Невядомы Францыск Скарына на паштоўках

Першыя паштоўкі, прысвечаныя Францыску Скарыну і беларускаму кнігадрукаванню былі «Апостал Скарыны», «Беларуская біблія XVI в.» «Беларускі псалтыр XVII в.». Яны друкаваліся на добрай паперы, адным колерам (у чорным або карычневым адценні), але цана іх без маркі была адносна вялікая.

09_3.jpg

Сёлета мы адзначаем вялікі юбілей: 500 гадоў таму была выдадзена першая кніга Францыска Скарыны «Песня царя Давыда еже словуть Псалтыръ». У комплексную навуковую дысцыпліну скарыназнаўства можна аднесці і выпуск паштовак, прысвечаных Францыску Скарыну і беларускаму кнігадрукаванню.


Першыя беларускія

Першыя беларускія паштоўкі (пісулькі) былі выпушчаны беларускай выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў 1906 годзе. Гэта былі паштоўкі з беларускімі пейзажамі, з партрэтамі беларускіх пісьменнікаў, з тыпамі сялян. Але праз некалькі гадоў, як пісаў даследчык літаратуры Сцяпан Александровіч у кнізе «Пуцявіны роднага слова», выдавецтва выпусціла яшчэ звыш дзясятка паштовак. Сярод іх з’явіліся і першыя паштоўкі, прысвечаныя Францыску Скарыну і беларускаму кнігадрукаванню. Гэта былі паштоўкі «Апостал Скарыны», «Беларуская біблія XVI в.» «Беларускі псалтыр XVII в.». Яны друкаваліся на добрай паперы, адным колерам (у чорным або карычневым адценні), але цана іх без маркі была адносна вялікая.
У 1917 годзе ў Вільні выйшла з друку паштоўка з выяваю Скарыны, пад якою кірыліцай і лацінкай было напісана «Францішк Скарына 1517–1917». З адваротнага боку на беларускай, рускай, польскай, англійскай і літоўскай мовах паведамлялася, што гэта «Адкрытая цэдулка». І тэкст: «Доктар Францишк Скарына. Родам с Полацка, першы друкар і перакладчык Бібліі на беларускую мову. Друкаваў Біблію ў Празе Ческай у 1517 г. У 1917 г. прыпадае 400 лецьце беларуск. друку». А дзе павінна быць паштовая марка, напісана: «Мейсцо для маркі».

Паштоўкі эміграцыі


Пасля Другой сусветнай вайны першую паштоўку, прысвечаную Францыску Скарыну і беларускаму кнігадрукаванню, выпусціў беларускі грамадскі дзеяч, перакладчык і выдавец Ян Пятроўскі ў 1949 годзе ў горадзе Лінц (Аўстрыя). На ёй адлюстраваны партрэт Скарыны з гравюры, а таксама тэкст, напісаны лацінкай: «Др.Францішак Скарына 1486–1551 Прадвеснік рэфармацыі на Беларусі, перакладчык Бібліі на беларускую мову і друкар яе».
У эміграцыі выдаваўся яшчэ шэраг паштовак, прысвечаных Скарыну і беларускаму кнігадрукаванню. У 1953 годзе пабачыла свет паштоўка, прысвечаная першадрукару, выдадзеная аб’яднаннем беларускіх лекараў на чужыне. На адваротным баку — тэкст на беларускай і англійскай мовах, і напісана: «Нью-Ёрк, 1953».
Паштоўка, прысвечаная Скарыну, выдавалася і беларускім выдаўцом, рэдактарам і грамадска-культурным дзеячам Міколам Прускім (1928–2014). На адваротным баку быў надпіс на англійскай: «Пяць стагоддзяў Скарыніяны. Дэтройт, 1990».
Паштоўка «Доктар Франьцішак Скарына» выдавалася і Беларускім інстытутам навукі і мастацтва да 450-х угодкаў беларускага кнігадрукавання.
Паштоўка па матывах Скарынавай Бібліі «Царства…» з выявай гравюры са Скарынавага выдання 1517 года пабачыла свет у Лондане ў 1970-я гады. Яе выдала Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны, дзе яна і захоўваецца сёння.
Як правіла, гэтыя паштоўкі — з выяваю партрэту Скарыны з гравюры. Не дзіўна, бо іншай выявы Скарыны папросту няма.

