Дажынкі па-падляшску: фестываль «Олень по бору ходіт» (фота, відэа)

На польскім Падляшшы жыве каля 50 тысяч карэнных, мясцовых беларусаў. Як яны захоўваюць свае ідэнтычнасць і мову? Спойлер: гэта няпроста. Адзін з асяродкаў беларушчыны ў Польшчы — Музей малой айчыны ў Студзіводах, які праводзіць жніўныя падляшска-палескія сустрэчы «Олень по бору ходіт».





Акрамя 50 тысяч карэнных беларусаў (гэта без уліку тых, хто прыехаў на працу з тэрыторыі сучаснай Беларусі), у Польшчы знойдзецца яшчэ каля 50 тысяч «палякаў з беларускімі каранямі». Гэта людзі, продкі якіх (часта з абодвух бакоў) былі беларусамі, але яны сябе ўжо так не ідэнтыфікуюць. Нягледзячы на канфесійны складнік, які, падавалася б, дазваляе аднесці католікаў Беласточчыны да палякаў, а праваслаўных ужо дзяліць на беларусаў і ўкраінцаў, гэта так не працуе: «праваслаўных палякаў» даволі шмат. Да того ж, рэлігійнасць насельніцтва тут не намінальная. Людзі ходзяць у храм штонядзелю, у вёсках шмат старых прыдарожных крыжоў, на якіх можна прачытаць просьбы аб Божай дапамозе і даты ўсталявання.


Прыдарожны крыж у вёсцы Малочкі

Прыдарожны крыж у вёсцы Малочкі

Да 1945 г. Беласточчына была часткай Беларусі. Гуляючы па Бельску Падляшскаму, думаеш: «Вось як мог бы выглядаць наш Каменец!». Старэйшыя беларусы на Падляшшы гавораць «па-свойму»: гэта не польская мова дакладна, але дыялект беларускай (ці паляшуцкай?), канечне, з дамешкам польскіх слоў. Гісторыі маладых свядомых беларусаў у Польшчы нагадваюць біяграфіі іх аднагодкаў з Беларусі, толькі «пункт выхаду» — польская мова, а не руская. Напрыклад, арганізатары фестывалю «Олень по бору ходіт» Дарафей і Ганна Фіёнікі былі польскамоўнымі да падлеткавага ўзросту, хаця іх старэйшыя родзічы гутарылі па-беларуску. Дарафей распавядае, што мясцовую гаворку разумеў, але каб размаўляць самому, спатрэбілася чытаць беларускія кнігі і засвойваць словы ад сяброў па сельскагаспадарчым тэхнікуме, бо тыя былі збольшага родам з вёсак (сам Дарафей вырас у Студзіводах, прадмесці Бельска Падляшскага). Ён лічыць, што для засваення мовы маладымі людзьмі камунікацыя з сябрамі мае нават большае значэнне за сямейнае выхаванне. Таму яны з сястрой Ганнай імкнуцца стварыць адпаведны асяродак у дзіцячым спеўным гурце «Жэмэрва».


Дарафей Фіёнік

Дарафей Фіёнік

Дарафей кажа: «У ваколіцах Бельска яшчэ праўдзівае Падляшша, а за Гайнаўкай і Беластокам — ужо Літва». Такім чынам, колішняя мяжа Вялікага Княства Літоўскага і Кароны польскай дасюль актуальная! А на поўначы Беластоцкага ваяводства гаворкі, падобныя да заходнепалескіх, пераходзяць у гарадзенскія. Што цікава, жыхары ваколіц Міхалова (той самай «літоўскай» часткі Беласточчыны) мне казалі, што на поўдні ваяводства «ўжо ўкраінцы». Складана сцвярджаць, што яны мелі на ўвазе менавіта «праўдзівых падляшукоў», бо і ўкраінцы там жывуць. Але тэндэнцыя да захавання мяжы ВКЛ-Карона бачная.

