошчаў у асноўным грунтуецца на кнізе Уладзіміра Арлова «Ефрасіння Полацкая». На думку Арлова, гэтая гісторыя вяртання не менш цікавая, чым само жыццё асветніцы. І з ім складана не пагадзіцца.
Такім чынам, на сконе сваіх гадоў полацкая князёўна-ігумення выправілася ў паломніцтва ў Ерусалім. Наведала святыя месцы і ля труны Гасподняй малілася аб тым, каб скончыць свае дні ў гэтай святой зямлі. Малітвы былі пачуты: у хуткім часе князёўна захварэла і неўзабаве памерла.
Ефрасінню пахавалі недалёка ад Ерусаліма ў манастыры Святога Феадосія, дзе яна яшчэ да свайго скону купіла сабе месца і магільны склеп. Гэта 1167 або 1173 год.
У 1187 годзе султан Саладзін абкладвае Ерусалім сваімі войскамі. За выкуп хрысціяне атрымліваюць магчымасць пакінуць горад разам з рэліквіямі. У іх ліку Святую зямлю пакідае і рака з нятленнымі астанкамі Ефрасінні. Манахі хочуць даставіць яе ў Полацк, але варожасць полацкіх і кіеўскіх князёў парушае гэтыя планы. Хоць ёсць і іншыя версіі. Так ці інакш, астанкі беларускай святой на бліжэйшыя сем стагоддзяў знаходзяць прыстанак у пячорах Кіева-Пячэрскай Лаўры.
Першыя (з вядомых) спроб вярнуць мошчы заступніцы Беларусі ў Полацк пачынаюцца ў валадаранне імператара Мікалая I. Затым ужо пры Аляксандры II пра гэта хадайнічаюць жыхары горада, пазней да пытання падключаецца нават граф Мураўёў (які «вешальнік»). Гэтыя і наступныя хадайніцтвы не задавальняюцца з-за пазіцыі то кіеўскіх архірэяў, то Пецярбурга.
Толькі пасля зваротаў полацкага епіскапа Савы ў 1870 годзе спачатку ў Віцебск, а адтуль у Полацк перадаецца невялікая частка мошчаў — сярэдні палец правай рукі. На ўсялякі выпадак: у той час у нас сярэдні палец яшчэ нічога (непрыстойнага) не абазначаў.
Наступныя просьбы нязменна адхіляліся, але працягвалі паступаць як з Полацка, так і з іншых беларускіх гарадоў. Сітуацыя змяняецца ў 1908-м пасля Усерасійскага місіянерскага з'езду ў Кіеве, які прымае рэзалюцыю аб неабходнасці перанясення святыні ў Полацк. Услед за гэтым аналагічныя пастановы прымаюць з'езды вернікаў і духавенства па ўсёй Беларусі. У выніку Свяцейшы Сінод створыць спецыяльную камісію, якая нарэшце вынесе спрыяльнае рашэнне, і Мікалай II дазволіць перанос.
22 красавіка 1910 года Кіеў развітваецца з полацкай князёўнай. Толькі сімвалічная частка мошчаў застаецца ў Кіева-Пячэрскай лаўры на старым месцы. Яе там можна знайсці і цяпер.
Для перавозкі мошчаў выдзелены тры параходы: адзін для рэліквіі і два для суправаджаючых. Флатылія ідзе па Дняпры ад Кіева да Оршы 12 дзён і праходзіць 695 вёрст, робячы прыпынкі і паўсюды сустракаючы вернікаў.
Ад Оршы да Полацка мошчы падарожнічалі па сушы. Прычым у заключнай частцы — крыжовым ходзе ў храм — прымае ўдзел вялікі князь Канстанцін, які прадстаўляў імператара, а таксама каралева Грэцыі Вольга Канстанцінаўна і вялікая княгіня Лізавета Фёдараўна, родная сястра імператрыцы. Ушанавалі ўвагай заступніцу Беларусі.
23 мая 1910-га нятленныя астанкі святой Ефрасінні вярнуліся ў Спаскі манастыр, але спакою ім яшчэ доўга не ведаць.
