Таямніцы братоў Бельскіх. Хто расстрэльваў у Налібаках?
Адной з самых цёмных плямаў у гісторыі атрада Бельскіх з'яўляецца масавы расстрэл мірных жыхароў у вёсцы Налібакі 8 мая 1943 года. Але атрад не мог удзельнічаць у расстрэле. Пра гэта сведчаць архіўныя матэрыялы і ўспаміны людзей, якія знаходзіліся ў лагеры.
Тэма яўрэйскага партызанскага атраду братоў Бельскіх стала вельмі
папулярнай пасля выхаду галівудскай стужкі «Выклік», дзе ролю галоўнага
героя — Тувіі Бельскага — выканаў Дэніэл Крэйг. Аднак гісторыя
партызанскага атраду братоў Бельскіх і па сёння мае мноства «падводных
камянёў» і цёмных плямаў, якія ўсё часцей прыцягваюць увагу.
Праблема ўзаемаадносін яўрэйскіх партызанаў з мясцовым насельніцтвам — прыдатная тэма для спекуляцый, улічваючы колькасць супрацьпастаўленых адзін аднаму полюсаў, якія перапляталі заходнебеларускі край у гады вайны.
Трэба адзначыць, што за выключэннем успамінаў звестак
па гэтай тэме няшмат. Вельмі няпроста даць ацэнку дзейнасці яўрэйскага партызанскага
атрада на ўсім адрэзку яго існавання. У сучасных польскіх СМІ дамінуе
негатыўная ацэнка Бельскіх і іх ваяроў: апошніх вінавацяць у гвалце і жорсткім
стаўленні да мясцовага польскага насельніцтва. У сваю чаргу, у кнігах Нехамы
Тэк «Выклік. Партызаны Бельскія» і Пітэра Дафі, які сабраў архіўныя матэрыялы і
дакументальныя звесткі ў ЗША, Ізраілі і Беларусі, апісана шмат негатыву ў
стаўленні насельніцтва да яўрэяў-партызанаў.
Да вайны і ў пачатку
Карані непрыязнасці да яўрэяў трэба шукаць, напэўна, яшчэ да стварэння партызанскага атраду, і ўвогуле — да вайны.
У насельніцтва Заходняй Беларусі адносіны да яўрэяў вельмі часта былі адмоўнымі. Кіруючыя колы Польскай дзяржавы і каталіцкі касцёл правакавалі польска-яўрэйскія супярэчнасці з-за шырокага ўдзелу яўрэяў у рэвалюцыйнай дзейнасці партый і сіл левага кірунку, у прыватнасці КПП, КПЗБ і іншых. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года эканамічныя цяжкасці выклікалі незадаволенасць сялянства, якое вінаваціла ва ўсіх бедах, зразумела, яўрэяў.
У дакладных запісках, складзеных камандаваннем Чырвонай Арміі ў 1939–1940 гадах па выніках палітвыведкі, адзначалася варожасць паміж палякамі і яўрэямі. У перыяд кампаніі па выбарах Вярхоўнага Савета СССР і БССР польскае насельніцтва заяўляла, што «па законе Божым за яўрэяў, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты, галасаваць нельга».
З прыходам нацыстаў яўрэі апынуліся ўвогуле ў безвыходнай сітуацыі. Пасля ўсталявання акупацыйнай адміністрацыі, арганізацыі гета і першых расстрэлаў у ліпені-снежні 1941 года браты Тувія, Зусь і Асаэль Бельскія гэта адчулі на сабе, калі, не без дапамогі мясцовых жыхароў, былі арыштаваныя і забітыя іх бацькі, два малодшыя браты, сястра, жонка і нованароджаная дачка Зуся.
Яшчэ адзін, малодшы, брат Арон паспеў уцячы ў лес. Дачку сястры атрымалася аддаць на ўдачарэнне ў польскую сям'ю, астатніх размясцілі ў знаёмых у розных вёсках Наваградскага раёна. Некаторыя людзі пасля паплаціліся за гэта жыццём.
