Культурная спадчына Беларусі, якая вымірае
Культура нашых продкаў была разнастайнай і багатай на свае традыцыі і абрады. Але да нашых дзён захаваліся толькі некаторыя з іх — і зараз яны ўваходзяць у «Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны» ЮНЭСКА, што, на жаль, не ратуе іх ад поўнага знікнення.
Пяць культурных з'яў з Беларусі маюць статус нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва. Дзве з іх захаваліся ўсяго ў некалькіх вёсках і могуць зусім знікнуць. 34travel.me расказвае пра ўнікальныя беларускія абрады і традыцыі са спіса ЮНЕСКА.
«Калядныя цары»
Гэты абрад праводзяць у вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў Шчодры вечар (Шчодрык) з 13 на 14 студзеня.
Гісторыя «Калядных цароў» пачынаецца ў XVIII стагоддзі. Гэта былі часы другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год), калі частка беларускіх земляў адыходзіла Расійскай імперыі. Недалёка ад вёскі Семежава стаяла рускае войска. Паводле мясцовага падання, у Новы год па старым стылі салдаты і афіцэры хадзілі па дварах, паказваючы вясёлы спектаклік. За гэта гаспадары частавалі іх хатняй каўбасой, выпечкай, самагонкай.
Калі вайскоўцы сышлі, сяляне не проста захавалі традыцыю, а развілі яе ва ўнікальнае дзейства. З таго часу кожны Стары Новы год у Семежаве мужчыны з ліку мясцовых жыхароў або прыезджых студэнтаў пераапранаюцца ў касцюмы, якія нагадваюць вайсковую форму часоў царскай Расіі. Яны ходзяць па хатах і разыгрываюць спектакль, якому больш за дзвесце гадоў.
У сцэнары дзейства ёсць адсылкі да гісторыка-рэлігійнай драмы «Цар Максіміліян». Сам твор расказвае пра грознага цара, які загадаў забіць сына за тое, што той не прызнаваў «багоў кумірычных», а верыў у Ісуса Хрыста. Трагічную лінію ў вясёлы абрад «Калядных цароў» не ўпляталі, з арыгінала запазычылі толькі некаторыя фразы:
«Здрасце вам! Я прыбыл к вам, за каго вы мяне пачытаеце?
За караля нямецкага ці султана турэцкага?
Я не ёсць кароль нямецкі і не султан турэцкі.
Я ёсць грозны Цар Максімільян:
сонцу брат, луне сват, усяму свету бліскучая галава».
У беларускіх хатах «цары» разыгрываюць жартоўную сцэну, дзе галоўны герой — цар Максіміліян — у сумленным баі перамагае Мамая, які патрабаваў ад яго даніны. Затым усіх бярэцца лячыць доктар з вялізным бутафорскім тэрмометрам, і яго словы — чыстая народная творчасць:
«Ты лекар? — Я лекар, гамбурскі аптэкар. — Ты можаш лячыць? — Магу. — А як ты лечыш? — Я лячу як сам хачу: скулячкі выразаю, балячкі ўстаўляю, мёртвых ўваскрасаю, жывых у зямлю пхаю. А што ў цябе баліць? — Галава. — Абрыць дагала, намазаць рэдзькай, будзе як барабан турэцкі».
Гэтыя прымаўкі — самая вясёлая частка паказу. Гледачы рагочуць, гаспадары дастаюць пачастунак акцёрам. Пабываўшы ў адной хаце, «цары» ідуць у наступную. Калі цямнее, удзельнікі працэсіі запальваюць паходні.
Такі абрад існуе ў адзінай вёсцы Беларусі — у Семежаве. Першапачатковае салдацкае выступленне абрасло мясцовым фальклорам: песнямі і жартоўнымі дыялогамі, пацешнымі касцюмамі, нацыянальнымі стравамі і прыкметамі. Людзі вераць, што ў хаце, дзе пабывалі «цары», увесь год будуць мір, згода і багацце.
На некаторы час абрад быў забыты, яго адрадзілі ў 1996 годзе з дакументальных матэрыялаў і сведчанняў старажылаў. У спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны абрад унеслі ў 2009 годзе. Цяпер ён пад пагрозай знікнення.
«Юраўскі карагод»
Праводзіцца ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці 6 траўня, у Юр'еў дзень. Святога Юрыя (Георгія) шануюць як апекуна хатніх жывёл і сельскай гаспадаркі. Нашы продкі залагоджвалі святога: у яго былі ключы, якія адмыкалі вясну і замыкалі зіму. Пасля абраду жыхары вёскі разлічвалі на добры ўраджай і здаровую свойскую жывёлу.
Напярэдадні свята сяляне наводзяць парадак у хатах і на дварах, плятуць вянкі, а галоўнае — выпякаюць абрадавы каравай, які называецца «карагод». Яшчэ адзін важны элемент — «ральца». Гэта тры трохпальцыя галінкі, якія сімвалізуюць жаночы пачатак (дзевяць атожылкаў — па колькасці месяцаў цяжарнасці). Галінкі абгортваюць палоскамі з цеста і разам з караваем запякаюць. Гатовы «карагод» пад песні жанчын упрыгожваюць кветкамі з яркіх папяровых стужак і жывымі квітнеючымі галінкамі.