Праз чатыры гады разгарыцца Першая сусветная вайна, і мошчы пераедуць у Растоў, дзе адбудзецца іх першае ўскрыццё. Затым здарыцца рэвалюцыя і ўспыхне грамадзянская вайна — мошчы вярнуцца ў Полацк і перажывуць паўторнае ўскрыццё. Пасля будзе вываз на атэістычную выставу ў Маскву і пераезд у Віцебск.
Так здарыцца, што толькі пры немцах у 1943 годзе астанкі Ефрасінні вернуцца ў Полацк у царкву Спаса. Там яны спачываюць і дагэтуль.
Вялікі пясняр
Наступная па храналогіі гісторыя вяртання звязана з імем Янкі Купалы. Яго трагічная смерць да гэтага часу з'яўляецца загадкай, бо падобная да забойства. Яна наступіла 28 чэрвеня 1942 года ў Маскве ў аднайменнай гасцініцы «Масква».
З ліпеня 1941-га паэт жыў у эвакуацыі спачатку ў Маскве, а затым у Пячышчах пад Казанню. У чэрвені 1942-га, напярэдадні юбілею (60 гадоў), яго выклікаюць у Маскву на сесію Усеславянскага камітэта. Там Купала і спыняецца ў гасцініцы «Масква».
З розных публікацый на гэтую тэму вымалёўваецца наступная карціна: у фатальны вечар Купала знаходзіўся ў гасцінічным нумары кіраўніка Саюза пісьменнікаў БССР Міхася Лынькова на 10-м паверсе. Зазваніў тэлефон. На тым канцы провада хацелі гаварыць з Купалам. Ён узяў трубку, выслухаў, а затым паклаў яе і, сказаўшы «Я на хвілінку», выйшаў з нумара — і больш не вярнуўся.
Ёсць іншыя сведчанні, са спасылкай на Лынькова, што Купала заходзіў да яго па прадуктовыя карткі і, атрымаўшы іх, адразу сышоў.
Паводле афіцыйнай версіі, смерць Купалы наступіла імгненна ў выніку падзення ў лесвічны пралёт з 10-га паверха. Будуць гаварыць, што па неасцярожнасці або што ён пакончыў з сабой. Пры гэтым на прыступцы застанецца зашнураваны чаравік паэта, і гэта прымусіць думаць, што выпадковасці, нізкія парэнчы або суіцыд тут могуць быць зусім не пры чым.
Цела Янкі Купалы было крэміравана, што, вядома, таксама не дадае веры ў афіцыйную версію. Аднак абставіны смерці паэта — не тэма выпуску. Адзначу толькі, што ў БССР на той час крэмацыя была ў прынцыпе немагчымай: першы крэматорый з'явіўся толькі ў 1980-х.
Маці Купалы не даведаецца пра яго гібель, але, мабыць, адчуе яе, бо перажыве сына ўсяго на два дні. Прычым іх будуць хаваць у адзін дзень — 1 ліпеня. Яе — у Мінску на Вайсковых могілках, а яго — у Маскве на Ваганькаўскіх. Алег Лойка ў кнізе «Янка Купала» расказвае, што прамову над Купалам зрабіў сакратар ЦК КП (б) БССР Цімафей Гарбуноў, а вось жонка паэта на пахаванне мужа паспець з Печышчаў не змагла.
Роўна праз 20 гадоў, у чэрвені 1962-га, прах Купалы будзе перавезены ў Мінск і пахаваны на Вайсковых могілках. «У сакрэтнасці ў сталінскім духу», — так пра гэта напіша Рыгор Барадулін («На таку майго веку»).
Паводле сведчанняў іншых відавочцаў, перапахаванне павінна было адбыцца дзесьці а 15-16-й гадзіне. Да гэтага часу прыйдзе вельмі шмат людзей, і ўсе скрушна даведаюцца, што прах песняра цішком, раней за прызначаны час, пахавалі.
Рыгор Барадулін дадае падрабязнасцей: «Урна з прахам таемна была перавезена з Масквы ў музей паэта. Дзяжурылі адабраныя людзі і блізкія нябожчыка, калі так можна сказаць. Жалобнае шэсце было абмежавана невялікай купкай людзей. Па званках з адпаведных устаноў. Было дадзена ўказанне, каб вянкі ад заводаў, арганізацый неслі на могілках з пэўнымі інтэрваламі. Каб не было «вялікага збегу народа».