У такіх абставінах канфрантацыя «свой» — «чужы» ўкаранялася ў свядомасць людзей, кожная хвіліна існавання якіх суправаджалася нечалавечым напружаннем і страхам за лёс сваякоў, блізкіх і за ўласнае жыццё.
Атрад: пачатак
Першую зіму браты Бельскія перажылі, начуючы ў адрынах жыхароў навакольных вёсак, час ад часу сустракаючыся і абмяркоўваючы становішча. Тувію Бельскаму ўдалося пралезці ў Лідскае гета і вывесці адтуль жонку Соню і яе сям'ю. Увесну 1942 года ў іх атрымалася перабрацца ў Бачковіцкі лес, дзе быў арганізаваны першы невялікі лагер для дваццаці самых блізкіх сваякоў, якіх Бельскім удалося адшукаць. Фактычна, у перыяд з ліпеня 1941-га па вясну 1942 года браты збіралі разам як мага больш блізкіх сваякоў і сяброў, каб павялічыць шанцы на выжыванне, адшукаць прыдатнае месца, схавацца ад паліцыі і нямецкіх карнікаў.
Насельніцтва ставілася да Бельскіх па-рознаму: знаходзіліся людзі, якія дакладалі пра групу паліцэйскім старастам. Аднак былі і тыя, хто папярэджваў братоў пра небяспеку.
Першыя некалькі вінтовак браты прыдбалі разам з партызанамі, якімі камандаваў Уладзімір Громаў. Атрад складаўся галоўным чынам з чырвонаармейцаў-акружэнцаў і боепрыпасаў практычна не меў. Браты Бельскія паказалі партызанам хату паліцая Кузьмінскага, у якога захоўваўся невялікі запас боепрыпасаў. Бельскія разам з некалькімі партызанамі схапілі Кузьмінскага вечарам, калі той з сям'ёй збіраўся да вячэры. Яны забралі ўсю зброю ў хаце, а самага Кузьмінскага адвялі ў лес, да астатніх партызан Громава, дзе пакаралі смерцю.
Пасля другога яўрэйскага пагрому ў Наваградку напачатку
жніўня 1942 года да Бельскіх далучылася група, якую прывёў Канстанцін Казлоўскі
— беларус, сябра Тувіі Бельскага з даваенных часоў. Казлоўскі шчыра спачуваў
яўрэям і гатовы быў дапамагаць, рызыкуючы пры гэтым пакінуць сіротамі пецярых
дзяцей. Больш таго, ён прапанаваў сваю хату і дапамогу не толькі Бельскім, але
і ўсім тым, хто вырашыцца бегчы з гета.
Выжыванне
Цалкам зразумела, чаму Тувія Бельскі абвясціў галоўным заданнем атрада выратаванне яўрэяў.
Усе баяздольныя пад кіраўніцтвам Пейсаха Фрыдберга былі пасланы ў Наваградак, каб арганізаваць першыя буйныя ўцёкі вязняў з гета. Да канца жніўня 1942 года атрад вырас да 80 чалавек — менавіта за кошт тых яўрэяў, якія здолелі ўцячы.
Адной з галоўных праблем для атрада, зразумела, была ежа, якой катастрафічна не хапала. Сяляне дзяліліся ёю вельмі неахвотна, часта Бельскім даводзілася адбіраць ежу сілай, што, вядома, абвастрала адносіны з мясцовым насельніцтвам. Да традыцыйнага антаганізму «сяляне-партызаны» дамешваліся нацыянальныя супярэчнасці. Мелі месца выпадкі даносу мясцовымі жыхарамі пра беглых яўрэяў і пра месцазнаходжанне атрада Бельскіх паліцэйскім старастам і нямецкай адміністрацыі.
З надыходам халадоў браты Бельскія вырашылі арганізаваць
дзве невялікія зімовыя базы непадалёк ад Станкевічаў — у лясах Ліпчанскай
пушчы. Пасля нямецкай блакады ў снежні 1942 года атрад быў вымушаны адступіць у
Храпенеўскія лясы. Па дарозе людзям было вельмі цяжка: даводзілася спаць
практычна на голай зямлі, некаторыя ваяры, якія стаміліся ад цяжкасцяў,
звязаных з забеспячэннем жанчын, дзяцей і старых, былі на мяжы псіхалагічнага
зрыву.
