Дызайнерка Кацярына Пікірэня: У гэты час я бачу толькі адзін ратунак для нас — любіць

Аўтарка многіх вокладак кніг сучаснай беларускай літаратуры Кацярына Пікірэня адкрыла ў Вільні сваю выставу — якую яшчэ можна наведаць!

З выставы Кацярыны Пікірэня «Вязьмо». Фота: budzma.org

З выставы Кацярыны Пікірэня «Вязьмо». Фота: budzma.org

Выстава «Вязьмо» Кацярыны Пікірэня днямі адкрылася ў Вільні. Праект «даследуе эстэтычную і містычную складовыя беларускіх літар, спрабуе намацаць мяжу, на якой знак пачынае перарастаць у абстрактны ўзор».

Графічны эксперымент Кацярыны Пікірэня прысвечаны «трывожнай сувязі з бабулямі, наймагутнейшымі полюсамі радаводаў». «"Вязьмо" не толькі пра любоў і памяць, але таксама пра сузалежнасць, разгубленасць і супярэчлівы досвед. А найперш — пра гаючую сілу ўчаснага вандалізму, бо памяць немагчыма зберагчы, не параніўшы яе», — даводзіць мастачка.

Кацярына Пікірэня нарадзілася ў Вызне, вырасла ў Мінску. Сышла з чацвёртага курса медыцынскага ўніверсітэта, працавала ў кнігарні і выдавецтве «Логвінаў». Пазней з’ехала вучыцца графічнаму дызайну ў Мілан, а цяпер жыве ў Празе, выкладае тыпаграфіку ў мясцовым універсітэце, малюе вокладкі беларускіх кніг і ладзіць персанальныя тыпаграфічныя эксперыменты.

Літары, што з’явіліся з нітак, якія раней былі сурвэткамі, і гэтыя літары — у старых драўляных рамках: «Тут вы не ўбачыце нічога новага: усе скарыстаныя рэчы мелі папярэдняе жыццё — гэта выкінутыя гаспадарамі сурвэткі, поўныя крухмалу і пылу, і парэпаныя, спарахнелыя рамкі 1950-х — 1960-х гадоў.

"Вязьмо" — тыпаграфічная гульня, але гэта таксама мой крык. Яшчэ нясмелы, з ветлівай усмешкай, але ўсё-ткі крык — пра тое, што эстэтыка вывучанага маўчання мусіць быць разбураная і пакаленні мусяць пачаць размаўляць, пачаць вынаходзіць дзейсныя камунікатыўныя формы.

Мае бабулі маўчалі пра шмат балючага, ашчаджаючы нашчадкаў і сябе ад, як яны лічылі, лішняга. Але непрамоўленае нікуды не знікае, і злом гэтай адшліфаванай звычкі маўчаць не азначае здрады сабе і свайму ладу жыцця — аўтэнтычнасць прамаўленнем не разбураецца. І я знаходжу ў карунках гэтую ўкарэненую ў традыцыю, але цалкам новую для мяне камунікатыўную форму».

Budzma.org пабывала на адкрыцці выставы і прадстаўляе цікавыя думкі аўтаркі праекта «Вязьмо», якія прагучалі на імпрэзе.

Як стваралася «Вязьмо»

— Шлях быў падсвядомы і свядомы адначасова. Падсвядомы пачаўся даўно: мяне прыцягвалі ўзоры на карункавых белых сурвэтках як вартая альтэрнатыва ўсюдыіснай вышыванцы. На падмурку вышыванкі з’явілася багата графічных праектаў, а іншыя віды традыцыйнага мастацтва дагэтуль мала ўплываюць на сучасны візуальны наратыў. Мне марылася выкарыстаць нешта забытае, некуды гэтае забытае прыкласці. І раптам здарылася Вальжына Морт — дакладней, патрэба зрабіць вокладку для яе паэтычнай кнігі «Песні для мёртвых і ўваскрэслых». Вершы Морт гравітуюць вакол памяці і згубы, жаночай лініі і траўмы. Мазаіка склалася, сэнсы зрэзанавалі. Я зразумела, што гэта для мяне магчымасць зрабіць крок, які мне не хапала смеласці зрабіць самастойна, — крок у новае, нечаканае, спрэчнае. Вось так пачаўся выраб літар-вязьмаў. Вокладка неўзабаве была скончаная, а я не змагла спыніцца і працягвала вынаходзіць новыя літары. Ніколі яшчэ я не атрымлівала большай асалоды ад працэсу стварэння. Калі першыя літары мелі простыя абрысы, то з кожнай наступнай прапорцыяй і ўзоры рабіліся складанейшымі, усё часцей сягаючы то абстрактных, то біяморфных межаў. Моцную індывідуальную энергетыку літар я зазямліла стомленымі ад жыцця рамкамі — цяпер не магу ўявіць «Вязьмо» без іх.


