Фольга, папіросная папера і зеляніна: з чаго рабілі вясельныя вянкі 100 год таму (фота, відэа)

Калісьці шлюбныя сукенкі былі чорнымі, а вянкі маладых імітавалі кветкі апельсіну. Разбіраемся ў даўнейшай вясельнай модзе.

Вяселле на Брагіншчыне. З калекцыі Настассі Глушко

Вяселле на Брагіншчыне. З калекцыі Настассі Глушко


Складана дакладна сказаць, адкуль узяліся штучныя вянкі і ці папярэднічалі ім вянкі з натуральных кветак. Самая старая згадка вясельных вянкоў на тэрыторыі Беларусі — апісанне Паўля Одэрборна XVI стагоддзя. Па яго звестках з паўночнай часткі краіны, абодва маладыя, і жаніх, і нявеста, мелі вянкі з галінак пладовых дрэў, абвітыя стужкамі. «Пазнейшыя штучныя вянкі маюць свой сэнс, — кажа прадстаўніца Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, майстрыца Настасся Глушко.Выраб з натуральных кветак ссохне і рассыпецца, а ён жа сімвалізуе сам шлюб і каханне! А штучныя вянкі захоўвалі доўга».

1924 г., в. Нямовічы Сарненскага пав. Палескага ваяв. Расплятанне дзявочай касы. Фота Станіслава Дваракоўскага.

1924 г., в. Нямовічы Сарненскага пав. Палескага ваяв. Расплятанне дзявочай касы. Фота Станіслава Дваракоўскага.


Настасся Глушко распавяла пра традыцыйны матэрыял для беларускіх вясельных вянкоў: «Гэта папера, дрот, воск і так званая «стружка» — тонкі матэрыял з драўніны, яго прадавалі ў крамах. Раней маглі рабіць вянкі з тканіны, для каркаса выкарыстоўваць бяросту, альбо, пазней, кардон. Варыянт з модных часопісаў — пружынка з дроту, перацягнутая ніткай. Яна такім чынам утварала акантоўку пялёсткаў. У ход ішла таксама фольга і папіросная папера. Да штучных кветак дадавалі свежую зеляніну: шпарагу, барвенак, папараць і самы шляхетны — мірт». Вянкі адрозніваліся ў залежнасці ад рэгіёну і маёмаснага стану маладых. «Напрыклад, у Старадарожскім раёне, як мы зафіксавалі ў экспедыцыі, да вянка мацавалі штучную касу, — дзеліцца Настасся цікавосткамі. — Гэта для абраду, калі брат «прадае» маладому касу сваёй сястры, маладой, і павінны яе сімвалічна адрэзаць. Таму выкарыстоўвалі падстаўную касу».


Канец 1940-х - пачатак 1950-х г., Случчына, Мінская вобл. Архіў Сяргея Лескеця

Канец 1940-х - пачатак 1950-х г., Случчына, Мінская вобл. Архіў Сяргея Лескеця


Вянок для маладой маглі зрабіць сяброўкі ў дзявочы вечар, а таксама хросная ці проста вопытная майстрыха. Яго маглі пазычыць ці набыць на кірмашы. Вянок сімвалізаваў чысціню дзяўчыны. Нявесты, што страцілі дзявоцкасць, і ўдовы, якія выходзілі замуж другім разам, вянок не надзявалі.

Здымала вянок з маладой на другі дзень вяселля свякруха ці хросная. Незамужнія сяброўкі маладой імкнуліся яго памераць, верачы, што гэта прыспешыць іх уласны шлюб. Потым вянок захоўвалі ў хаце мужа на покуці, за абразамі. Сустракаюцца і, наадварот, забароны мераць чужы вянок і нават дакранацца да яго. У такім выпадку вянок здымалі з маладой чапялой. Звычай не здымаць з маладой вянка рукамі фіксуецца і ў іншых народаў. Вянок маглі здымаць шабляй (у славенцаў), мячом (у латышоў), касой (у славакаў), нажом (у харватаў і славенцаў), віламі (у славенцаў і славакаў), скалкай ці палкай (у балгар і македонцаў), посахам пастуха (у русінаў).

Такім чынам, прадмет, што прыносіць дабрабыт (дапамагае выйсці замуж), становіцца небяспечным (яго нельга здымаць рукамі). Дваістым з’яўляецца ў цэлым вобраз маладой, якая знаходзіцца ў небяспечным стане пераходу ад дзявочага да замужняга жыцця. Адначасова спрыяльнымі дабрабыту і небяспечнымі становяцца і рэчы, што ёй належаць.