Праз тыдзень дзве групы былі пасланы на разведку да пакінутых зямлянак у Пералазах і Забелава. Астатняя частка атрада засталася на новым месцы. Дванаццаць чалавек знайшлі прыстанак непадалёк ад вёскі Храпенева, у дзвюх сялянскіх хатах. Апоўдні 5 студзеня 1943 года мясцовыя паліцаі і нямецкія салдаты ў маскхалатах падышлі да вёскі. У выніку бою загінулі 9 чалавек з атрада Бельскіх, у тым ліку жонка Тувьі Бельскага — Соня.
Найважнейшай праблемай па-ранейшаму з'яўлялася здабыча харчу, які партызанам даводзілася часам адбіраць у сялян, запалохваючы іх і пагражаючы расправай, што ў сваю чаргу правакавала сялян на даносы ў паліцыю.
Падчас адной з экспедыцый за прадуктамі невялікая група скіравалася ў вёску Добрае Поле, дзе ў двух чальцоў групы — Абрама і Рубена Палонскіх — былі знаёмыя: сям'я Белавусаў. Тыя жылі ў вялікай хаце разам з сем'ямі — агулам васямнаццаць чалавек. Белавусы прынялі партызанаў, але Палонскія не ведалі, што сын Уладзіміра Белавуса — Мікалай — быў у Наваградку паліцаем і запляміў сябе ўдзелам у шматлікіх расправах над яўрэямі. Стомленыя пасля паходу партызаны ўладкаваліся ў цёплай хаце і неўзабаве заснулі. Тады сын Уладзіміра Белавуса Павел пабег у Наваградак, знайшоў Мікалая і расказаў пра яўрэяў, якія размясціліся ў Добрым Полі. Праз гадзіну матарызаваная калона, у якой было каля пяцідзесяці паліцэйскіх, увайшла ў вёску. Партызаны паспрабавалі збегчы, аднак не паспелі — дзевяць чалавек з дзесяці былі забіты шквальным агнём.
Пра гэта ў лагеры Бельскіх даведаліся толькі праз
некалькі тыдняў. Асаэль Бельскі сабраў групу з трыццаці чалавек і прыбыў у
вёску вечарам у пятніцу, 23 красавіка 1943 года. Партызаны атачылі хату
Белавусаў, уварваліся ў яе і забілі ўсіх, каго знайшлі, а пасля падпалілі дом.
У той дзень былі забіты дзесяць чалавек з сям'і Белавусаў.
Вымушаная жорсткасць
Як успамінаў сам Тувія Бельскі, яны былі бязлітасныя да здраднікаў і паліцэйскіх. Ім даводзілася запалохваць насельніцтва навакольных вёсак — тыя павінны былі разумець, што страцяць жыццё, калі данясуць немцам на «сямейны атрад».
Складана сказаць, наколькі апраўданай была такая тактыка. Матывы, якімі кіраваліся тыя з ліку мірнага насельніцтва, хто супрацоўнічаў з акупацыйнымі ўладамі, напэўна, не былі заснаваны на нянавісці да яўрэяў як да народа. Шмат на што прыходзілася ісці пад страхам смерці.
Іншая справа, як уяўляліся іх учынкі ў вачах яўрэяў, якія за некалькі гадоў германскай акупацыі былі даведзены да роспачы.
У сваю чаргу, немцы жорстка распраўляліся з тымі, хто быў
абвінавачаны ў дапамозе яўрэям. Зімой 1943 года фашысты забілі мужа і жонку
Баброўскіх за арганізацыю ўцёкаў вязняў гета. Іх расстралялі, хату спалілі, а
шасцярых дзяцей адправілі ў канцэнтрацыйны лагер. Тады ж быў забіты і малодшы
брат Кастуся Казлоўскага — Іван. Каб дапамагаць яўрэям бегчы з гета, ён
уладкаваўся ў паліцыю Наваградка, быў сувязным паміж гета і братамі Бельскімі.