Вокладка зборніка паэзіі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых», аформленая Кацярынай Пікірэня. Фота: «НЧ»

Вокладка зборніка паэзіі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых», аформленая Кацярынай Пікірэня. Фота: «НЧ»

Разбураць, каб ствараць

— З першага погляду праект падаецца спакойным і стваральным. А насамрэч — ён разбуральны, гэта вандалізм. Я разразаю, разрываю, распускаю. Я раблю сурвэтцы кесарава сячэнне, дастаю літары з ейных касмаганічных віроў. Урэшце, сурвэтка надзіва падобная да мандалы, у гэтых галавакружных колах лёгка ўбачыць рэпрэзентацыю сусвету. А сутнасць мандалы — у разумовым стане падчас яе вырабу: як толькі мандала завершая, яна мусіць спыніць сваё існаванне. Застаецца тое, што выносіш з досведу сузірання гэтых узораў. Мае бабулі вынеслі маўчанне. Я вынесла літары.

Некалі мяне ўразіла тлумачэнне нейравучоных, што працэс прыгадвання скажае згаданае. Калі памяць пра пэўны момант — гэта яблык, то кожны раз, калі мы вяртаемся ў той момант, мы адкусваем кавалачак ад яблыка, дэфармуем памяць. Чым часцей мы нешта згадваем, тым больш бедным і  надуманым робіцца наш успамін. Атрымліваецца надта паэтычны парадокс: найлепей мы памятаем тое, пра што ні разу не згадвалі, а за любую згадку мы плацім знішчэннем часткі гэтай згадкі.

Таму, хоць мае вязьмы — безумоўны вандалізм, я веру, што ён учасны. Каб захаваць памяць, яе трэба параніць. Вось жа я падхапіла выкінуты, спарахнелы ўспамін, разбурыла палову, але другую палову, спадзяюся, выратавала.

Мне хацелася вярнуць эстэтыку карункавых сурвэтак у сучасны візуальны код. Хай гэтая эстэтыка не ўсім прыемная: той, хто вырас у хаце, дзе такімі сурвэткамі ўсё было абкладзена, наўрад ці мае вялікі сантымент да абрыдлых узораў.

Аднак чорны экран, засланы белай сурвэткай — родны архетып для нас усіх. Бабулі спрабавалі абараніцца сваімі белымі павукамі-абярэгамі ад малевічавай бездані тэлевізараў і камп’ютараў, забельвалі чорныя дзіркі няпэўнай будучыні і інфармацыйнага хаосу сваім вязаным космасам...

Чым закрываць чорныя дзіркі

— Не трэба спрабаваць закрыць іх, спрабуй у іх не зваліцца. Яны — частка новай рэчаіснасці, і нам з гэтым рухацца далей. Кожны мае ў той ці іншай ступені комплекс збаўцы, нам хочацца ўсё залячыць, вырашыць, вярнуць.

Аднак, спрабуючы закрыць сабой чорную дзірку хаосу, ты ствараеш яшчэ адну ў сабе, яе жывіць гэтая незадаволеная гіперадказнасць. Але барацьбу трэба перамяжаць з клопатам пра сваю асабістую радасць, іначай нічога не мае сэнс, іначай мы самі сябе кладзем у каляіну — і вінім каляіну.

Аберагаць любоў

У гэты час узрушэнняў і разгубленасці я бачу толькі адзін ратунак для нас — любіць. Любіць без лішняй рэфлексіі, жалю ці спадзеву. Мы, гвалтам адарваныя ад свайго асяродку, ад звыклых рытмаў, зямлі, мовы, ад улюбёных пахаў, гукаў і фарбаў, пачынаем адчуваць, што наша любоў да ўсяго гэтага губляецца, губляе сутнасць і кірунак. Але любоў трэба аберагаць як такую, як рэч у сабе — гадаваць яе і ёю гадавацца.