У вянку сіраты (а сіратой лічылася дзяўчына, у якой памёр хаця б адзін з бацькоў) кветкі звычайна былі белымі ці зялёнымі, у адрозненне ад ружовых ці чырвоных у нявесты з поўнай сям’і. Белы колер выступае як апазіцыя чырвонага, які сімвалізуе жыццёвы пачатак, нараджэнне. Пра сірату казалі «Гэта святая дзеўка», таму што бацькі яе ўжо ўваходзілі ў лік шанаваных продкаў, дзядоў. Адно са значэнняў індаеўрапейскага «sveta» — белы. Белыя кветкі на вянку маладой-сіраты можна разглядаць як сімвал яе жалобы па памерлых бацьках.

Экспазіцыя Музея еўрапейскіх культур у Берліне. Фота Алены Ляшкевіч
Вясельныя вянкі сустракаюцца ў традыцыйнай культуры шмат якіх еўрапейскіх народаў. У апісанні ж звычаяў нямецкіх сялян з Гесэна можна пабачыць шмат беларускіх паралеляў: «Выраб вясельных карон быў справай дарагой і складанай. У каго не было грошаў, пазычалі карону. Заможныя сем’і дэманстравалі дарагой вясельнай каронай сваё багацце. Цяжарныя жанчыны павінны былі ісці да алтара без кароны, каб іх «падзенне» было ўсім заўважна».

Каралева Англіі Вікторыя ў шлюбным уборы. Вяселле адбылося 10 лютага 1840 г. у Лондане. Мастак Франц Ксав'ер Вінтэрхальтэр

Каралева Англіі Вікторыя ў шлюбным уборы. Вяселле адбылося 10 лютага 1840 г. у Лондане. Мастак Франц Ксав'ер Вінтэрхальтэр


Нягледзячы на глыбокі сімвалізм, што мае сялянскі вясельны вянок, ёсць версіі «спускання» гэтага атрыбута з «высокай» культуры. Быццам бы прататыпам для народаў Еўропы стаў шлюбны вянок каралевы Англіі Вікторыі, якая выйшла замуж у 1840 годзе. Кветкі ў вянку імітавалі флёр-д-аранж (апельсін). Звычайна іх рабілі з воску ці атласу. Белая сукенка каралевы таксама паўплывала на вясельную моду: да таго жаніліся ці проста ў святочных строях, упрыгожаных вясельнымі атрыбутамі, ці ў адмысловых чорных сукенках (больш заможныя сялянкі). Белы ўбор нявесты спачатку ўвайшоў у побыт арыстакратыі, а потым стаў усенародным.


У шведскіх сялянак вясельныя галаўныя ўборы маглі мець форму і вянка, і кароны, а часам іх складана між сабой адрозніць. Даследчыкі выводзяць карані вясельных сялянскіх карон ад карон вянчальных, царкоўных. Яны аздобленыя стужкамі і/ці фатой. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя шведскія сялянкі бралі шлюб у чорных сукенках, а арыстакраткі — ужо ў белых. Сярод незвычайных для беларусаў атрыбутаў — вясельныя аздобленныя торбачкі, пальчаткі. Як і нашы продкі, шведы рабілі вясельныя ўпрыгожанні для хат — «павукоў».
Хутчэй за ўсё, мода вышэйшых саслоўяў уплывала толькі на форму сялянскіх вясельных вянкоў, але не на сам факт іх з’яўлення.

Вясельны вянок з Магілёўшчыны. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей

Вясельны вянок з Магілёўшчыны. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей



Вясельныя вянкі з Заходняга Палесся. Калекцыя Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту

Вясельныя вянкі з Заходняга Палесся. Калекцыя Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту

1958 г., в. Спорава, Бярозаўскі р-н, Брэсцкая вобл. Міхаіл Міхайлавіч Лютыч і Вера Рыгораўна Казека. Архіў Анастасіі Даніловіч

1958 г., в. Спорава, Бярозаўскі р-н, Брэсцкая вобл. Міхаіл Міхайлавіч Лютыч і Вера Рыгораўна Казека. Архіў Анастасіі Даніловіч


Хутчэй за ўсё, вэлюму, які мы бачым на большасці беларускіх вясельных здымкаў праз усё ХХ стагоддзе, папярэднічала спалучэнне яго са стужкамі, а да таго — проста стужкі, прымацаваныя да вянка. Расказваюць пра «трафейную цюль», якую пасля Другой сусветнай салдаты, што вярнуліся з вайны, прывозілі дамоў. Незаможныя маладыя карысталіся крухмаленнай марляй.

