Гомельшчына, што заварожвае і замарожвае. Дзівосныя мясціны, якія варта наведаць у гэтую снежную пару

Кажуць, каб выратавацца ад завірух і сагрэцца ў халоднае надвор’е, трэба трымаць кірунак на Гомель! Канешне, курорты з сёрфамі і піна-каладай там пакуль не знайсці, аднак гарная вандроўка па спрадвечных славутасцях дакладна гарантавана. Падрыхтавалі маршрут з трох месцаў на поўдні нашай дзяржавы, ад якіх стане цёпла нават у самыя буйныя маразы!

Сядзібны дом Козел-Паклеўскіх у вёсцы Красны Бераг. Фота Planeta Belarus

Сядзібны дом Козел-Паклеўскіх у вёсцы Красны Бераг. Фота Planeta Belarus

Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе 

Пачнём нашае падарожжа бліжэй да сталіцы: тут, у невялічкім мястэчку на скрыжаванні Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай вобласці размясціўся надзвычай унікальны палац, зусім не падобны да астатніх прадстаўнікоў пабудоў такога тыпу. 

Адметна, што наконт правільнай назвы населенага пункта дагэтуль ходзяць спрэчкі: калі на расійскай мове яна ў будзь-якім выпадку гучыць як «Красный Берег», то ў беларускай сітуацыя значна цікавей. Адны запэўніваюць, што мястэчка носіць імя Красны Бераг — ад слоў «краса», «красуня», што характэрна пасуе гэтаму рэгіёну. Іншыя кажуць, што варта называць яго Чырвоным, бо, згодна з паданнем, падчас жорсткіх баёў расійска-французскай вайны 1812 года вада ў рэчцы Дабасна нібыта змяшалася з крывёй. Аднак гэтая прарасійская легенда мае цвёрды контраргумент  — з пісьмовых крыніц дакладна вядомы факт існавання вёскі Красны Бераг ужо ў 1528 годзе, пры чым менавіта пад гэтай назвай. У той час вёска ўваходзіла ў Рэчыцкі павет Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, і да ніякай «айчыннай вайны» дачынення не мае.

Дарэчы, улады з назвай таксама не вызначыліся, таму на розных указальніках і мапах можна сустрэць абодва варыянты напісання, хаця перавага канешне ж аддадзена Чырвонаму.

Краснабярэжскі палац па праве носіць імя «караля эклектыкі» — будынак спалучае ў сабе адразу 12 архітэктурных стыляў!

Так склалася, што ўладальнік маёнтка Вікенцій Козел-Паклеўскі шмат падарожнічаў па Еўропе і, наведваючы раскошныя асабнякі, замалёўваў эскізы аздаблення ды інтэр'ераў, каб спалучыць усё гэта ў сваім палацы ды ўвасобіць мрою жыцця. Паводле з адной з версій, прадстаўнік шляхетнага літоўскага рода скарыстаўся пазыкай у адным з камерцыйных банкаў, аддаў малюнкі пецярбургскаму архітэктару і пачаў узвядзенне велізарнай сядзібы на беразе ўтульнай рэчкі з атмасфернымі зараснікамі. 

Інтэр’еры краснабярэжскай сядзібы. Фота Holiday.by

Інтэр’еры краснабярэжскай сядзібы. Фота Holiday.by

Гаргуллі, хімеры, готыка, ракако і маньерызм — здаецца, паўсветавой архітэктурнай школы ўмясцілася ў аздабленні і 36 пакоях краснабярэжскага палаца. Лесвічныя праёмы ў будынку ўпрыгожаны рознакаляровай шкляной мазаікай, залы дэкараваны старадаўнімі карцінамі, разнымі камодамі і раскошнымі дыванамі, а на першым паверсе захаваўся цудоўны зімовы сад, схаваны па-за панарамнымі вокнамі. У большасці экспазіцыя складзена з копій і навадзелу, аднак некаторыя элементы сапраўды веюць былымі часамі.

Як дабрацца:

52.965454,29.784047 в. Красны Бераг, Жлобінскі раён.

 Палац Горватаў у Нароўлі

Палац Даніэля і Яўгеніі Горватаў. Planeta Belarus

Палац Даніэля і Яўгеніі Горватаў. Planeta Belarus

У гэтым невялічкім горадзе, што вырас сярод запаведных палескіх лясоў, бывалі нешматлікія беларусы — бо знаходзіцца ён літаральна на краі дзяржавы.

