Фестываль “Рок па вакацыях” не адбудзецца

Фестываль “Рок па вакацыях”, які меўся прайсці ўвечары 19 верасня, не адбудзецца. Пра гэта “Новаму часу” паведаміў вядомы рок-выканаўца Аляксандр Памідораў.



rok_pa_vakacyjach.jpg

— На вялікі жаль, фэсту не будзе, пра гэта з большага афіцыйна яшчэ ўчора паведаміў яго арганізатар Павел Кашырын, хоць гэтая інфармацыя чамусьці не набыла розгаласу. Па словах арганізатара, фестываль не адбудзецца з фінансавых прычынаў. Зараз вельмі няпэўная сітуацыя на беларускім канцэртовым фронце ў нашым горадзе, — адзначае суразмоўца. — Апошнія канцэртовыя падзеі, якія б яны ні былі буйныя, чамусьці, на жаль, няшмат збіраюць людзей. Іх нават не выпадае прывабіць замежнай зоркай. Усім музыкам, якія былі запланаваныя на ўдзел у гэтым фестывалі, вельмі шкада, што так атрымалася, бо гэты фестываль заўсёды выконваў пэўную ролю, каб музыкі пасля вакацыяў, перапынку ў бессезонне выходзілі і паказвалі нешта старое ў новых пераасэнсаваннях альбо новыя рэчы. Гэта заўсёды быў фестываль, з якога стартавала новая форма канцэртнага сезона. На жаль, сёлета гэтага гэта не адбудзецца, як тое ўжо было ў 1997 годзе, калі гэты фестываль быў забаронены цягам сямі гадоў.   

     

— Ці ёсць перспектыва, што ў наступныя гады фестываль будзе працягвацца, ці на ім ужо можна ставіць крыж?

— Як музыка, я не хацеў бы ставіць кропку на гэтым фестывалі, бо гэты фестываль мае сваю задачу і сваю нішу ў музычнай гісторыі Беларусі. Гэты фестываль адбываецца ў Мінску, але ў ім заўсёды ўдзельнічалі гурты з розных куткоў Беларусі. Так і сёння меліся выступіць музыкі з Гомеля, іншых месцаў краіны.

Зараз ці то пад інфармацыйным уплывам, ці то з іншай прычыны, але на канцэрты беларускіх музыкаў нават пры моцнай рэкламе ў тысячную залу збіраецца чалавек чатырыста. І гэта на вядомыя беларускія гурты. А на які-небудзь малавядомы расійскі гурт, які быў створаны пару месяцаў таму, але які ўжо паказалі па тэлевізіі ці ў інтэрнэце, збіраецца тысяча чалавек, каб паглядзець на немаведама што. Стандартная гісторыя для Беларусі, якая не змяняецца ўжо дваццаць ці нават больш гадоў.  

З чым гэта звязана?

— Гэта стары прынцып, які апісаны яшчэ Платонам, а таксама ў Бібліі, у Старым і Новым Запаветах, што сваё нічога не вартае, а вось чужое…

Карацей, усе заяўленыя беларускія музыкі вельмі шкадуюць, што гэты фестываль не адбудзецца, бо ўсім хацелася выйсці на сцэну і згуляць свае 25–30 хвілінаў.

Я хачу звярнуцца да арганізатараў, каб яны не пакідалі ідэю гэтага фестывалю, каб ён працягваўся на будучыню, каб да яго спрычынялася больш людзей. І не толькі да гэтага фестывалю. Хацелася б, каб мы больш увагі звярталі на тое, што адбываецца сярод нас і побач з намі. Калі мы будзем толькі глядзець паабапал і не заўважаць таго, што ў нас перад носам, то мы можам страціць не толькі сваю рок-культуру, але і сваю культуру ўвогуле.