1950-я гг., в. Старіна, Лёзненскі р-н, Віцебская вобл. Алена Іванаўна Берзін і Віктар Варапаеў. Архіў Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея

1950-я гг., в. Старіна, Лёзненскі р-н, Віцебская вобл. Алена Іванаўна Берзін і Віктар Варапаеў. Архіў Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея


1962 г., в. Нізок, Уздзенскі р-н, Мінская вобл. Вяселле Мікалая і Ніны Пракаповічаў. Фатограф Мікалай Пракаповіч. Архіў Сяргея Лескеця

1962 г., в. Нізок, Уздзенскі р-н, Мінская вобл. Вяселле Мікалая і Ніны Пракаповічаў. Фатограф Мікалай Пракаповіч. Архіў Сяргея Лескеця


Фату часта насілі абкручанай вакол шыі, часамі нават два разы. Аднак на большасці вясельных здымкаў, што яскрава бачна ў калекцыі «Дзявочы вечар» праекта VEHA, фата ўсё ж распушчана па спіне.

1941 г., в. Котлы, Бельскі павет, Беластоцкае в-ва, Польшча. Марыя Крукоўская і Павел Пацэвіч. З кнігі «Kotły na gościńcu Litewskim»

1941 г., в. Котлы, Бельскі павет, Беластоцкае в-ва, Польшча. Марыя Крукоўская і Павел Пацэвіч. З кнігі «Kotły na gościńcu Litewskim»


На Падляшшы (беларуская этнічная тэрыторыя ў Беластоцкім ваяводстве сучаснай Польшчы) белыя вясельныя сукенкі з’явіліся толькі ў 1930-х гадах. Між тым, па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў не дужа далёкім ад Падляша Пружанскім павеце, мы іх бачым ужо ў 1920-х. Да таго часу маладыя жаніліся ў традыцыйных строях.

1929 г., в. Дабучын, Пружанскі р-н, Брэсцкая вобл. (Палескае в-ва, Пружанскі павет). Ілля Антонавіч Чарнуха і Праскоўя Нікіцічна Гумен. Архіў Музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

1929 г., в. Дабучын, Пружанскі р-н, Брэсцкая вобл. (Палескае в-ва, Пружанскі павет). Ілля Антонавіч Чарнуха і Праскоўя Нікіцічна Гумен. Архіў Музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

8 лістапада 1920 г., в. Пархімкавічы, Кіраўскі р-н, Магілёўская вобл. (Менская губ., Бабруйскі павет). Якаў Іванавіч і Улляна Рыгораўна Мельнікавы. Архіў Жыліцкага гістарычнага комплекса-музея

8 лістапада 1920 г., в. Пархімкавічы, Кіраўскі р-н, Магілёўская вобл. (Менская губ., Бабруйскі павет). Якаў Іванавіч і Улляна Рыгораўна Мельнікавы. Архіў Жыліцкага гістарычнага комплекса-музея

15 снежня 1926 г., а.г. Азярцы, Глыбоцкі р-н, Віцебская вобл. (Віленскае в-ва, Дзісенскі павет). Жаніх — Уладзімір Васільевіч. Архіў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея

15 снежня 1926 г., а.г. Азярцы, Глыбоцкі р-н, Віцебская вобл. (Віленскае в-ва, Дзісенскі павет). Жаніх — Уладзімір Васільевіч. Архіў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея

1920-1922 гг., в. Дробушава, Бешанковіцкі р-н, Віцебская вобл. Савелій і Наталля Надзежка. Архіў Вікторыі Харкевіч

1920-1922 гг., в. Дробушава, Бешанковіцкі р-н, Віцебская вобл. Савелій і Наталля Надзежка. Архіў Вікторыі Харкевіч

1950-я, г. Моталь, Іванаўскі р-н, Брэсцкая вобл. Архіў Любові Міховіч

1950-я, г. Моталь, Іванаўскі р-н, Брэсцкая вобл. Архіў Любові Міховіч


У той жа час, напрыклад, у Моталі элементы традыцыйнага строю на маладой можна пабачыць яшчэ ў 1950-х. Маладая ў традыцыйным фартуху, з-пад фаты відаць стужкі. У недалёкім ад Моталя Бездзежы яшчэ ў 1990-х захоўвалася значная роля традыцыйнага тэкстылю на вяселлі: у пасаг абавязкова ўваходзілі саматканыя ручнікі. Калі ні сама нявеста, ні старэйшыя жанчыны яе сям’і ўжо не ўмелі ткаць, то ручнікі замаўлялі мясцовым майстрыхам.

