Этнаграфія на месяцы фатаграфіі
Скончыліся асноўныя мерапрыемствы Месяца фатаграфіі ў Мінску. На выставах можна было пабачыць не толькі сучасныя канцэптуальныя творы, а і старыя фотаздымкі.
Ужо не першым разам у Мінску паказалі калекцыю
праекту Albom.pl. Сёлета экспанаваліся фота,
звязаныя з пахаваннем. Выстава атрымала назву «Што не памірае, тое і не жыло». У
2014-м на першым Месяцы фатаграфіі ў Мінску Albom.pl таксама экспанаваў здымкі
з пахаванняў, але тады гэта не было асноўнай тэмай. Можна было пабачыць таксама
старыя вясельныя фота, разгледзець дэталі традыцыйнага адзення. Выявы паходзілі
з беларуска-польскага памежжа. Сёлета выставілі фота з Беласточчыны.
На думку антраполага культуры Ёанны Такарскай-Бакір, «сённяшняя культура са сваім культам маладосці, наўпрост несмяротнасці, баіцца
смерці, як д’ябал святой вады. (…) Свет, які ўжо не верыць у аніякую праўду,
які бачыць ва ўсім маску і позу, бароніцца ад гэтай няўхільнай праўды ўсімі
магчымымі сродкамі».
«Звычайная» смерць усё менш прысутная ў польскай культуры.
Людзі паміраюць не ў акружэнні сям’і, а ў бальнічных палатах, труна з памерлым
ужо не стаіць тры дні дома, усё часцей блізкія наведваюць нябожчыка ў капліцы.
Тое ж можна сказаць і пра Беларусь, асабліва пра гарады. Ужо далёка не ўсюды каля
нябожчыка сядзяць цэлую ноч. Калі польскія сябры, нават антраполагі, чуюць ад
мяне, што ў Беларусі гэты звычай усё ж яшчэ жывы, то моцна здзіўляюцца.
У
Польшчы мала дзе цяпер сама сям’я займаецца пахаваннем, часцей яго арганізацыя
даручаецца адмысловым агенцыям. Зрэшты, гэтая «гарадская» тэндэнцыя не
супярэчыць правілам, што дзейнічалі ў сельскай абшчыне. Смерць успрымалася як
структурны шок для сям’і нябожчыка, родныя і суседзі бралі на сябе нават частку
штодзённых гаспадарчых клопатаў, не толькі ўласна звязаныя з пахаваннем.
У гарадской культуры такіх шырокіх і моцных сацыяльных сувязей людзі не маюць, таму ўзнікаюць адпаведныя сервісы. Працэс можна параўнаць з доглядам малых і старых, які паступова ад сям’і пераразмяркоўваецца да дзяржаўных і прыватных структур: дзіцячых садкоў, дамоў састарэлых…
Да таго ж у традыцыйнай культуры смерць не
ўспрымалася як нешта надзвычайнае. Сем’і былі большыя, а жылі людзі менш. Таму індывід
сутыкаўся са смерцю кагосьці з родных значна раней, чым у сучасным жыцці. Да
таго ж часта паміралі малыя дзеці. Панавала іншая мадэль узнаўлення
насельніцтва: калі цяпер сярэднестатыстычная жанчына мала нараджае і большая
частка дзяцей дажывае да шлюбнага ўзросту, то ў даіндустрыяльным грамадстве
нараджалася шмат дзяцей, але шмат і памірала.
Адсюль не зусім зразумелае для сучаснага чалавека імкненне зафіксаваць пахаванне на здымку: смерць — такі ж «пераход» у новы статус, як хрэсьбіны ці вяселле. Да таго ж, магчыма, чалавека ні разу не фатаграфавалі пры жыцці. А калі і фатаграфавалі, то здымкаў у далічбавую эпоху было няшмат, стварэнне кожнага ўспрымалася як вялікая падзея.
Гэта бачна і па іншай экспазіцыі Месяца фатаграфіі, «Найлепшы бок» сацыякультурнага праета «Веха». Ініцыятыўная група сабрала здымкі на фоне саматканых посцілак з сямейных архіваў, фондаў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музею і Беларускага архіву вуснай гісторыі. На такіх фота амаль не пабачыш штодзённага жыцця. Гэта пераважна святочна апранутыя людзі, што парупіліся аб яскравым фоне і ўрачыста глядзяць у аб’ектыў.