«Несавецкія» партызаны
Асобнай тэмай з'яўляюцца стасункі партызан-яўрэяў атрада Бельскіх з савецкімі партызанамі, якія дзейнічалі ў Заходняй Беларусі. У большасці выпадкаў яны грунтаваліся на ўзаемным супрацоўніцтве паміж кіраўніцтвам атрадаў. Сумесна з атрадам Панчанкава і іншых партызан Кіраўскай брыгады яўрэі-партызаны правялі шэраг дыверсій. Летам 1943 года ў лагеры Бельскіх у Налібоцкай пушчы для савецкіх партызан шылася адзенне, рамантаваўся абутак і зброя, і гэтак далей.
Тым не менш некаторыя даследчыкі сведчаць, што супраца паміж яўрэйскай групай і яе савецкімі паплечнікамі не заўсёды была паспяховай. Былі выпадкі, калі групы яўрэяў-падрыўнікоў раззбройваліся савецкімі партызанамі. Так, неяк уначы ў вёсцы Масцішча Навагрудскага раёна партызаны атрада Варашылава абяззброілі 7 яўрэяў з атрада Бельскага. Яшчэ праз два дні партызаны Фурманава брыгады Чапаева затрымалі абоз Бельскіх і забралі 21 мех збожжа, 4 дзікоў, 2 каровы, 4 коней і ўсе асабістыя рэчы. Аднойчы камандзір брыгады «Дзяржынскага» Шашкін са сваімі партызанамі не прапускаў групу байцоў Тувіі Бельскага да моста праз Нёман, адбіраў коней, калёсы.
Леанід Акунь, былы вязень мінскага гета, выведнік партызанскага атрада №106, якім кіраваў Сямён Зорын, інакш апісвае стасункі Бельскіх з іншымі партызанамі: «Падрыўнікі Бельскага лічыліся асамі дыверсій і карысталіся вялікай павагай і аўтарытэтам у партызанскім асяроддзі. Ніхто з «мясцовых» партызанаў не рызыкаваў звязвацца з атрадам Бельскага, бо яўрэйскі атрад нікому нічога не дараваў, і мог, калі трэба, у імгненне паставіць пад ружжо паўтысячы бязлітасных байцоў і ўступіць у бой з любой савецкай брыгадай пры найменшым намёку на агрэсіўны выпад у свой адрас.
Камісары ў атрадзе Бельскага былі ўсяго толькі часткай агульнапрынятай «дэкарацыі», і не больш за тое. І хаця Тувія Бельскі ўмеў падтрымліваць добрыя і роўныя адносіны з усімі партызанамі ў акрузе, яго баяліся... У атрада былі «вострыя зубы» — адборныя хлопцы-галаварэзы, польскія яўрэі, што не адрозніваліся залішняй сентыментальнасцю. Так што тыя ці іншыя банды «зялёных» ці нават партызаны, якія дзейнічалі ў лясах, павінны былі добра падумаць, перш чым кагосьці абрабаваць або забіць. Прыклады, як партызаны Бельскага «выхоўвалі» сваіх «лясных суседзяў», у мяне добра захаваліся ў памяці. У Бельскіх была мэта — ратаваць яўрэйскае цывільнае насельніцтва, і іх атрад змятаў на сваім шляху ўсіх, хто хоць неяк перашкаджаў гэта рабіць».
Невядома, што хацеў падкрэсліць Акунь, бо звестак пра якія-небудзь буйныя канфлікты паміж атрадам Бельскіх і суседнімі партызанскімі фармаваннямі не захавалася.
