Дзень рускай мовы
Дзень рускай мовы — памятны дзень, указ пра які падпісаны прэзідэнтам РФ 6 чэрвеня 2011 года: «Устанавіць Дзень рускай мовы і адзначаць яго штогод, 6 чэрвеня, у дзень народзінаў вялікага рускага паэта, заснавальніка сучаснай рускай літаратурнай мовы А. С. Пушкіна».
illustrators.ru
У гэты ж дзень,
у рамках праграмы падтрымкі і развіцця шматмоўя і культурнай разнастайнасці, у ААН адзначаецца Дзень рускай мовы.
Адна з мэтаў гэтай праграмы — падтрыманне раўнапраўя ўсіх шасці афіцыйных моў ААН: ангельскай, арабскай, іспанскай, кітайскай, рускай і французскай.
Як нагадвае Эксперт, руская мова цяпер з'яўляецца роднай для 144 млн чалавек. У 79 краінах існуюць адмысловыя ўніверсітэцкія праграмы па вывучэнні мовы, у 54 дзяржавах вядзецца школьнае навучанне на рускай. У сакавіку 2013 года руская мова стала другой па пашыранасці ў сетцы інтэрнэт. На рускай у сеціве гавораць амаль на 6% рэсурсаў.
У Беларусі руская мова з'яўляецца адной з дзвюх дзяржаўных моў. Гэты статус руская мова атрымала паводле вынікаў рэспубліканскана рэферэндуму, калі за наданне рускай мове статуса дзяржаўнай прагаласавалі 83,3% грамадзян, якія прынялі ўдзел у рэферэндуме.
Тым не менш спрэчкі аб статусе рускай мовы ў нашай краіне не сціхлі дасюль. Хтосці выказвае радыкальнае меркаванне, што гэта «навязаная акупацыйная» мова. Іншыя заўважаюць, што руская мова ў Беларусі гэта «сурагат», збеднены і спрошчаны варыянт мовы, бо натуральных крыніц яе сілкавання і папаўнення («эмісійнага цэнтра») няма.
Рэгулярна выказваў сваё стаўленне да рускай мовы Аляксандр Лукашэнка. Так, падчас прэс-канферэнцыі ў снежні 2011 года ён сказаў:
«Неяк Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін казаў мне дзякуй, маўляў, вы — адзіная краіна, рускую мову не крыўдзіце. Я кажу: "Стой, стой, стой. А ў чым праблема?" Я думаю, ты лічыш, што руская мова — гэта твая мова, расійская, як кажуць нашы апазіцыянеры. Але руская мова — гэта і наша мова. Я расцэньваю мову як нешта жывое. Бо мы туды сваю душу ўклалі. Чаму мы камусьці павінны аддаць гэту рускую мову?» — заявіў прэзідэнт.