Пад Парыжам адкрываецца фотавыстава беларускі Юліі Ружэчка
Беларуская фатографка Юлія Ружэчка сёння адкрывае сваю выставу «Інтраспекцыі» ў культурнай прасторы пад Парыжам.
У інтэрв’ю сайту ГА
"БАЖ" Юлія распавядае пра вучобу ў Францыі, узгадвае працу
журналісткай у Беларусі і дае парады фрылансерам.
Хацелася стварыць нешта новае са старых складнікаў, як у калейдаскопе
— “Інтраспекцыі” складаюцца са здымкаў 2008–2017 гадоў, частка была зроблена яшчэ ў Беларусі, частка ў Грэноблі (паўднёвы ўсход Францыі. — рэд.), дзе я жыву цяпер, асобная серыя прысвечаная Берлінскаму муру. Выстава будзе экспанавацца з 6 да 11 кастрычніка ў культурнай прасторы O'Gib у Мантроі, прыгарадзе Парыжа.
Ідэя выставы належыць арт-куратарцы Армадзін Шасл. Яна хацела сумясціць розныя віды мастацтва і прапанавала мне выбраць свае здымкі для вернісажу, якія б праходзіў пад выступ гурта 3 minutes sur mer. Ён будзе граць у першы дзень працы выставы. Музыка гэта даволі меланхалічная, задуменная, вельмі інтраспектыўная. Гэта адпавядае настрою маіх здымкаў. Я фатаграфую каля 10 гадоў, задумваюся аб тым, што было зроблена, што чакае наперадзе і што такое ўвогуле фатаграфія.
Падрыхтоўка праекта заняла 3 месяцы. Я нічога не здымала адмыслова, мне хацелася пераасэнсаваць, што такое фатаграфія для мяне, стварыць нешта новае са старых складнікаў, як у калейдаскопе. На выставе будуць здымкі з маіх даўніх купальскіх рэпартажаў для беларускай “Салідарнасці”, апошнія працы аб рамесніках з ваколіцаў Грэнобля, што публікаваліся ў мясцовай газеце Place Gre'Net. Серыя пра Берлінскі мур нерэпартажная, там абстрактныя здымкі. Я нарадзілася ў год, калі мур абрынуўся, і падчас вучобы ў магістратуры ўніверсітэта Paris 8 Vincennes Saint-Denis вырашыла даследаваць гэты феномен сродкамі фотамастацтва.
Пра вучобу і працу ў Беларусі
Я пісала і здымала для “Салідарнасці” і яшчэ фрылансіла на іншыя выданні. Спачатку рабіла толькі тэксты, але заўсёды думала пра фотаздымкі, бо мой бацька, Аляксандр Ружэчка, фатограф. Неяк парасіла яго навучыць мяне здымаць.
Артыкулы я пісала са школы, мы з сябрамі прыдумлялі розныя газеты, і я заўсёды хацела працаваць у СМІ. Я вучылася ў Ліцэі БДУ ў філалагічным класе, там быў вельмі высокі ўзровень выкладання і творчая атмасфера, ва ўніверсітэце мне такой атмасферы не ставала. Выбіраючы паміж філфакам і журфакам, спынілася на першым варыянце, бо перавагі журфака, на мой погляд, не ў малой ступені ў тым, што ён дае сувязі ў прафесійнай супольнасці. А я такія сувязі ўжо мела.
Мне вельмі пашанцавала вучыцца адначасова з працай, вельмі дапамагалі рэдактары і калегі. Яшчэ школьніцай я прыходзіла ў рэдакцыі буйных моладзевых СМІ і больш вопытныя журналісты давалі мне парады. Пасля Ліцэя БДУ вучыцца ва ўніверсітэце было сумнавата, перад другім курсам я перайшла на завочнае, а пасля трэцяга вырашыла не працягваць вучобу і з’ехала ў Парыж.
Пра вучобу і працу ў Францыі
Ва ўніверсітэта Paris 8 Vincennes Saint-Denis я абрала факультэт мастацтва, аддзяленне фатаграфіі. У Францыі не трэба здаваць іспыты, каб паступіць вучыцца, пануе прынцып, што адукацыя павінна быць дасяжнай для ўсіх, прынамсі на першых курсах. Каб паступіць на бакалаўрыят, трэба было толькі здаць лінгвістычны тэст і напісаць матывацыйны ліст. Спецыялізацыя па фатаграфіі пачынаецца з трэцяга года, і там ужо ёсць конкурсны адбор. А першыя два курсы вывучаюцца агульныя мастацтвазнаўчыя прадметы. Пасля бакалаўрыяту я вучылася адразу ў дзвюх магістратурах: на фотамастацтве ў Paris 8 Vincennes Saint-Denis і яшчэ вывучала культурны мэнэджмэнт у галіне міжнароднага мастацкага супрацоўніцтва. Паля вучобы пераехала ў Грэнобль, дзе займаюся фрылансам.