Росквіт узорнага ткацтва прыпадае на 60
— 70-я гады ХХ стагоддзя, гэта не такая архаічная з’ява, як нам можа здавацца.
Посцілка нароўні з тэкстылем, вышытым гладдзю, і маляванымі дыванамі ўносіла ў даволі
цяжкое жыццё свежыя фарбы. Інтэр’ер святліц вясковых хат можна разглядаць як
метафару Райскага сада. Маляваныя дываны былі распаўсюджаны лакальна, вядомыя
ўзоры паходзяць з Паўночнай Беларусі і памежжа Палесся з Цэнтральнай Беларуссю.
Посцілкі ж ткалі па ўсёй Беларусі. Гэта быў універсальны святочны атрыбут, які
трапляў і на здымкі.
У межах Месяца фатаграфіі прайшло ўручэнне прэміі. Як распавёў галоўны арганізатар Андрэй Лянкевіч, каб абраць намінантаў, апыталі больш за 50 прыватных і дзяржаўных устаноў культуры, якія назвалі найбольш значныя праекты 2016 года ў намінацыях «Публікацыя года (кніга, артыкул, эсэ)», «Выстава / фотапраект года», «Фатограф / аўтарскі праект года», «Фотакуратар (куратарская група) года». Дзеля аб’ектыўнасці да ўдзелу дапусцілі толькі праекты, што не маюць ніякага дачынення да самога Месяца фатаграфіі. Пераможцаў абралі па сукупнай колькасці згадак усімі ўстановамі культуры.
Трэцяе месца ў намінацыі «Фатограф года» падзялілі Антон Матолька за знакамітае фота паўночнага ззяння ў колерах
беларускаа сцяга і Марына Бацюкова з фотапраектам «Сула. Непарыўнае». Арт-аб’екты
Марыны (вялікія фота з абраду «Страла» ў Веткаўскім раёне, надрукаваныя на
банэрным палатне) з мая да верасня 2016 г. экспанаваліся ўпісанымі ў
архітэктурную прастору дворыка Нацыянальнага мастацкага музея.
Марына казала: «Сула. Непарыўнае» — гэта сацыяльны і арт-праект з этнаграфічным складнікам. Ён пра наша сённяшняе стаўленне да нацыянальных каштоўнасцяў. У людзей кросны ў дамах, яны носяць строі, пяюць. Традыцыя застаецца, але і глабалізацыя тут, паўсюль. Бабулькі апранаюць цудоўныя старыя кашулі, а на нагах у іх будуць красоўкі «Адзідас». Але ад таго, што гэта ўсё ў гэтым месцы, з гэтымі людзьмі, глабалізацыя атрымліваецца таксама аўтэнтычнай».
Альбом Марыны Бацюковай «Свае гісторыі» заняў другое месца ў намінацыі «Публікацыя года» прэміі Месяца фатаграфіі. Пра альбом пісаў для НЧ Юрый Васільеў. Праект быў прысвечаны даследаванню месца старой фатаграфіі ў жыцці сучаснага грамадства. Як бачна па экспазіцыі і прэміі Месяца фатаграфіі, старыя фотаздымкі застаюцца актуальнымі і становяцца складнікамі сучасных праектаў.
Поўны спіс намінантаў прэміі Месяца фатаграфіі можна паглядзець тут.
Пераможцы ў намінацыях «Фатограф года» і «Фотакуратар года» Аляксандр Васюковіч і Антаніна Серакова з камандай куратараў выставы «Кандэнсат» змогуць узяць удзел у наступным Месяцы фатаграфіі з фінансавай і арганізацыйнай падтрымкай. Грашовых выплат пераможцам прэміі не прадугледжана. Як патлумачыў Андрэй Лянкевіч, спонсары не вельмі ахвотна падтрымліваюць канцэптуальную фатаграфію: брэнды хочуць асацыявацца з чымсьці пазітыўным, а фатографы часта падымаюць «цяжкія» тэмы.
Дзве выставы Месяца фатаграфіі пройдуць у кастрычніку: «Месца» ў Доме культуры вёскі Лынтупы Пастаўскага раёна (здымкі з пленэру, які адбыўся ў чэрвені ў арт-вёсцы Каптаруны) і «Беларусі прысвячаецца…» ў Нацыянальным гістарычным музеі (фатаграфіі Льва Дашкевіча, да 135-годдзя з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы).