Дырэктар галерэі: калі курорты надакучылі, купляюць карціны
Беларусу ўсё яшчэ цяжка патлумачыць, чаму ён павінны марнаваць грошы не на новую машыну/дачу(!), а на мастацтва. А павінны?
© Sputnik/Віктар Талочка
З усяе нацыянальнай антрапалогіі вынікае, што без машыны (не старэй за пяць год, ну, добра, за дзесятку) і перспектывы ўласнага жытла ты не беларус, а недачалавек, не варты рукапаціскальнасці. Між тым, "Восеньскі салон" паказаў, што асобная частка беларусаў гатовая плаціць не за курорты, а рэчы менш матэрыяльныя — падчас "Салону" было прададзена амаль 30% працаў сучасных мастакоў.
Гаворка пра бізнес-клас, здольны дазволіць сабе набыць замест "Туніс-ол-інклюдзід" твор беларускага мастака. Іншая справа, што хоць і здольны, ды не надта жадае, а Туніс па-ранейшаму застаецца з'явай больш прывабнай. З дырэктарам "Дома карцін" Ларысай БортнікSputnik пагутарыў пра асаблівасці коштаўтварэння на рынку мастацтва і нечаканую любоў кітайцаў да беларускага жывапісу.
Ларыса Бортнік, дырэктар галерэі "Дом карцін"
Этап першы: мастак так лічыць
"Кошт называе мастак, ён укладае ў яго і эмацыйныя, і фінансавыя выдаткі — матэрыялы, палотнішча, падрамнік, раму. Аснову кошту складаюць энергетычныя выдаткі: як мастак уяўляе, колькі працы ён уклаў, колькі вопыту ў сваё палотнішча, такі кошт ён і заяўляе. Пасля таго, як мастак называе цану, галерыст можа сказаць, у якой ступені яна адэкватная, ці магчыма за такія грошы прадаць твор мастацтва", — распавядае спадарыня Ларыса.
Між тым, пакупніка можа і не надта хваляваць, як ацаніў сваю працу мастак, бо ў яго, кліента, ёсць надта лімітаваная колькасць грошай, што засталася ад Туніса, на набыццё твору мастацтва.
"Канчаткова кошты фарміруюцца сыходзячы з попыту пакупніка і жадання мастака. Мастак можа сказаць — мая праца каштуе пяць тысячаў, а галерыст адкажа — ты каштуеш столькі, колькі за цябе можа даць кліент. Калі ты хочаш пяць тысячаў, пры тым кліент не гатовы заплаціць больш за тры тысячы, і ты пагаджаешся на гэтую суму, дык гэта і ёсць твой сённяшні кошт", — тлумачыць дырэктар "Дома карцін".
Кошты дыктуе пакупніцкая здольнасць. Калі ў чалавека ў кішэні папросту няма грошай, пры ўсім жаданні набыць Суціна, ён не можа сабе гэтага дазволіць. Цяжар адказнасці за рынак мастацтва, які ў Беларусі амаль не сфарміраваны, лажыцца на бізнес-клас.
"Дом карцін"
"Працоўны клас не купляе карцінаў увогуле, бізнес-клас гатовы набываць, але ж за пэўныя сродкі, плаціць болей таго, што могуць, не хочуць. Багатыя людзі ёсць, іх мала, і яны не таргуюцца — колькі мастак сказаў, столькі і заплацяць. Гэта людзі, якія гатовыя пэўную суму пусціць на задавальненне, а машыны і курорты ім ужо надакучылі", — тлумачыць асаблівасць функцыянавання беларускага рынку мастацтва спадарыня Бортнік.
Этап другі: пераезд
Мастакоў, якія застаюцца жыць у Беларусі і пры тым выстаўляюцца ў замежных галерэях надта мала. Тут прыходзіцца выбіраць: ці ты мясцовы і нічога не зарабляеш, ці з'яджаеш
за мяжу і намагаешся ўключыцца ў заходні рынак.
"Ёсць адзінкавыя прыклады мастакоў, якія здолелі застацца ў Беларусі і працуюць па эксклюзіўным кантракце з заходнімі галерэямі. Адзін з іх — Валянцін Губараў, надта запатрабаваны ў Францыі, усе з задавальненнем глядзяць яго персанальныя выставы ў Беларусі, а купляюць яго творы за мяжой. То бок, тут ён запатрабаваны эмацыйны, а там — фінансава", — распавядае суразмоўца Sputnik.
Але ж спадарыня Бортнік дадае, што мастакоў, якія жывуць у Беларусі, а выстаўляюцца і прадаюцца за мяжой, хіба "адзін адсотак".
