Гравітацыя ўлады. Па слядох 21 урока для ХХІ стагоддзя ад філосафа Юваля Ноя Харары

Некаторыя гуманітарныя тэхналогіі перастаюць працаваць. Тады пачынаюць працаваць іншыя. Улада працуе заўсёды. Чаму? Разбіраемся з нашым сучаснікам і ізраільскім філосафам Ювалем Ноем Харары.

21_urok_dlja_xxi_veka_800x800.png


Спачатку планаваў напісаць рэцэнзію на ўсю кнігу ізраільскага філосафа. Але яго даследванне настолькі ёмістае, што нават канцэнтраванае выкладанне думак заняло б дзясяткі старонак. Таму вырашыў засяродзіцца на тым, што для нашых грамадзян можа быць своечасовым і карысным: на разуменні прыроды сучаснай улады.
Наогул Харары — ліберал. Таму ўся кніга «21 урок для 21 стагоддзя» (2018) — гэта спроба рэфлексаваць сучасную ліберальную дэмакратыю ў кантэксце тэхналагічных і гуманітарных выклікаў. Да тэхналагічных выклікаў аўтар адносіць, напрыклад, імклівае за апошнія гады развіццё штучнага інтэлекта, біятэхналогій, апрацоўкі вялікіх дадзеных, аўтаматызацыю вытворчасці. З іншага боку, існуюць правераныя і развіваюцца новыя гуманітарныя тэхналогіі: кіраванне, ідэалогія, прапаганда, міфатворчасць, супольнасці, іміграцыя, рэлігія.
Напрыклад, класічныя формы прафсаюзаў (гуманітарная тэхналогія) ужо мала эфектыўныя, бо яны не паспяваюць за жыццёвым цыклам новых прафесій. Шмат якія прафесіі могуць за 10 год узнікнуць, расквітнець і спарахнець у плыні глабальнай эканомікі.
Але ўлада працуе заўсёды.

Гэта было мінулай восенню

Магчыма да мінулай восені мы думалі, што крызіс — гэта нешта непажаданае, у тым ліку і для тых, хто трымае ўладу. Бо могуць жа людзі захвалявацца… і пачнецца. Некаторыя нават яшчэ працягваюць у гэта верыць. У алігархічнай ці аўтарытарнай, таталітарнай уладзе зусім не так. Там свая гравітацыя. Ёй наадварот патрэбна падтрымліваць пастаянны крызіс. Такі крызіс — эфектыўны спосаб утрымліваць уладу, бо ён адцягвае людзей ад важнага. Напрыклад, можна арганізаваць міграцыйны крызіс, ці нейкі памежны канфлікт. Наогул мы маглі заўважыць, што ў Беларусі пастаянна ўзнікаюць ворагі, якія падсілкоўваюць часта нейкі «прыдуманы» ці (рэдка) сапраўдны крызіс.

Страчаная прыватнасць

Улада актыўна карыстаецца, штучным інтэлектам і аўтаматызацыяй. І грамадзяне губляюць псіхічную ўстойлівасць. Чаму? Таму, што мы страчваем спакой, сваю бяспечную прастору, прыватнасць. Ужо не толькі можна слухаць ваш тэлефон, але ведаць: дзе вы, што набываеце, з кім сустракаецеся. І сённяшняя ўлада можа гэта рабіць лепш, чым вашы каханкі, бацькі ці родныя.
Але справа не толькі ў прыватнасці. «Свабода волі» становіцца ўсё больш эфемернай з’явай. Калі ўзгадаць выбары Трампа ў 2016 годзе, чалавек — гэта набор біяхімічных рэакцый, якія можна даследаваць, і, як вынік, кіраваць імі.

Эксплуатуемыя ўжо непатрэбны

Цікава, што эксплуатуемыя становяцца ўсё менш патрэбныя, як палітычныя сіла. Чаму? Усё тая ж праблема аўтаматызацыі і штучнага інтэлекту. На сёння змяншэнне занятасці (і, як вынік, беспрацоўе) пагружае ў крызісы цэлыя рэгіёны. Але ўладатрымальнікі часта не асабліва пераймаюцца гэтым, бо пралетарыі ўжо не тая грозная сіла, якая стварае прадукты — дадатковую вартасць для краіны. І калі нешта ўлада не здолела аўтаматызаваць, заўсёды можна аддаць на аўтсорс «за акіян». Таму «сацыялка» — школы і шпіталі — усё больш занядбаная, звычайна на рэшткавым фінансаванні. Хто будзе за іх змагацца?
І хаця яшчэ сельскія жыхары імкнуцца ў горад (працоўная сіла хоча прадаць сябе даражэй), яны ўсё часцей займаюцца пошукам не месца працы, а сэнсу жыцця. Складана паверыць, калі вы з індустрыяльнай эпохі, але калі вы праграміст, ці фрылансер, які не прывязаны да месца, пошук сэнсу свайго існавання вельмі актуальны. Ёсць попыт — з’явіцца прапанова.