Вердыкт Барадуліна: уся дзяржаўная машына баялася праху паэта.
Фундатар Чырвонага касцёла
Астанкаў наступнага героя дзяржаўная машына не пабаялася, хоць хто ведае, як бы яна паставілася да іх, калі б здарылася перапахаванне цяпер, а не ў 2006-м. Тым больш што гаворка ідзе пра Чырвоны касцёл, ужо больш за два гады як закрыты ўладамі для вернікаў, і пахаванне Эдварда Вайніловіча, на чые сродкі ён быў узведзены.
Прафесар Адам Мальдзіс пісаў пра Вайніловіча так: «Карэнны беларускі шляхціц, зроднены са слуцкімі князямі Алелькавічамі, нясвіжскімі Радзівіламі, грушаўскімі Рэйтанамі і мінскімі Ваньковічамі. Яго блізкія родзічы — кампазітар Станіслаў Манюшка і мастак Валенцій Ваньковіч».
Можна сказаць і наадварот, што ўсе гэтыя вядомыя імёны звязаны з Эдвардам Вайніловічам, падкрэсліўшы гэтым гонар сваяцтва з ім.
Вайніловіч пакіне «ўспаміны», якія пачне пісаць пасля 70-ці, змясціўшы ў іх фактычна ўсё жыццё, і адпісвае, каб пахавалі сціпла на кургане ў Савічах побач з магіламі сваіх бацькоў і дзяцей у простай хваёвай труне, дастаўленай да месца на аднаконным катафалку.
Калі яго не стане, менавіта гэтая апошняя частка завяшчання і будзе выканана. Натоўпы людзей збяруцца з павагі да нябожчыка і будуць суправаджаць аднаконную фурманку з хваёвай труной. Толькі гэта будзе адбывацца не ў Савічах, а ў польскім горадзе Быдгашч. Вайніловіч з'едзе туды пасля таго, як яго радавы маёнтак у Савічах разграмяць марадзёры, а Слуцк адыдзе пад кантроль бальшавікоў. Там, у прыватнасці, пабудуе і будзе ўтрымліваць дом для бездаглядных дзяцей.
Ён пойдзе з жыцця ў чэрвені 1928-га, калі яму будзе ўжо 80. Яго пахаваюць на мясцовых могілках, а на надмагільным помніку будзе размешчаны надпіс: «Выгнаны са сваёй зямлі Рыжскім дагаворам, я вымушаны быў хадзіць па чужых палях». Побач з ім у 1935-м будзе пахавана яго сястра і спадчынніца Ядвіга Кастравіцкая.
Жаданне Вайніловіча вярнуцца на родную зямлю будзе выканана ў чэрвені 2006-га. Перапахаванне ініцыюе Чырвоны касцёл у лістападзе 2005-га. На старце будзе прапаноўвацца варыянт захавання астанкаў у сцяне або ў адной з падвальных ніш. У Варшаве знойдуць унучку сястры Вайніловіча. Яна адгукнецца і, нягледзячы на ўзрост (91), уласнаручна надрукуе згоду на правядзенне эксгумацыі і перавоз праху ў Мінск.
Ініцыятыву падтрымаюць беларускія і польскія ўлады, падаўшы дакументальную згоду. Польскі бок пажадае пакінуць на месцы магілы надмагільную пліту як помнік і знак таго, што там ніхто і ніколі больш не будзе пахаваны.
6-9 чэрвеня пройдуць эксгумацыя і развітанне з Вайніловічам. У яго гонар улады Быдгашча арганізуюць на галоўнай плошчы вялікі канцэрт духоўнай музыкі. Пасля гэтага прах знакамітага беларуса адправіцца ў Мінск і ўжо 11 чэрвеня будзе ўрачыста пахаваны злева ад галоўнага ўваходу ўзведзенай ім святыні. Касцёла, які носіць імёны святых заступнікаў яго памерлых дзяцей — Сымона і Алены.
Працяг у наступным выпуску.