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС Нароўля апынулася ў зоне з надзвычай высокім узроўнем радыеактыўнага забруджвання. Горад цудам не стаў такім жа прывідам, як 35 населеных пунктаў раёна, што спынілі сваё існаванне на стагоддзі. Дзіўныя адчуванні мае чалавек, знаходзячыся тут, бо ўжо на супрацьлеглым беразе Прыпяці пачынаецца беларуская зона адчужэння — месца, у якім вось ужо 38 гадоў вяршэнства над ручаямі і балотамі належыць радыяцыйным ізатопам. Агульная адлегласць ад нараўлянскага ўзбярэжжа да чацвёртага энергаблока атамнай электрастанцыі складае ўсяго 50 кіламетраў.

Тут, на вытанчаным выгібе рэчкі Прыпяць, размешчана візітоўка рэгіёна — палацавы комплекс роду Горватаў.

Раскошная ўязная брама, каплічка, парадная стайня, аранжарэя з экзатычнымі раслінамі ды цяністыя алеі калісьці лашчылі вока мясцовых гаспадароў і гасцей сядзібы. Шляхецкі асабняк у тандэме з надзвычайным пейзажным паркам сталі сапраўдным творам мастацтва эпохі. Страчанае рэльефнае пано са знакамі «D I H 1850» сведчыла аб тым, што заснавальнікамі класічнай сядзібы былі Daniel і Ifigenia Horwatt. 

 Раскошныя пакоі палаца ў былыя часы. Фота пісьменніка Андруся Горвата

 Раскошныя пакоі палаца ў былыя часы. Фота пісьменніка Андруся Горвата

У часы росквіту сядзібы салоны палаца былі дэкараваны алейнымі карцінамі, сямейнымі партрэтамі, пудзіламі звяроў, птушак і рыб. Інтэр'еры шчыльна перасякаліся з рачной тэматыкай, многія элементы аздаблення сімвалізавалі сувязь з магутнымі рэкамі рэгіёна — Прыпяццю і Дняпром. Шырокія сходы дваравога ўвахода былі павернуты да ўзбярэжжа, адсюль адкрываецца самая «паштовачная» панарама Нароўлі. Тут жа знаходзілася тэраса для адпачынку, з якой адкрываліся чароўныя віды на склоны Прыпяці. 

Альтанка-маяк на беразе Прыпяці

Альтанка-маяк на беразе Прыпяці

Побач, па-над хвалямі вады, стаіць беласнежная альтанка-маяк, што калісьці служыла своеасаблівым арыенцірам для лодак і судоў.

 Як дабрацца:

51,8059586, 29,5011063 г. Нароўля. 

Чачэрская ратуша

Гарадская ратуша ў Чачэрску. Фота Planeta Belarus

Гарадская ратуша ў Чачэрску. Фота Planeta Belarus

Яшчэ адзін эклектычны дыяменцік Гомельшчыны можна знайсці непадалёк ад яго абласнога цэнтра — у Чачэрску. На цэнтральнай плошчы горада размясцілася надзвычай унікальная ратуша, будынак якой сваімі архітэктурнымі рысамі ўвогуле не падобны да звыклага аблічча мясцовага органа дзяржаўнай улады на беларускай зямлі.

У часы Рэчы Паспалітай на яе месцы стаяла, меркавана, драўляная пабудова з гадзіннікам і боем, званіца ахоўвалася вартаўніком, а вакол дзейнічаў вялізны кірмаш с гандлёвымі лаўкамі. На жаль, да нашых дзён не захавалася аніводных удакладненняў, як выглядала старая ратуша. 

Чачэрская ратуша

Чачэрская ратуша

Пасля акупацыі Расійскай імперыяй генерал-губернатар Чарнышоў стварыў на яе месцы новы сіметрычны ансамбль з рысамі псеўдаготыкі, які, з аднаго боку, выглядае даволі сумнеўна, а з іншага — выдатна перадае часам недарэчныя спробы выкарыстаць прыёмы еўрапейскай архітэктурнай школы расійскімі грамадскімі дзеячамі. Суровасць класіцызму ў праекце разбаўлена больш разнастайнымі і кідкімі элементамі готыкі — і цяпер гэта выглядае сапраўды цікава.

 Побач з ратушай адкрываецца выдатная панарама на пойму рэк Сож і Чачора, а таксама на Замкавую гару ды стары парк.

 Як дабрацца:

52.919431, 30.916096 г. Чачэрск