Гаджэты супраць Беларусі

Некалькі месяцаў таму мне ў рукі трапіў сямідзюймавы планшэт Lenovo — дужа карысная прылада для людзей, якія шмат вандруюць.

Выява: adliga.com

Выява: adliga.com


Магчымасць праверыць пошту, знайсці сябе ў незнаёмым горадзе з дапамогай GPS і нават наклацаць невялічкі тэкст. Усё гэта ў памерах, у два разы меншых за стандартны нэтбук, да таго ж амаль нічога не важыць.
Але вось халера — пэд катэгарычна адмаўляўся размаўляць са мной па-беларуску. Магчымасць абраць матчыну мову для ўводу прадугледжвалася, але беларускай у меню не было. У пэўны момант я задаўся пытаннем: дык а чаму нават з экрана гаджэта мне ўвесь час нагадваюць, што мова нашая не ўсімі ўспрымаецца як паўнавартасная? Не магу сказаць, што я ўджалены ў галаву пурыст, але тут упёрся і пайшоў гугліць. Высветлілася, што ў наяўнай версіі прашыўкі Android можна ўсталяваць на пэд Lenovo ўкраінскую і нават літоўскую мову. А беларускую — ну ніяк.
У адной з хардвэрных крамак, у якой мне ўсё гэта чарговы раз пацвердзілі, я пабачыў чахол з мабільнай клавіятурай для пэду 7″. Гэта выглядала як нешта з мараў юнакоў позняга СССР — паўнавартасная qwerty, прыхаваная ў крахюткай скураной абгортцы — Караткевіч абзайздросціўся б такім магчымасцям мабільнага пісання! Але тут — тая ж трасца. Клавіятура сумяшчальная з якой заўгодна мовай, уключна з суахілі і эсперанта, але толькі не з нашай роднай. Зрабіць так, каб замест “Щ” яна выдавала “Ў”, было праграмна немагчыма. Такім чынам, клава аказалася абсалютна непрыдатнай для чалавека, які ўвесь час завязаны на тую самую “Ў”.
Можа падацца, што гэта нейкі вельмі прыватны выпадак, завязаны на русафільства Lenovo.
Але калі б так!
Старэнькі тэлефон на OS Symbian, якім я дагэтуль карыстаюся, дазваляе пісаць смскі па-ўкраінску, па-руску і па-англійску, але літары “Ў” таксама не ведае. Тое самае — маднявыя Iphone, большасць прылад на Android. Так, гэта падштурхоўвае нас да вывучэння правіл беларускай лацінкі, але ці гэта па-людску? Што гэта за народ такі, якому не падаравана ўласнай мовы для штодзённай электроннай камунікацыі?
Мы абураемся русафільству ЖЭСаў і заправак, тэлека і выканкамаў, але ніхто з гэтых суб’ектаў не можа ўплываць на нашую здольнасць выказвацца па-беларуску так, як гэта робяць гаджэты. У часы Кацярыны Вялікай краіна была тэрыторыяй, якую можна захапіць. За Бенедыктам Андэрсанам краіна звялася да даволі ўяўных паняццяў — карты, перапісу і музея, у якім дзеткам кажуць, што яны нашчадкі партызан ды ўнукі Ільіча.
Але сёння нашая штодзённая “краіна” — дэвайсы, якімі мы карыстаемся. Apple дадаў беларускую мову ў Macbook, хай сабе і з гэтым чырвона-зялёным сцяжком? Ну, дзякуй, панове, але дзе ўбудаваная ў астатнія мовы праверка арфаграфіі? Чаму для таго, каб пісаць па-беларуску на набытай за вялікія грошы прыладзе, мне трэба гадзіну танчыць з бубнам, усталёўваючы на яе Aspell (да таго ж пры карыстанні ім трэба ўручную пераключаць праверку арфаграфіі на рускую мову)?
Дый вось што самае балючае. У гэтай сітуацыі нам, беларусам, можна крыўдзіцца адно на саміх сябе!