Складанымі ў атрада Бельскіх былі адносіны з «Арміяй
Краёвай» у апошні год перад вызваленнем Беларусі. Не ў малой ступені гэта было
звязана з пастановай ЦК КП(б)Б ад 22 чэрвеня 1943 года «Аб мерапрыемствах па
далейшаму развіцці партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі». Па ўсіх
падпольных абкамах быў распаўсюджаны ліст «Аб ваенна-палітычных задачах у
заходніх абласцях Беларусі». У ім вызначаліся асноўныя крытэрыі, якімі павінны
былі кіравацца камсамольскія і партыйныя арганізацыі адносна польскіх
нацыяналістаў: «Існаванне розных арганізацый, якімі кіравалі польскія
буржуазныя цэнтры, неабходна трактаваць як супрацьпраўнае ўмяшанне ў справы
нашай дзяржавы». Нацыяналістычныя атрады і групы, падкрэслівалася ў лісце,
неабходна ізаляваць ад насельніцтва шляхам стварэння савецкіх атрадаў і груп з
працоўных польскай нацыянальнасці. Далей рэкамендавалася «ўсімі спосабамі
выкрываць і распускаць нацыяналістычныя атрады і групы».
Ці былі Бельскія ў Налібаках?
Адной з самых цёмных плямаў у гісторыі атрада Бельскіх з'яўляецца масавы расстрэл мірных жыхароў у вёсцы Налібакі. У яго арганізацыі некаторыя польскія даследчыкі абвінавачваюць партызан-яўрэяў.
8 мая 1943 года ў выніку нападу савецкіх партызанаў на Налібакі загінула 128 чалавек. Нападнікі хапалі ў асноўным мужчын і расстрэльвалі, частка жыхароў была спаленая ва ўласных дамах. Сярод загінулых — 10-гадовае дзіця і тры жанчыны. Акрамя таго, былі абрабаваныя мясцовыя гаспадаркі: нападнікі забралі ежу, коней, кароў, большасць дамоў спалілі. Таксама былі спалены касцёл, пошта і лесапілка.
У 2001 годзе Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы (ІНП) пачаў расследаванне падзей мая 1943 года ў Налібаках. У шэрагу польскіх крыніц галоўнай прычынай нападу на вёску апісваўся намер камандавання савецкіх партызанаў ліквідаваць польскую самаабарону, гарнізон якой быў сфармаваны немцамі ў сярэдзіне 1942 года. Па некаторых звестках, самаабарона таемна кантралявалася АК. Сцвярджаецца, што ў нападзе прымалі ўдзел партызаны атрадаў «Дзяржынскі», «Бальшавік», «Сувораў», якімі камандавалі маёр Рафал Васілевіч і камандзір брыгады імя Сталіна Павел Гулевіч. Паводле дадзеных ІНП і некаторых польскіх гісторыкаў, у забойствах мірных палякаў бралі ўдзел і партызаны атрада Бельскага.
Польская газета «Наш Дзённік» апублікавала інтэрв'ю з Вацлавам Навіцкім, былым жыхаром Налібакаў і сведкам падзей у ноч з 8 на 9 мая 1943 года. Па яго словах, сярод тых, хто нападаў, адназначна былі яўрэі з атрада Бельскіх. Як паказаў Навіцкі, напад адбыўся прыблізна ў 5 гадзін раніцы, атакавалі каля 120–150 савецкіх партызан. Яго аднавясковец Вацлаў Хіліцкі так апісвае гэта: «Ішлі наўпрост, урываліся ў дамы. Кожнага, каго сустракалі, забівалі, нікога не шкадавалі».
Але ці ўдзельнічаў у гэтым пагроме атрад Бельскіх — пытанне адкрытае. Калі меркаваць па архіўных матэрыялах і ўспамінах людзей, якія знаходзіліся ў яўрэйскім лагеры, атрад братоў Бельскіх не мог удзельнічаць у расстрэле мірных жыхароў 8 мая 1943 года, бо прыбыў у Налібакі толькі ў чэрвені.
Яшчэ адзін цікавы факт: у польскіх крыніцах сцвярджаецца,
што нападам на Налібакі кіравалі іх былыя жыхары-яўрэі, адным з якіх быў
Ізраэль Кеслер.