Назвы вёсак дублююцца па-польску і па-беларуску толькі ў гміне Орля. Рашэнне пра гэта прымаюць мясцовыя ўлады, а грошы на шыльды дае Варшава. Сталіца не навязвае рэгіёнам «нацыянальнай палітыкі», таму захаванне ідэнтычнасці залежыць пераважна ад саміх прадстаўнікоў «нацыянальнай меншасці». Бадай, ніводная арганізацыя не зрабіла для папулярызацыі беларускай традыцыйнай культуры ў Польшчы столькі, колькі Музей малой айчыны ў Студзіводах. На сёння гэта дзве хаты з традыцыйным інтэр’ерам, беларускай бібліятэкай. Адзін будынак, сваякоў Дарафея і Ганны Фіёнікаў, захаваўся in situ, другі — перавезены з Бельска. Музей арганізуе шматлікія мерапрыемствы, мае выдавецкія праекты.






Часта запрашаюць і гурты з Беларусі. Самыя вядомыя з музейных фестываляў — «Там по маёвуй росе» і «Олень по бору ходіт». Гэтыя імпрэзы называюць «сустрэчы ў традыцыі». Дарафей Фіёнік тлумачыць: «Для нас істотна, што гэта не сустрэчы З традыцыяй, а У ёй». І праўда: гледачоў практычна няма, усе так ці інакш удзельнічаюць, размытая мяжа між «сцэнай» і «залай». Ніякіх мікрафонаў, гурты пяюць і граюць проста ў полі ці ідучы па вуліцы.

Чытаць таксама: У Акадэміі музыкі заспявалі бабулі (+відэа)Жніўныя сустрэчы «Олень по бору ходіт» сёлета адкрываў гурт Хатовічы з-пад беларускіх Ганцавічаў.


Сустрэчы доўжыліся 10 дзён, з 19 да 28 ліпеня. На завяршальны этап прыехалі беларускія гурты «Верабейкі» (Любань) і «Калыханка» (Міханавічы), а таксама «Ромода» (Масква) і «От-туда» (зборны склад). Разам з гуртом «Жэмэрва» (Бельск) яны жалі ў палях ля вёсак Касная, Рыгороўцы і Гарбарка. Іх сустракалі мясцовыя жыхары, якія вучылі моладзь сваім жніўным абрадам. Потым усе вярталіся ў вёску на спеўна-танцавальную вечарыну. Падляшскі «Олень по бору ходіт» — аналаг беларускіх Дажынак, але як яны розняцца па сутнасці! Калі Дажынкі — гэта выстава дасягненняў народнай гаспадаркі, якую можна правесці і глыбокай восенню, то «Олень» — праўдзівае жніво і магчымасць пабыць у традыцыі.


Удзельнікі сустрэч рабілі і Зажынкі, і Дажынкі. Жанчыны падпярэзваліся перавяслам з каласоў, каб не балела спіна. Зажынаючы, трэба паставіць дзевяць снапоў і дзясятым накрыць як шапачкай — атрымліваецца бабка. На зажынках робяць «квітку»: нешта кшталту букета з каласоў. Яго ўпрыгожваюць і асвячаюць на Успенне (28 жніўня), у некаторых вёсках разам з меншай жменькай каласоў.

Чытаць таксама: Успленне – цягні бульбу за карэнне

Зажынкавую «квітку» захоўвалі на покуці, а калі ехалі засяваць поле, то ці бралі з яе зерне, ці сімвалічна «саджалі» ў зямлю на полі. У заходнепалескіх гаворках «квітка» — гэта і звычайная кветка, і сноп, што стаяў на покуці на Каляды, і букет, які асвячалі на розныя святы ў царкве.