Знаёмыя айцішнікі, якім я паспрабаваў пажаліцца на шавінізм Apple і Lenovo, патлумачылі, што ў абранні моваў, якія вартыя ці не вартыя распрацоўкі для падтрымкі на новых прыладах, карпарацыі кіруюцца такой простай рэччу, як колькасць штодзённых запытаў у Google на гэтых мовах. І таму гэтая мая чалавечая логіка кшталту “літоўцаў жа ўсяго 2 мільёны, чаму яны маюць уласную мову на ўсіх электронных прыладах, а мы, беларусы, якіх дзесяць мільёнаў, — не?”, дык вось, гэтая логіка тут ні разу не працуе. Рэч не ў пашпарце. Рэч у практыцы.
Бо, дарагія мае сябры, насамрэч нас не дзесяць мільёнаў. Нас, носьбітаў беларускай пісьмовасці, на якіх варта (ці не варта) азірацца карпарацыям, — роўна столькі, колькі карыстальнікаў, якія штодзённа камунікуюць на роднай мове у сеціве. І — статыстыкі Google я не бачыў, бо не здольны за яе заплаціць — зыходзячы з карпаратыўных стратэгій, нас менш за два мільёны літоўцаў. І пакуль будзе так — мова застанецца толькі фрагментам рэкламнай адметнасці Samsung, але не вымушанай дадзенасцю любой канторы, якая сунулася на нашую зямлю. Для Apple, Lenovo і Google мы — рускія, бо пішам і чытаем па-руску. Вось і ўсё!
З гэтай сітуацыі ёсць два выхады. Першы, наіўна-дуракаваты, у стылістыцы рамантычных дзевяностых, палягаў бы ў закліку да ўсіх шчырых беларусаў як мінімум раз на дзень пытацца ў Google што-небудзь на роднай мове. Але колькасць людзей, які пра гэты флэшмоб даведаецца, статыстычна меншая за сацыялагічную папраўку.
Таму заходзіць варта не з bottom-up, а з top down.
Бо само тое, што мы можам карыстацца праверкай беларускай арфаграфіі ў Open Office пад Windows (fi donc to Microsoft Word!!), гэтаксама як і наяўнасць беларускамоўнай Wiki, і адразу двух правапісаў у Aspell для Mac, з’яўляецца вынікам працы неабыякавых адзінак. Менавіта гэтыя людзі, якія з уласнай ініцыятывы і без усякіх грошай пашыраюць межы існавання лічбавай Беларусі, прывялі да таго, што мова на гаджэтах у прынцыпе існуе. Без іх было б зусім дрэнна, бо як можна запытацца ў Google па-беларуску, калі гэтай мовы няма ў тваёй прыладзе? Дый што запытвацца, калі энцыклапедыя на ёй адсутнічае ў прыродзе?
Гэтыя небезуважныя місіянеры робяць працу, якая, з улікам спецыфікі нашай медыйнай эпохі, можа быць параўнаная з працай першых нацыянальных паэтаў. Тыя адраджалі слова, фіксавалі яго ў пісанай традыцыі, занатоўвалі вершы, па якіх пазней складаўся нарматыў, гэтыя падштурхоўваюць да карыстання мовай цэлую краіну…
Эпоха, у якую нам выпала прачнуцца, — гэта час не пачуццяў, гэта час алгарытму.
Мовы легалізуюцца і ўводзяцца ў масавы дыгітальны ўжытак па тых жа прынцыпах, па якіх Фэйсбук маўкліва дадае сіх-тых карыстальнікаў у бан-лісты. Гэта свет Скайнэту, у якім Джон Конар можа хіба што апратэставаць вырак, вынесены Siri на падставе пошукавых запытаў і геаграфіі наведаных сайтаў. Перамагчы ў свеце алгарытмаў можна толькі статыстыкай. Нас мусіць зрабіцца болей, інакш Скайнэт вымушаны будзе прыпыніць нашую культуру з мэтай аптымізацыі выдаткаў.
budzma.by