Выбары і рэферэндумы — гэта пра пачуцці

Хочацца зноў узгадаць «свабоду волі» індывіда, якую ліберальная дэмакратыя ставіць у цэнтр сваёй ідэалогіі. Дык вось, што такое «выбар»? Гэта ўсё ж акт аўтаномнай волі — рацыянальнага прыняцця рашэнняў, ці вынік біяхімічных рэакцый? Апошнія прыклады паліттэхналогій кажуць пра другое.
Таму аўтар кнігі выдае формулу, у якой біялагічныя веды, памножаныя на вылічальныя магутнасці і на аб’ём даных, даюць магчымасць узламаць чалавека.
Хаця зараз у нашай краіне больш узломваюць дзверы грамадзян, чым біяхімічную структуру чалавека, але таталітарна-аўтарытарныя рэжымы таксама вучацца. Ды і на рынку праграмнага забеспячэння і біятэка хапае кампаній, якія гатовы падзяліцца сваімі прадуктамі і дасягненнямі не пераймаючыся каштоўнасцямі, акрамя, канешне, добрага прыбытку ад эксклюзіўнага кліента — тыраніі.

Улада алгарытмаў

Улада зараз насамрэч перамяшчаецца ў алгарытмы. Вы мусіце рабіць плацяжы адмысловым чынам, замаўляць талон у клініку, атрымліваць пропускі-допускі, квіток у аўтобусе вам прабівае алгарытм, а каб напісаць на 115.бел — трэба паслядоўна запоўніць адмысловую форму і ўкласціся ў пэўны аб'ём літар. Усюды вельмі дакладныя шаблоны паводзінаў без выключэнняў.
Канешне, гэта ўсё і спрашчае жыццё, скажаце, Але і прымушае вас паводзіць так, як патрабуе некім запраграмаваны алгарытм. А калі вы жывяце ў дыктатуры, напрыклад, і нейкі алгарытм, вы мяркуеце, парушае вашы правы, ці магчыма арганізаваць акцыю пратэста супраць алгарытма? Да каго ісці — да сусветнай карпарацыі-распрацоўшчыцы ці ў мясцовы суд? А калі нават суд прызнае, што вашы правы парушаюцца, што далей? Усё часцей сустракаюцца саманавучальныя алгарытмы, рашэнні якіх — гэта назапашаны досвед папярэдніх узаемадзеянняў. Выбар праграмы — не проста змена кода, гэта спыненне і запуск шэрага сацыяльных і тэхналагічных працэсаў, якія могуць кіравацца, скажам так, з-за мяжы. Дык дзе ж шукаць праўду?

Грамадзянін як карысны выкапень

Насамрэч за ўладу (і эканамічную, і палітычную) канкуруюць карпарацыі і дзяржава. Заўважце — не грамадзяне (ці проста жыхары). Грамадзяне, дакладней, іх персанальныя даныя — гэта рэсурс. Сёння персанальныя даныя — гэта як золата ці нафта ў свае часы. Атрымліваецца, што грамадзяне, перастаючы быць працоўнай сілай, становяцца - рэсурсам. Дакладней сваімі паводзінамі генеруюць рэсурс (звесткі) і як вынік дададзеную вартасць эканомікі. Рэсурс — вельмі пасіўная пазіцыя. Гэта тое, што з нас лепяць.
Вядома, даныя аднаго грамадзяніна і яго паводзінаў маюць вельмі абмежаваны інтарэс. Але калі гэта мільёны звестак пра нашы паводзіны, інтарэсы, жаданні, эканамічную дзейнасць, якія канцэнтруюцца ў адных руках і апрацоўваюцца алгарытмам, кошт іх неймаверна ўзрастае.
Таму пры сённяшнім раскладзе, напрыклад, у нашай і краіне, грамадзяніну застаецца выбіраць, каму пакідаць свае персанальныя даныя: вялікім карпарацыям (напрыклад, банкам, гандлёвым сеткам), ці дзяржаве, як наша, якая балансуе паміж аўтарытарнай і таталітарнай. Такі сабе выбар, праўда?