І ў Беларусі


У 1967 годзе, да 450-годдзя беларускага кнігадрукавання, мінскім выдавецтвам «Беларусь» была выпушчана паштоўка з выяваю Францыска Скарыны, які ўважліва чытае свежы адбітак будучай кнігі. Аўтарам паштоўкі быў мастак Аляксандр Салькоў.
У 1970-х гадах выдавалася каляровая паштоўка, на якой быў адлюстраваны здымак помніка Францыску Скарыну ў Полацку. На адваротным баку на рускай мове быў напісаны тэкст: «Францыск Скарына нарадзіўся ў Полацку. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, атрымаў ступень бакалаўра філасофіі. У Падуанскім універсітэце здаў экзамен на ступень доктара філасофіі. Ён быў вялікім гуманістам і асветнікам, словам, чалавекам свайго часу — эпохі Адраджэння. Скарына — вялікі патрыёт. «Панежа ад прыраджэння зверы, хадзячыя ў пустыні, знаюць ямы свая, пціцы, лятаючыя па воздуху, ведаюць гнёзды свая; рыбы, плаваючыя па моры і ў рэках, чуюць віры свая; пчолы і тым падобныя бароняць вулляў сваіх — так жа й людзі, ігдзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месту вялікую ласку ймаюць», — так пісаў Францыск-Георгій у ХVI стагоддзі. І думкі вучонага пра любоў да Радзімы і народу свайго ажыццяўляліся ў справе — ён першым пачаў друкаваць кнігі на «простанароднай» беларускай мове… Сёння, адліты ў бронзе, Францыск Скарына ўзвышаецца на адной з цэнтральных плошчаў Полацка. Нашчадкі свята берагуць памяць вялікага земляка. Менавіта тут, каля помніка беларускаму першадрукару, кожнае лета распачынаецца кніжны кірмаш. Помнік адкрыты ў 1974 годзе. Аўтары — скульптар А.Глебаў і іншыя, архітэктар У.Марокін».
У савецкі час выдавалася вельмі шмат паштовак з артыстамі савецкага кіно. Латвійскае аддзяленне Бюро прапаганды савецкага кінамастацтва ў Рызе выпусціла паштоўку, на якой быў надрукаваны партрэт артыста Алега Янкоўскага ў ролі Францыска Скарыны з мастацкага фільма кінастудыі «Беларусьфільм» «Я, Францыск Скарына…». Фільм выйшаў на экраны ў 1970 годзе, а паштоўка накладам 210 тысяч асобнікаў была надрукавана ў 1980 годзе.
Пошта СССР у 1988 годзе 100-тысячным накладам выпусціла арыгінальную паштоўку на беларускай мове з партрэтам беларускага першадрукара і з тэкстам: «Францыск Скарына. Да 500-годдзя з дня нараджэння».
У 1990 годзе выдавецтва «Беларусь» парадавала беларусаў паштоўкай з выяваю Скарыны, якую намаляваў мастак Мікола Селяшчук (1947–1996). Наклад — 10 тысяч асобнікаў.
«Белпошта» ў 1998 годзе падрыхтавала каляровую фотапаштоўку з выявамі Полацкага Богаяўленскага сабора і помніка Францыску Скарыну ў Полацку. Фотаздымкі на паштоўцы А.Мякішава. Яна была выпушчана накладам 2 тысячы асобнікаў.
А ў 1993 годзе Гродзенская друкарня 1000 накладам надрукавала паштоўку з помнікам Францыску Скарыну ў Лідзе, скульптар Валяр’ян Янушкевіч.
Апошняя паштоўка, прысвечаная Францыску Скарыну і нашаму кнігадрукаванню, з’явілася дзякуючы кампаніі «Будзьма беларусамі» ў 2016 годзе. На ёй мастак намаляваў своеасаблівы калаж: навагоднюю ялінку з падарункамі, з пеўнікам і з Францыскам Скарынам у кедах. На паштоўцы напісаны і тэкст: «З новым 2017 годам і Калядамі! З новым пяцісотгоддзем беларускага друку! 1517–2017».