Яўген Кулік – вяртанне памяці (да 10-годдзя смерці мастака)

11 студзеня 2012 у сталічнай галерэі «БелАрт» (Карла Маркса, 4) адчынілася мастацкая выстава «Кніжнік», на якой прадстаўлены творы Яўгена Куліка – выдатнага беларускага мастака і асветніка. Сёння, 12 студзеня, споўнілася 10 год, як ён скончыў свой зямны шлях.



8aa2c95dc0a6833d2d0cb944555739cc.jpg

11 студзеня 2012 у сталічнай галерэі «БелАрт» (Карла Маркса, 4) адчынілася мастацкая выстава «Кніжнік», на якой прадстаўлены творы Яўгена Куліка – выдатнага беларускага мастака і асветніка. Сёння, 12 студзеня, споўнілася 10 год, як ён скончыў свой зямны шлях.
Адначасова шматлюднай грамадзе сяброў, прыхільнікаў і паслядоўнікаў творцы, сярод якіх прысутнічалі мастакі і літаратары  – Мікола Купава, Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, Сяргей Панізнік, Алесь Марачкін, Рыгор Сітніца і іншыя – была прадстаўлена кніга ўспамінаў пра Куліка, “Жыццяпіс. Яе склалі Ўладзімір Крукоўскі і Віктар Маркавец. Гэта другі помнік памяці Куліка, які выканаў Віктар Маркавец – першы, з чорнага граніту, на надмагіллі мастака і яго маці, з крыжамі Св.Ефрасінні Полацкай – паўстаў у 2005 г. на Кальварійскіх могілках.
Даніна памяці, якая не згасае, і не згасне, пэўна, доўгія гады – раўнаважная значнасці ўнёску Яўгена Куліка ў мастацкае,  і не меньш у грамадка-палітычнае жыццё Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя.
Скончыўшы ў 1963 г. Беларускі тэатральна-мастацкі інсытут па класе жывапісу ў такіх мастакоў пэндзля, як А.Малішэўскі, В.Цьвірка, А.Мазалёў, Л.Лейтман, Кулік меў усе магчымасці зрабіць кар’еру жывапісца, але абраў шлях мастака-графіка.  Свядомы выбар даваў магчымасць праз кніжную ілюстрацыю і станковую графіку звяртацца да шырэйшага грамадскага кола. З-пад яго рукі вярталіся да жыцця ў мастацтве і нацыянальнай свядомасці вобразы нацыянальнай спадчыны, помнікі мінулага і постаці выдатных гістарычных дзеячаў, занядбаныя цягам дзесяцігоддзяў савецкага гістарычнага нігілізму. Адноўленыя абліччы старасвецкай архітэктуры – у нізках  «Помнікі дойлідства Гарадзеншчыны» (1974), «Замкі Беларусі» (1977), вобразы паплечнікаў Каліноўскага – у серыі «Паўстанне 1863 г. у Беларусі».

Яўген Кулік. Мірскі замак


Даробак мастака – шматлікія ілюстрацыі дзіцячых выданняў, прадстаўленых на выставе ў «БелАрт», гістарычных літаратурных шэдэўраў – «Слова аб палку Ігаравым», і, як вяршыня яго афарміцельскай творчасці – «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, кніга, якая ў 1980 г. адрадзіла традыцыю класічнага аздаблення пераўвасобленых старабеларускіх кніг – з густоўнымі тытулам, буквіцамі і іншымі элементамі, адлюстраваннем духу старасвеччыны.
Імкненне да асветніцтва, прага вяртання нацыянальнай самасвядомасці кіравалі Яўгенам Куліком ва ўсіх сферах дзейнасці – і ў працы мастацім рэдактарам часопісаў “Вясёлка і “Бярозка, і ў вялікіх выставачных  праектах.  Такіх, як прысвечаная 100-годдзю Цёткі ў 1976 г. мастацкая выстава, ідэя якой нарадзілася ў коле сяброў Яўгена Куліка, што збіралася ў яго майстэрні “На паддашку. Яна  зрабілася першай ў шэрагу значных супольных экспазіцый мастакоў-“адраджэнцаў, з шэрагаў якіх пазней вырасла мастацкая суполка “Пагоня на чале з Алесем Марачкіным.
Майстэрня Куліка, сапраўды размешчаная на гарышчы, “на паддашку, праз перакрыжаванне ад цэнтральнага будынка КДБ, у 1960-1990-я гады адыгрывала ролю дыскусійнай пляцоўкі беларускай нацыянальнай фронды. Тут сустракалася інтэлектуальная эліта –  Лявон Баразна (загадкава забіты ў 1972 г.), Зянон Пазняк, Генадзь Сокалаў-Кубай, Міхась Чарняўскі, Міхась Раманюк, Алесь Разанаў, Зміцер Санько, Алесь Лабанок, Віктар Маркавец, Алесь Марачкін. Тут, проста пад вокам дзяржбяспекі, нараджаліся такія знакавыя і супярэчныя савецкай афіцыйнай ідэалогіі творы, як эскіз паштоўкі да 1000-годдзя Беларусі з выявай “Пагоні – выдадзенай у 1980 г. на Захадзе.
Шлях да “Пагоні Яўген Кулік завершыў у 1991 г., калі разам з Уладзімірам Крукоўскім і Львом Талбузіным яны надалі канчатковае аблічча нацыянальна-дзяржаўнаму сімвалу незалежнай Беларусі. 1980-1990-я гады для Куліка прайшлі пад знакам вяртання гарадской геральдыкі краіны, над якім для выданняў гісторыка Анатоля Цітова ён працаваў разам з сябрам, Міколам Купавам.

Яўген Кулік


Рамантычнае адчуванне мінуўшчыны дапамагала Куліку і яго паплечнікам адраджаць стылістыку старых “сармацкіх партрэтаў, вобразнасць якіх увасаблялася ў адлюстраваннях гістарычных дзеячоў Беларусі, чые постаці мастак вяртаў сучаснікам з мінулага. Натхняцца творчасцю Язэпа Драздовіча і Алены Кіш – імёны гэтых творцаў рупнасцю Куліка ўвайшлі ў фонд беларускай культуры апошніх дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя, даючы яму тэмы і для ўласнай творчасці.
У мастацтве Яўген Кулік, па вызначэнні даследчыка яго творчасці Пётры Васілеўскага, рэалізаваўся найперш як “кансерватыўны нацыяналіст, што натуральным чынам у штодзённым жыцці звязвала яго з дзейнасцю самай энэргічнай нацыянальна-адраджэнскай палітычнай сілы найноўшай Беларусі – БНФ. І ў часе стварэння Народнага фронту, і ў часе яго дзейнасці: як сябры арганізацыйных структур, так і як мастака, аўтара афармлення шматлікіх вулічных мерапрыемстваў. Так бы мовіць, майстра палітычнага мастацтва сучаснасці.  
Выстава Яўгена Куліка працягнецца па 29 студзеня (працуе апрача нядзелі з 11 да 18 гадзін). А да 75-годдзя мастака, якое будзе адзначацца 31 кастрычніка, плануецца выданне вялікага альбома твораў майстра.