Тэрарысты + дзяржава = Love

Зараз трохі пра гвалт паразважаем. Юваль Ной Харары, цікава аналізуе ўзаемадзеянне тэрарызму і непрапарцыйную рэакцыю дзяржаў на яго.
Дзеянні тэрарыстаў, як правіла, вельмі абмежаваныя ў памеры і наогул рэдка прыводзяць да выканання іх патрабаванняў з боку дзяржавы. Тым не менш, дзяржавай уводзяцца абмежавальныя законы для ўсіх, парушаецца тая самая прыватнасць абывацеляў у абмен на «бяспеку». Дарэчы, і сам размен «бяспека-прыватнасць» вельмі маніпулятыўны. Калі мы аддаём прыватнасць, то бяспекі, як правіла таксама няма. Мы яе перастаем адчуваць. Павялічваецца трывожнасць, бо патэнцыйна за кожным вашым крокам сочаць, нават калі вы мірныя абывацелі і вам «няма, што хаваць».
Сілавым блокам і спецслужбам даецца зялёнае святло. Пачынаюцца дывановыя бамбардзіроўкі па ўсім напрамкам жыцця грамадства. Атрымліваецца, што генералы вызначаюць палітыку і правапрымяненне (не суды), але патрэбны тэатральны прадзюсар, які можа зрабіць шоу, што перакрые шоу тэрарыстаў. Некаторыя дзяржавы, дакладней, палітычныя ўладатрымальнікі гэта ўжо актыўна робяць. Такім чынам, мы маем і шоу, і рэпрэсіі ў адным флаконе.
Калі дзяржава вельмі перастараецца, яна прыпадабняецца тым самым тэрарыстам, пачынаючы запужваць большасць грамадзян праз паказальнае ўзяццё ў закладнікі асабліва актыўных і пасіянарных. Падаецца, што большасць нават не адчувае гэты акт захопу, але наступствы тычацца ледзь не кожнага. А раптам заўтра будзеш ты гэтай мішэнню для застрашвання? Адбываецца замена ролі дзяржавы як гаранта стабільнасці ў актара, які можа выпальваць «тэрарыстычныя» акты ледзь не бясконца і беспакарана. Хвалююча і непрыемна, праўда?
Канешне такія адвязныя паводзіны не застаюцца незаўважанымі для чалавека, які разумее свае грамадзянскія і палітычныя правы. Сама дзяржава, такім чынам, падрывае сваю легітымнасць. Большасць верыць (ці, магчыма, раней верыла), што не мусіць быць палітычнага гвалту, бо «мы ж плацім падаткі арміі і паліцыі» для той самай бяспекі. Але гэты тэрарыстычны гвалт — рэальнасць сёння і нараджаецца самой дзяржавай.

Вера ў фэйкі і пакланенне абсурду

Далей больш. Філосаф паказвае, чаму мы верым у фэйкавыя навіны. Прыводзіць у прыклады рэлігійныя наратывы, у якія вераць мільёны людзей. Па сутнасці, яны з’яўляюцца прыгожым натхняльным вымыслам — няпраўдай. Чаму ў такім выпадках не верыць у намаляванасць лічбаў на выбарах? Як і некаторыя рэлігіі, гэтыя лічбы могуць укараняцца вагнём і мячом. Што мы бачым і тут: паміж Польшчай і Расіяй.
Дарэчы, яшчэ момант, які важна разумець. Харары настойвае, што дзяржаве ці таму, хто трымае дзяржаўную ўладу, больш разумна патрабаваць верыць у абсурд, чым у ісціну для праверкі лаяльнасці. Таму ўвесь тэатр, які мы бачым апошні год ад уладароў Беларусі, — гэта менавіта праверка лаяльнасці прыхільнікаў. І чым у большы абсурд яны, прыхільнікі, будуць верыць, тым больш фанатычна будуць выконваць любыя загады ўладара. Тырану гэткія паводзіны падабаюцца, можна цешыць ЧСВ. Вось такая культурная рэвалюцыя «хунвейбінаў» у нашай балоцістай айкумене прама цяпер. Сумняваецеся? Проста разгарніце падручнікі гісторыі.
Што самае хвалюючае ў гэтых фэйках. Калі вы і вашы суседзі верыце ў нейкую прыдуманую гісторыю, можаце смела разлічваць на дапамогу адзін аднаму ў цяжкую хвіліну. Гэта і пра рэлігійныя супольнасці і пра тэматычныя таксама. Вось яна аснова ўлады. Бо міфалогія чароўным чынам з’ядноўвае людзей, а сродкі камунікацыі яе распаўсюджваюць. Таму, на погляд людзеў ва ўладзе, іх, медыя, трэба кантраляваць. Як? Трохі ніжэй.
Чаму ж вымысел мацнейшы? Па-першае, на думку аўтара кнігі, ён стварае індывідуальную ідэнтычнасць удзельнікам гэтага міфа (гісторыі). Вы разумееце, што ваша месца і роля, напрыклад, абарона труны гасподняй. Крыжовыя паходы вялі тысячы апантаных з дажджлівай Англіі і Францыі ў сонечны Іерусалім. І людзі за гэты фэйк гінулі.
І, па-другое, міфы трымаюць калектыўныя інстытуты. Чаго, напрыклад, варта вера ў амерыканскую мару мільёнаў амерыканцаў (і неамерыканцаў таксама), ці сац’яграху Гандзі. Менавіта таму, дзяржава траціць на агульнадзяржаўныя выдаткі больш, а не на сацыяльную палітыку. Так, гісторыі даюць магчымасць аб’ядноўваць, захопліваць уладу, падтрымліваць гармонію ў грамадстве.

