Інстытут Гётэ і «pARTisan» пазнаёмяць з нонканфармізмам 1980-х
Інстытут імя Гётэ ў Мінску і медыяпраект «pARTisan» прадставяць у Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» выставачны праект-дакумент «Мінск. Нонканфармізм 1980-х».
Апошнім часам у беларускім культурным дыскурсе ўсё часцей закранаецца феномен «беларускага авангарду». Неаднаразова праводзіліся калектыўныя і персанальныя выставы мастакоў таго часу (Адама Глобуса, Аляксея Жданава, Валера Песіна, Людмілы Русавай, Віталя Чарнабрысава, Генадзя Хацкевіча ды інш.), а некалькі гадоў таму ў «Калекцыі пАРТызана» выйшаў альбом «Беларускі авангард 1980-х», што застаецца фактычна адзіным дакументам, у якім зробленая спроба задакументаваць гэтую з’яву.
Што гэта быў за час? Кім былі яго ключавыя фігуры, і як гэтыя мастакі выжывалі і працавалі насуперак абставінам? На каго яны абапіраліся і каму адрасавалі свае маніфесты? Як разумелася мастацтва, і чаму менавіта яно зрабілася прастораю для жэсту свабоднага чалавека? Нарэшце, чаму авангард і чаму ён дагэтуль у андэграўндзе? Паўнавартасна на гэтыя ды іншыя пытанні яшчэ трэба будзе адказаць: гэты ўнікальны для беларускай культуры перыяд не апісаны і не вывучаны, а яго архіў па-ранейшаму існуе ў выглядзе разрозненых артэфактаў, якія захоўваюцца ў кватэрах мастакоў.
Выстава-дакумент «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» — гэта яшчэ адзін зварот да гэтай з’явы і прэзентацыя яе не праз працы мастакоў, а праз артэфакты, дакументы і гісторыі, якія могуць перадаць і апісаць атмасферу тых часоў. Але «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» — гэта і не выстава-ўспамін або настальгія. У першую чаргу мы звяртаемся да маладой генерацыі, якая не ведае або фрагментарна ўяўляе сабе тую эпоху. Падзеі, што адбываліся тады, наўпрост ці ўскосна звязаныя не толькі з сучаснымі мастацкімі працэсамі ў Беларусі. У тым часе, шмат у чым рэвалюцыйным і вызначальным, можна і трэба шукаць адказы на многія пытанні, якія хвалююць тых, хто спрабуе сёння зразумець прастору, у якой жыве, і сваё месца ў ёй.
Выстава «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» будзе своеасаблівым адказам на выставу «Геніяльныя дзілетанты», прысвечаную авангардным субкультурам 1980-х гадоў у Германіі, што будзе дэманстравацца з 23 красавіка ў Цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску.
У межах выставы адбудуцца прэзентацыі і кінапаказы, сачыце за анонсамі.
Куратар праекту — Артур Клінаў. Сакуратары — Таня Арцімовіч, Аляксей Барысёнак. У праекце прадстаўлленыя творы з архіваў: Вольгі Архіпавай, Адама Глобуса, Гузэль Заляевай, Артура Клінава, Юрыя Ігрушы, Сяргея Кірушчанкі, Ігара Корзуна, Уладзіміра Парфянка, Андрэя Плясанава, Віктара Пятрова, сям’і Сурскіх, Дзмітрыя Строцава, Аляксандра Угляніцы, сям’і Хацкевічаў, Віталя Чарнабрысава, Дзмітрыя Ярмілава.
Адкрыццё — 22 красавіка а 19:00 у Галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Праект будзе працягвацца да 10 мая.