Эпоха Німеера
Калі 30 год таму ў савецкіх ВНУ студэнты вывучалі курс сучаснай архітэктуры, ім падавалася, што бразільскі дойлід Оскар Німеер, аўтар ці не апошніх глабальных праектаў, даўно належыць гісторыі.
Між тым толькі сёння, 7 снежня 2012 года Бразілія развітваецца са сваім выдатным сынам, які пакінуў гэты свет 2 дні таму, 10 дзён не дажыўшы да 105-годдзя.
Музей творчасці Німеера ў Курытыбе архітэктар паспеў спраектаваць да ўласнага 95-годдзя ў 2002 г.
Увасобленыя ім вобразы даўно разышліся як на наследаванні калег па цэху, так і на метафарычныя цытаты. Прыгадаем іранічнага Уладзіміра Высоцкага: «на горе стояло здание ужасное, издаля напоминавшее ООН»
Катэдра ў Бразіліа, 1960-1970.
У адрозненне ад іншага вялікага аўтара ХХ стагоддзя, Ле-Карбюзье, які ў сваіх праектах мог запланаваць знос старадаўніх сабораў Парыжа дзеля роўных ліній вуліц сучаснай планіроўкі і
стандартных высотак, свае фантазіі Німеер выносіў на незабудаваныя абшары свабодных земляў. Пры спрыянні новаабранага амбітнага прэзідэнта Бразіліі Жуселіну Кубічака да 5-годдзя яго кіравання ў
1960-м вырасла новая сталіца краіны горад Бразіліа.
Большасць афіцыйных будынкаў — творы Німеера. Горад, які ў плане нагадваў самалёт і сімвалізаваў будучы ўздым краіны. Зусім як новая сталіца-фантазія Астана ў Казахстане: падобныя праекты ажыццяўляюцца пад кіраўніцтвам моцнай аўтарытарнай улады. Ідэі жорстка арганізаванай і кіраванай сацыяльнай дзяржавы былі даспадобы Німееру, шматгадоваму сябру і нават старшыні Бразільскай кампартыі з 1992 па 1996 гады. Але не толькі палітычная блізкасць тлумачыць папулярнасць яго творчага набытку ў былым СССР.
Сталіца Бразіліа: Палац ураду, 1960
Новыя жылыя дамы: праект “Копан у Сан-Паулу, 1951–1965
Адзін з першых Німеер адчуў тэхналагічныя перавагі цэльналітых жалезабетонных канструкцый і прапанаваў гнуткімі лініямі ажывіць сум канструктывісцкіх геаметрычных форм — ідучы да
пірамідальных, купальных, кубкападобных і нават антрапаморфных вобразаў. Часам сцены яго будынкаў выгінаюцца як палотны раздзьмутыя ветрам, часам функцыянальна і надзейна мацуюцца дугамі ліній
падобных да травінак калон.
Спалучэнне эстэтычнага і практычнага ў яго праектах падаравала натхненне сотням дойлідаў па ўсім свеце, і ўвасабленне яго ідэй жыве і ў архітэктуры беларускай сталіцы. Ад Палаца спорту да Палаца
мастацтваў, ад гасцініцы «Беларусь» з яе крыламі-ветразямі да купала Камароўкі, ад прамысловых будынкаў да сучаснага эканамічнага жытла, узведзенага па тэхналогіі ліцця
каркасу.
З Німеерам прыйшла і сыходзіць эпоха.