Філосафы — фрыкі

Так-так. Улада вымушана (!) распаўсюджваць вымыслы і выдумкі. Бо міф — аб’ядноўвае, а праўда — вельмі часта раз’ядноўвае. Вось гэтая неверагодная рэч і з’яўляецца асновай. У выніку чалавек як від аддае перавагу ўладзе, а не ісціне. Дарэчы, можа таму варта вучыцца ствараць міфы, задаецца такой думкай філосаф Харары.
На чым базуецца гэта сцверджанне? Ісціна не была прыярытэтным пунктам у чалавецтва, усё пастаянна трымалася і трымаецца на балансе паміж праўдай і вымыслам. Канешне, былі і з’яўляюцца філосафы, якія імкнуцца да ісціны, але іх менш і іх думкі рэдка прымаюцца большасцю. Філосафы — такія фрыкі свайго часу, хоць і кажуць больш праўды.
Чаму, дарэчы, тыя, хто трымаюцца ўлады, не пераймаюцца корпаннем у пошуках ісціны і праўды для сваіх падданых ці грамадзян? А таму, што галоўная мэта ўлады не вывучэнне рэальнасці, а яе змяненне. Гэта і класікі казалі, і Харары паўтарае. Таму нам усім трэба пераглядзець гэта адвечнае беларускае: «Дзе праўда?» Дакладна не ва ўладзе. Магчыма — у філосафаў.

Як цэнзура ажанілася з дэзінфармацыяй

Калі з міфалогіяй ці больш знаёмымі словамі «дзяржаўнай ідэалогіяй» не склалася, прымяняюцца іншыя інструменты — фэйкавыя навіны. Хутка-брыдка, але пераварваецца і часам засвойваецца. Але калі не засвойваецца — гэта нават лепей. Тлумачу чаму.
Хаця ўлады часам спрабуюць цэнзураваць, закрываць непажаданыя СМІ, але апошнім часам усё больш схіляюцца распаўсюджваць дэзінфармацыю. Праўда ж, у патоку навін з перамешанай праўдзівай і непраўдзівай інфармацыяй вельмі лёгка заблытаць чалавека супярэчнасцямі і адцягваючымі манеўрамі. Можна, напрыклад, спыняць самалёты, насылаць мігрантаў на суседнія краіны, прыдумваць «рэферендумы» ці ўяўных ворагаў, каб людзі перасталі нават думаць, што самапрызначаны ўладатрымальнік падмануў на выбарах і пасля прапанаваў кучу фэйкаў, за якімі стаіць грубая сіла як аргумент. І, заўважце, гэта працуе. Часта. У людзей губляецца цэласны позірк на жыццё. Выбар пачынае здзяйсняцца выпадковым чынам. Адкуль жа ўзяць цэласны позірк на жыццё ў такім патоку інфармацыі? Людзі ва ўладзе гэта ведаюць і карыстаюцца такім прыёмам. Дручок дапамагае.
У канцы кнігі «21 урок для 21 стагоддзя» філосаф Харары спрабуе даць нейкі пазітыўны выхад з гэтай беспрасветнай цемры, падаецца, прадвызначанага парадку рэчаў. Так, гэты выхад можа быць праз сумесную гісторыю пошуку сэнсу, творчасць, дзе ваш выбар ролі і ўдзел з’яўляюцца часткай вялікай справы, і адначасова ўдзел у гэтай справе трымае вас у (адносна) бяспечнай зоне. Ці магчыма такое? Усё магчыма! Але адпачатку вам прыйдзецца прарвацца ўважлівым чытаннем праз сотні старонак глыбокіх і вострасацыяльных думак Юваля Ноя Харары, якія шмат дзе вельмі добра кладуцца на драматычныя будні сённяшняй, а далей — новай Беларусі.