1930-я — 1940-я гг., в. Масева, Бельскі павет, Беластоцкае в-ва, Польшча (вёска знішчана гітлераўцамі ў 1941 г.). Архіў Музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

1930-я — 1940-я гг., в. Масева, Бельскі павет, Беластоцкае в-ва, Польшча (вёска знішчана гітлераўцамі ў 1941 г.). Архіў Музея-сядзібы «Пружанскі палацык»


Валанцёрка праекта VEHA Ася Вальковіч распавядае: «З 1920-х фатаграфаванне становіцца больш даступным, часцей з’яўляюцца групавыя партрэты, і не толькі ў студыі. Напрыклад, вось на гэтым здымку з вёскі Масева сабраліся сваякі з абодвух бакоў. Тут, верагодна, бацькі і пасаджаныя бацькі жаніха і нявесты, сваты, дружкі і сяброўкі. Цікавыя рамы з фотаздымкамі — так на агульным сямейным фота важнай падзеі як бы прысутнічаюць і продкі або адсутныя. Вянок нявесты ўпрыгожаны шпарагай, вечна зялёнай раслінай».

1950-я гг., г. п. Шарашова, Пружанскі р-н, Брэсцкая вобл. Міхаіл Амяльянец і Валянціна Філімовіч. Архіў Музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

1950-я гг., г. п. Шарашова, Пружанскі р-н, Брэсцкая вобл. Міхаіл Амяльянец і Валянціна Філімовіч. Архіў Музея-сядзібы «Пружанскі палацык»


«А вось вялікае традыцыйнае вяселле з сур'ёзна настроеннымі ўдзельнікамі, — працягвае Ася. — Адзначым выразную постаць свата: ён павязаны ручніком праз плячо і трымае ў руцэ упрыгожаны жэзл — сімвал свайго статусу».


Усё большая даступнасць тэхнікі дазваляла рабіць шмат фатаграфій з розным складам удзельнікаў вяселля. Заўважна, што людзі адчуваюць сябе перад аб'ектывам значна вальней.

Канец 1950-х гг., в. Сухаполь, Пружанскі р-н, Брэсцкая вобл. Архіў Музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

Канец 1950-х гг., в. Сухаполь, Пружанскі р-н, Брэсцкая вобл. Архіў Музея-сядзібы «Пружанскі палацык»



1970-я — 1980-я гг., в. Сялец, Асіповіцкі р-н, Магілёўская вобл. Архіў Ніны Міхадзюк

1970-я — 1980-я гг., в. Сялец, Асіповіцкі р-н, Магілёўская вобл. Архіў Ніны Міхадзюк


На фатаграфіі ўсё часцей трапляюць побытавыя моманты вяселля, якія раней заставаліся не зафіксаванымі, напрыклад, застолле.


Пра часы позняга СССР Ася Вальковіч кажа: «Пасля прыходу да ўлады Хрушчова ў Савецкім Саюзе пачынаецца чарговая антырэлігійная кампанія. Цэрквы масава зачыняюць, а часам і зносяць. Дзейнічае негалосная забарона на вянчанні. Уводзіцца ва ўжытак «новая савецкая абраднасць». Замест царквы маладым прапануюць ісці ў Палац шлюбаў, дзе яны, прыгожа апранутыя, у суправаджэнні сваякоў, змогуць урачыста ажаніцца. Афіцыйны сцэнар улучаў наведванне помнікаў рэвалюцыйным правадырам або ўскладанне кветак да ваенных манументаў. Адначасова выконваліся і старажытныя рытуалы. На апошнім здымку перад маладымі ляжыць хлеб, які адыгрываў важную ролю ў традыцыйных вясельных абрадах. Позні савецкі шлюб апынуўся мудрагелістай сумессю рытуалу, запазычанага з рэлігіі, старажытных, яшчэ дахрысціянскіх практык і новых абрадаў, прыдуманых ідэолагамі».

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч


Дарэчы, сённяшняя мода на «кэжуал» вяночкі прыйшла ў Беларусь з Украіны. Там, у сваю чаргу, аберучы з кветкамі сталі сучасным аксэсуарам менавіта пад уплывам традыцыйных вясельных вянкоў.
«Новы Час» дзякуе праекту Veha за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула.

(Архіўны артыкул. Упершыню апублікаваны 3 жніўня 2019)