У Камянецкім раёне «квітку» з палявых кветак і зёлак у большасці вёсак, і праваслаўных, і каталіцкіх, асвячаюць на Зелянец (другі чацвер пасля Тройцы, звычайна прыпадае на чэрвень). Але, напрыклад, у Баршчэве гэты звычай «пераехаў» на дзень святога Ануфрыя (25 чэрвеня), бо яму прысвечана мясцовая царква. У Пелішчы на Зелянец свецяць «квітку» з палявых кветак, а на Успенне Багародзіцы — з садовых, бо гэта «квяты Маткі Боскай». Квітка год вісіць ля ўвахода ў хату, пры патрэбе ёю лякуюцца, падкурваючыся, апырскваюць маладых на вяселлі, кладуць у труну нябожчыку. Праз год квітку ці спальваюць, ці працягваюць захоўваць, пакуль нехта ў сям’і не памрэ, каб пакласці ў труну. Пераноснае значэнне слова на Заходнім Палессі — канец, вянец: «Дабудавалі хату, усё, квітка!». У той жа час, па расповедах з вёскі Вайская Камянецкага раёна, і да скончаннага зруба хаты маглі прымацаваць букет-«квітку».






Хутчэй за ўсё, «квітка» ў абрадавай практыцы пазначае сімвалічны пераход, пачатак ці канец нейкай справы ці каляндарнага перыяду. На Заходнім Палессі так маглі зваць не толькі першы, а і апошні зжаты сноп. У гарадзенскіх гаворках зажыначны сноп завуць «дзед» і «гаспадар». Гэтыя найменні сустракаюцца на поўнач ад ракі Шчары, то бок там, дзе «квітка» ўжо не фігуруе. 


«Пэрпэліца» вёскі Дашы на Падляшшы

«Пэрпэліца» вёскі Дашы на Падляшшы

На Дажынкі ў ваколіцах Бельска робяць кампазіцыю з нязжатых каласоў, якую завуць «пэрпэліця»: звязваюць, упрыгожваюць чырвонай стужкай і букетам палявых кветак. Унутр будана, што атрымаўся з каласоў, кладуць камень, на яго — белую тканіну і хлеб «для зайчыка». «Пэрпэліцы» адрозніваюцца дэталямі: у Рыгороўцах яе ўпрыгожваюць кветкамі не толькі зверху, а і па баках; у Гарбарцы выкладаюць вакол салому не па коле, а квадратам, і тры разы на руках абносяць самую спрытную жняю. «Пэрпэліцу» абполваюць па перыметры. У вёсцы Дашы да яе яшчэ праполвалі дарожку, «каб зайчыку зручна было па хлеб падысці».


«Пэрпэліца» вёскі Гарбарка на Падляшшы

«Пэрпэліца» вёскі Гарбарка на Падляшшы

Больш шырока вядомы аналаг падляшскай «пэрпэліцы» — Вялесава барада. Па дахрысціянскіх павер’ях, у нязжатых калсах хаваўся дух нівы, а калі выжаць поле цалкам, то і ўраджаю на ім больш не будзе. У заходнепалескіх гаворках для барады выкарыстоўваюць найменні «пэ(ы)рэпілка», «борода», «коза», «дожынок», «квітка». У жніўных песнях на Заходнім Палессі і Падляшшы сустракаюцца словы кшталту «Вылітай-вылітай, пэрэпілко, поглянь-поглянь у нас жыта скілько». Носьбіты традыцыі могуць ужо не асацыяваць «пэрпэліцу» з каласоў і птушку-перапёлку, але ў міфапаэтыцы каляндарнага часу, магчыма, апяваецца заўважанае людзьмі перасяленне перапялоў у палі пасля даспявання ўраджаю.


«Пэрпэліца» вёскі Рыгороўцы на Падляшшы

«Пэрпэліца» вёскі Рыгороўцы на Падляшшы

Жніўныя сустрэчы ў традыцыі «Олень по бору ходіт» — гэта і праўда магчымасць пагрузіцца ў традыцыйную культуру, шчыльна пакантактаваць з мясцовай супольнасцю і рознымі гуртамі. Магчымасць пабачыць людзей блізка, не са сцэны, не з месца гледача, а на пазіцыі «роўны з роўным». Чакаем налета!
Фота і відэа Алены Ляшкевіч