На наступны дзень жыхары Пагоста прыбіраюцца ў народныя строі і разам выпраўляюцца ў поле: першым нясуць абраз Маці Божай, за ім — каравай, затым — васьміканцовую зорку і зялёны фартух, замацаваны на драўляных граблях. Усе гэтыя сімвалы давяраюць толькі мужчынам. У полі святар чытае малітву і акрапляе зямлю, а жыхары заклікаюць апекуна Юр'ю наступнымі рытуальнымі словамі:
«Юр'я, устань рана, умыйся бела.
Прычашыся, прыбярыся, бяры ключы,
ідзі ў стайню, сядлай каня,
едзь у поле, адмыкай зямліцу, пускай расіцу».
У зямлю закопваюць акраец чорнага хлеба, абвязаўшы сімвалічнай чырвонай стужкай, каб збожжа ўрадзіла багата. Затым усе спяваюць старадаўнія вясновыя песні, а зялёны фартух мяняюць на чырвоны. Вярнуўшыся з поля, святочная працэсія водзіць карагоды ля кожнай хаты, а гаспадары дзякуюць удзельнікам пачастункамі.
У 2019 годзе «Юраўскi карагод» у вёсцы Пагост увайшоў у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Як і «Калядныя цары», гэты абрад мае статус спадчыны, якая мае патрэбу ў ахове. Нават узгодненыя намаганні міжнароднай супольнасці пакуль не дапамагаюць, канстатуюць у ЮНЕСКА. Цяпер абодвум абрадам пагражае знікненне.
Будслаўскі фэст
Гэта маштабнае маляўнічае свята ў гонар Будслаўскай іконы Божай Маці. Святыня захоўваецца ў касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, што вядомае як месца, дзе перад вернікамі з'явілася Найсвяцейшая Панна Марыя. Паводле легенды, гэта адбылося 2 ліпеня 1588 года.
Абраз Маці Божай невядомага аўтара XVI стагоддзя прайшоў доўгі шлях у Беларусь з Ватыкана. Святыню з рук папы Клімента VIII атрымаў мінскі ваявода Ян Пац, а перад смерцю пакінуў яе свайму святару. У 1613 годзе той апынуўся ў Будславе і даведаўся ад людзей, што падобная выява ўжо з'яўлялася жыхарам гэтых мясцін. Тады святар вырашыў пакінуць ікону тут.
Выява Божай Маці з немаўлём Ісусам інкруставаная каштоўнымі камянямі. Апраўляюць абраз срэбны аклад і рама з арнаментам у стылі позняга Рэнесансу. Пасля каранацыі іконы ў 1998 годзе Будслаўскі касцёл атрымаў статус Нацыянальнага санктуарыя, гэта значыць сховішча святыні — апякункі краіны. У 2021 годзе ў касцёле адбыўся пажар, але абраз не пацярпеў, яго паспелі вынесці.
Будслаўская ікона славіцца шматлікімі цудамі: кагосьці вылечыла ад слепаты, кагосьці ад раку, кагосьці — ад бяздзетнасці. Кажуць, у касцёле нават былі кнігі, дзе фіксавалі ўсе цуды, але пры савецкай уладзе запісы знішчылі.
З XVII стагоддзя пілігрымы прыходзілі пакланіцца абразу Божай Маці. Першая афіцыйная масавая пілігрымка да святыні ў сучаснай Беларусі адбылася ў 1992 годзе. Цяпер у першую пятніцу і суботу ліпеня ў Будслаў прыязджаюць і прыходзяць тысячы вернікаў.
Паломнікі жывуць у лагерах, якія разбіваюць на шляху, а жыхары бліжэйшых вёсак сустракаюць вернікаў, прапануючы вячэру і начлег. Ужо ў Будславе, калі да абраза застаюцца апошнія метры, людзі становяцца на калені і так пераадольваюць астатнюю адлегласць. Стала папулярнай і «велапілігрымка»: за некалькі дзён да свята ад мінскага Чырвонага касцёла паломнікі выпраўляюцца ў Будслаў на роварах.
Праграма духоўнага свята ўключае сустрэчу і прывітанне пілігрымаў святарамі, святыя імшы, якія ідуць адна за адной, моладзевае малітоўнае чуванне, адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту, гадзіны малітвы Божай Маці ды іншыя дзействы. У галоўны дзень Будслаўскага фэсту, 2 ліпеня, святкуецца ўрачыстасць іконы Маці Божай. Самыя запамінальныя моманты свята — вячэрняя служба і працэсія ў цемры. Тысячы вернікаў запальваюць свечкі і ў хросным ходзе ідуць за абразом да цэнтра Будслава.
У спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва Будслаўскі фэст уключылі ў 2018 годзе.
Цалкам матэрыял пра культурную спадчыну Беларусі, якая ўваходзіць у спіс ЮНЭСКА, чытайце тут.