Спачатку я думала, што ў Парыжы адразу знайду працу. Але фрыланс — гэта нялёгкі шлях, на новым месцы трэба знаёміцца з журналістамі і рэдактарамі, уваходзіць у прафесійную супольнасць. Адразу па прыездзе ў Францыю я думала, што беларускага партфоліа будзе дастаткова, каб атрымаць працу і займацца далей журналістыкай. Часта мне адказвалі, што чакаюць матэрыялаў, знятых у Францыі, і іх ужо будуць разглядаць.
Мая першая публікацыя ў Францыі была дармовай, нічым мне не дапамагла. Зразумеўшы, што для напрацоўкі французскага партфоліа і знаёмстваў трэба шмат часу, я вырашыла засяродзіцца на вучобе, а падпрацоўвала як усе студэнты. У мяне былі нейкія фрыланс-замовы на здымкі, але гэта была не рэпартажная журналісцкая фатаграфія. Пераехаўшы ў Грэнобль, я напісала ў адно мясцовае інтэрнэт-выданне, што мне падабалася. Было доўгае сумоўе, потым павольны пачатак супрацы, з аднаго-двух артыкулаў на месяц. Падавалася б, Парыж вялікі горад і там працу знайсці прасцей, але ў мяне хутчэй атрымалася ў Грэноблі.
Пра Карані і беларушчыну
Купальскія здымкі, што будуць экспанавацца на “Інтраспекцыях”, — гэта для мяне разважанні пра тое, хто мы, беларусы, адкуль… Калі жывеш за мяжой, гэтыя пытанні ўспрымаюцца па-іншаму, не так, як дома. У Беларусі я не думала пра гэта. Думаю, такія развагі прыходзяць з жыццёвым вопытам… Я размаўляла часам па-беларуску, пэўны перыяд нават з усімі, у тым ліку з людзьмі, якія гэта не вельмі станоўча ўспрымалі. Тады ў мяне быў перыяд знаёмства з беларускай літаратурай, рок-музыкай. Пэўна, беларушчына заўсёды была мне блізкай, яшчэ маленькай бацькі вадзілі мяне на рок-каранацыі… Цяпер я размаўляю па-беларуску ў залежнасці ад суразмоўцы і абставінаў. У Францыі я задумалася аб тым, што адчуваю сябе і тут не сваёй, і там не сваёй. Я ведаю, дзе мае карані, яны ў Беларусі, але жыву я ўжо шмат год у Францыі, і такія інтраспекцыі, развагі пра карані, пра сябе, пра традыцыі мяне вельмі хвалююць.
Фатаграфія для мяне — гэта гісторыі і сустрэчы. Я найбольш люблю рэпартажны жанр, ён мне самы блізкі і цікавы. Здымаючы рамеснікаў у ваколіцах Грэнобля, я не ставілася да гэтага, як да рэпартажа, які трэба зрабіць і забыцца. Я бавіла з майстрамі шмат часу, гутарыла, потым разважала над іх думкамі, якімі яны са мной падзяліліся.
У фотапраекце пра Берлінскі мур я спрабавала паказаць горад між Усходам і Захадам, між мінулым і будучыняй. Я думала пра тое, што калі б мур не абрынуўся, я не змагла б вучыцца ў Францыі, маё жыццё было б зусім іншым. Горад шукае сябе на гістарычных і часовых скрыжаваннях, і гэта метафара таксама майго самаадчування.
Не ведаю, ці добра пасуе для “Інтраспекцый” азначэнне “праект”. Праект патрабуе нейкіх правілаў, алгарытмаў… Іх трэба ведаць, але не абавязкова для таго, каб выконваць, а часам і каб парушаць.
Я хачу здымаць больш, рабіць мультымедыйныя праекты і фотагісторыі. Ідэй і планаў шмат, але жыццё паказвае, што планы могуць вельмі хутка мяняцца.