Пры тым Ларыса Барысаўна зазначае, што беларускія мастакі канкурэнтаздольны, іх прымае заходні рынак, і тыя, хто з'ехаў адсюль, прадаюцца па заходніх коштах, уключаецца ў заходні арт-рынак. А вось ці патрапіў ён туды, залежыць ад актуальнасці творчага метаду, удачы і ступені таленту.
"Дом карцін"
"У нас ёсць прыклады надта ўдачлівых беларускіх мастакоў. Я не кажу пра тых, хто некалі з'ехаў у Парыж і уключыўся ў парыжскую школу. Я кажу пра таго ж Барыса Заборава, яго творы прадаюцца за вялікія кошты, пра Заслонава, пра Цішына, пра Наталлю Залозную — ёсць шэраг беларускіх мастакоў, якія з'ехалі за рубеж і жывуць там, уключыліся ў заходні рынак", — распавядае галерыст.
Этап трэці: кітайцы як нечаканыя аматары беларускага мастацтва
Дырэктар галерэі распавядае, што да самых дарагіх твораў мастацтва варта аднесці антыкварыят, якога ў Беларусі мала, бо мы надта ж часта перажывалі набегі. Таму аматарам даводзіцца мэблю, люстры везці з-за мяжы. Кошты на антыкварыят на парадак вышэйшыя за кошты на творы беларускіх мастакоў.
Найбольш таннае мастацтва — карціны савецкага перыяду, пры тым, што на Захадзе за яго гатовыя аддаваць неверагодныя сумы.
Нечакана высвятляем, што сярод аматараў беларускага жывапісу вялікую частку складаюць…. кітайцы.
"Кітай — унікальная краіна, яны надта любяць наш дакладны жывапіс, пры там, што самі выкшталцоныя мастакі. Яны ў нас вучацца, хоць мне падаецца, гэта нам трэба вучыцца ў Кітая — мудрая, унікальная краіна", — распавядае спадарыня Бортнік.
© Reuters/ Jason Lee Пакупнік у Пекіне
Але ж і кітайцы за нашыя "дрэвы, падобныя да дрэваў" не гатовыя плаціць больш за сотню долараў.
"Усе лічаць, што ў Беларусі твор мастацтва можна набыць танна. Турысты кажуць — у крызіс вы дазваляеце сабе трымаць такія кошты? Гэта ненармальна! Ім падаецца, калі крызіс, дык трэба лічыць капейкі", — тлумачыць псіхалогію пакупніка суразмоўца Sputnik.
Этап тры: ці новыя боты, ці месца ў вечнасці
Ларыса Барысаўна падзяляе мастакоў на дзве часткі: ёсць мастак, які не хоча выходзіць на межы мастацтва і гатовы заставацца галодным, а ёсць мастак, якія працуюць толькі па камерцыйных прынцыпах.
"Сустракаецца і трэці від — мастак, які разумее, што можа застацца ў мастацтве, але ж павінны зарабляць на жыццё. Ён ідзе да спажыўца не з горшай якасцю карціны, а з меншым фарматам. Адсюль кошт на карціну атрымліваецца меншым, мастак здольны яе прадаць, але ж пры тым не крывіць душой. Трэба разумець, што ёсць малюнкі, якія кормяць, а ёсць мастацтва, якое можа і не пракорміць, але пакіне цябе ў стагоддзях", — распавядае суразмоўца і прыводзіць у прыклад мастака Басава, які пры жыцці прадаваўся надта дрэнна і жыў дзякуючы зоробку жонкі, якая разумела яго і была гатовая падставіць плячо.
"Сёння гэта дарагі мастак, але яго ўжо няма ў жывых. Тады ў яго не хапала на туфлі і новы швэдар, але ж ён застаўся ў мастацтве. Тыя, хто ідзе ў магазіны, толькі б прадацца, піша тое, што запатрабавана, гэта рамеснікі, але не мастакі", — рэзюмуе дырэктар галерэі.
Наведвальнік каля карціны Марка Шагала "Жонка мастака". © SPUTNIK/ Сяргей Пятакоў
Спадарыня Ларыса ўспамінае, як да яе нярэдка прыходзіў мастак, якому яна час ад часу раіла аднесці свае працы не ў галерэю, а ў краму — маўляў, каб выстаўляцца, у карціны павінная быць не камерцыйная, а мастацкая каштоўнасць. Кліент не супакойваўся, маўляў, вы мне скажыце, што зараз ідзе, я б тое і пісаў.
"Я яго не асуджаю — яму трэба з нечага жыць, але ж гэта не мастак, і такіх шмат, — рэзюмуе свой вопыт Ларыса Бортнік. — Хтосьці становіцца папулярным дзякуючы скандалу, ад таго, што яго не прымалі сучаснікі, шлях да папулярнасці непрагназуемы".