Калі ўжо не знойдзецца кніга, якую ты так і не ўзяла з сабой, калі разваліцца твой хутар ці закрыецца твая крама, яны не перастануць быць часткай цябе. Думай пра іх ранкам і ўвечары, выклікай вобразы ў сваёй галаве, і яны працягнуць сілкаваць тваю самасць і не дадуць табе распусціцца ў часапрасторы.


Глядзіце таксама

Асалода ствараць і асалода разумець

Пакуль што адчуваю, што трэба зрабіць паўзу, ёсць нейкае пачуццё завершанасці. І мне падабаецца, што альфабэт пакрысе растае, што беларусы разбіраюць яго на асобныя хатнія абярэгі. Вядома, калі мне закарціць зноў вышукваць літары ў карунках, я не буду з гэтым змагацца і вярнуся да вырабу вязьмаў, але на цяпер я не бачу ў гэтым патрэбы. Я сказала, што хацела.

У мяне ўжо ёсць нарыхтоўкі для наступных тыпаграфічых праектаў, думаецца пра іх. Тыпаграфічныя — бо наўпрост звязаныя з формай і архітэктурай літар. Гэта невычарпальная тэма.

Калі мне было гадоў дзесяць, я вынайшла свой першы альфабэт, які мы з сяброўкай карысталі ўсё лета, пакідаючы нататнічак з навінамі адна адной на слупочку брамкі. Пазней са старэйшым братам мы стварылі свой шыфр на аснове рунічнага Кірта з «Уладара пярсцёнкаў» Толкіна, а ў гадоў пятнаццаць я распрацавала сакрэтнае пісьмо для свайго дзённіка, натхнёнае толкінаўскім Тэнгварам. Ганарылася, што прыдумала ўнікальную хітрасць (смяецца) — запісваць галосныя дыякрытыкамі, а зычныя і знакі прыпынку ў форме літар — у радок. І значна пазней дазналася, што гэтай прыдумцы не адно тысячагоддзе.

Як на мяне, гульня з пісьмовымі сістэмамі спалучае дзве наймагутнейшыя асалоды: асалоду ствараць і асалоду разумець. Здаецца, цяжка пераацаніць ролю творчасці, але асалода разумення мае ці не большую сілу. Знаходзіць, збіраць па слёзцы веду пра тое, што, як, чаму, навошта працуе ці адбываецца... Гэта магічныя лекі для нашага існавання, жывая вада.


Глядзіце таксама

Досвед, назапашаны па-за Беларуссю, абавязкова спрацуе ў самой Беларусі

Я з’ехала з Беларусі ў 2015-м, але ментальна я не з’язджала. Маё геаграфічнае зрушэнне было спачатку звязанае з вучобай, цяпер — з выкладніцтвам, але я не адчуваю прывязанасці да краіны, у якой знаходжуся, успрымаю яе як часовую зручнасць.

Мы кажам пра ўнутраную эміграцыю, а як назваць тых, хто фізічна з’ехаў, а розумам застаўся? Унутраны немігрант? Духоўны заставанца? Мне бракуе азначэння...

Вельмі дапамагае думка, што за мяжой, замест аточвання сябе матэрыяльным камфортам, я будую сябе. Я памятаю, якімі крутымі, свежымі і моцнымі ўспрымаліся тыя, што вярталіся ў Беларусь пасля гадоў эміграцыі. Яны прыносілі новыя ідэі, незвычайнае мысленне і загартаваны імпэт. Я спадзяюся аднойчы выявіцца такой жа.

А пакуль, у хаатычным палёце на вятрах часу, калі адзіны пункт адліку хаваецца ўнутры нас, мы можам скіраваць туды сваю ўвагу і спакваля вастрыць сваю сутву. Можна ўбівацца ў авантурныя праекты, выпрабоўваць недафармаваныя ідэі, набірацца смеласці рабіць тое, на што не хапала смеласці раней. Для мяне гэтая выстава, напрыклад, менавіта такі скок насустрач сабе, раней мне адвагі на такое не ставала.

Тое, што мы цяпер назапашваем унутры сябе, аднойчы абавязкова спатрэбіцца і спрацуе ў Беларусі, тым ці іншым чынам. Няважна, у якім узросце мы вернемся і ці прычакае гэтага дня наш пакінуты хутар — гэта ўсё яшчэ будзем мы. І мы будзем адно аднаму патрэбнымі.

Выстава «Вязьмо» будзе працаваць у Беларускім Віленскім музеі імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g., 20, Вільня) па 11 верасня.