Адзін — яшчэ не атрад
Ізраэль Кеслер сапраўды быў адным з партызанаў атрада Бельскіх. І не лепшым. Ён ад самага пачатку быў у шэрагах незадаволеных тым, што ўся ўлада ў атрадзе засяродзілася ў руках Бельскіх. З моманту перадыслакацыі атрада ў Налібакі Кеслер пачаў пісаць даносы на Бельскіх на імя Сакалова, памочніка генерала Чарнышова (камандуючы Баранавіцкім аддзела БШПР). Джэк Каган у сваіх успамінах так апісваў Кеслера: «Ён быў парушальнікам спакою, які відавочна бачыў сябе на месцы камандзіра атрада».
Па адной з версій, прысутнай у кнізе Пітэра Дафі «Браты Бельскія», заснаванай на ўспамінах былых яўрэяў-партызан, Ізраэль Кеслер да вайны быў злодзеем, і нават сядзеў у турме. Пасля нямецкай блакады ў ліпені-жніўні 1943 года байцы з атрада Бельскіх заўважылі, што Кеслер абшукваў сялянскія хаты ў пошуках каштоўнасцяў. Адзін з іх казаў: «Кеслер зноў узяўся за старое. Злодзей, які да вайны сядзеў у турме і ледзь умеў напісаць сваё імя друкаванымі літарамі, у лесе стаў проста непадпарадкавальным».
Аднойчы Кеслер самавольна пакінуў атрад, што было катэгарычна забаронена. Калі вярнуўся, паказаў Тувіі Бельскаму даведку ад Сакалова: нібыта ён быў у штабе брыгады па «службовых справах». Патлумачыць, па якіх справах, Кеслер адмовіўся. Кіраўнік асаблівага аддзела ўнутранай бяспекі Саламон Ваўкавыскі адправіўся ў партызанскі штаб, дзе яму паказалі ліст, падпісаны Кеслерам і яго прыхільнікамі, у якім сцвярджалася, што Бельскія не праводзяць у жыццё лінію партыі і больш занепакоеныя асабістым узбагачэннем, чым дабрабытам насельніцтва лагера.
Даведаўшыся пра гэта, Асаэль Бельскі, не чакаючы высвятлення абставінаў і не даўшы Кеслеру слова, дастаў пісталет і застрэліў яго. Аднаго з саюзнікаў Кеслера абвінавацілі ў дапамозе немцам і таксама расстралялі.
У «Гісторыі партызанскага атрада імя Калініна», напісанай
Тувьям Бельскім, адзначаецца, што «два партызаны ў атрадзе былі расстраляныя за
марадзёрства сярод мясцовага насельніцтва». Ці тычыцца гэта Кеслера, на жаль,
сказаць немагчыма.
Выжыванне ці супраціў?
Існуе таксама думка, што атрад Братоў Бельскіх быў скіраваны менавіта на выжыванне яўрэяў і не змагаўся з фашыстамі. Вось яе можна назваць цалкам памылковай. Як піша доктар гістарычных навук Давід Мельцар, атрад «пусціў пад адхон 6 варожых эшалонаў, якія ішлі на фронт, падарваў 20 чыгуначных і шашэйных мастоў, правёў 12 адкрытых баёў і засад, знішчыў 16 аўтамашын з жывой сілай, а ўсяго — больш за 250 нямецкіх салдат і афіцэраў». Зусь Бельскі асабіста знішчыў 47 нацыстаў і калабарантаў. За галаву Тувьі Бельскага немцы прызначылі ўзнагароду ў 100 тысячаў рэйхсмарак — проста так узнагароду не прызначаюць.
Акрамя феномену атраду Бельскіх, шмат што яшчэ застаецца загадкай нашай гісторыі. Кіраўнік праекта дакументацыі і ўвекавечання імёнаў яўрэяў, якія загінулі ў перыяд Шоа (масавых забойстваў) на акупаваных тэрыторыях былога СССР у Мемарыяле «Яд Вашэм», Барыс Мацфір лічыць, што ў Беларусі было 10–12 яўрэйскіх партызанскіх атрадаў. А вядомы толькі атрад Бельскіх.
І такога яўрэйскага супраціву больш нідзе ў Еўропе не было.