Як развівалася тэатральнае мастацтва Беларусі за апошнія стагоддзі
Сёння адзначаецца міжнародны дзень тэатра. У Беларусі разгромлены флагман тэатральнага мастацтва — Купалаўскі тэатр. Узгадаем славутыя старонкі, якія папярэднічалі гэтаму. Пачатковы і дастаткова ўдалы досвед стварэння тэатра ў Беларусі быў ужо ў часы Вялікага Княства Літоўскага — пры калегіумах і семінарыях узнікалі школьныя тэатры, першы з іх быў арганізаваны ў Полацку. Паралельна ўзнік і стаў карыстацца вялікай папулярнасцю народны лялечны тэатр батлейка.
Тэатральнае мастацтва Беларусі бярэ свой пачатак у разнастайных народных вераваннях, рытуалах і абрадах. Спачатку ў іх бралі ўдзел усе ахвочыя. Першымі прафесійнымі акцёрамі сталі скамарохі. У іх творчасці спалучыліся ўсе віды сцэнічнага мастацтва — драматычнае, музычнае, танцавальнае, цыркавое. Але на беларускай зямлі вандроўныя артысты не проста выступалі, а спасцігалі асновы прафесійнага майстэрства. Вядома, што ў Смаргоні да сярэдзіны XIX стагоддзя існавала адзіная ў Еўропе мядзведжая акадэмія. Адлоўленых у лясах медзведзянят вучылі танцаваць, а потым скамарохі адпраўляліся з імі на кірмашы ў Расію, Польшчу, Венгрыю, Германію — піша Budzma.
У пачатку XVI стагоддзя з’явілася такая з’ява, як школьны тэатр. Часцей за ўсё ён дзейнічаў пры каталіцкіх і праваслаўных духоўных навучальных установах. Напрыклад, у Мінскай губерні тэатр існаваў пры езуіцкім калегіуме. Сюжэты для спектакляў браліся, у асноўным, з Бібліі.
Найярчэйшая старонка ў гісторыі народнага тэатральнага мастацтва — беларуская батлейка.
Традыцыю ўсталёўваць калядныя батлейкі заклаў святы Францыск Асізскі ў XIII стагоддзі ў Італіі. Але ў Беларусі, дзе акрамя кананічных сюжэтаў вандроўныя артысты ў пачатку XVI стагоддзя паказвалі і сцэнкі з жыцця, гэтае мастацтва атрымала народнае прызнанне.Традыцыю ў наш час падтрымліваюць многія лялечныя тэатры рэспублікі, практычна ва ўсіх касцёлах на Каляды таксама можна ўбачыць паказ у жанры батлейкі.
Многія віды паказаў — школьныя, свецкія, прыдворныя — з’явіліся на беларускіх землях раней, чым у суседзяў. Кожны беларускі магнат імкнуўся стварыць свой тэатр, таму ў палацах прыстасоўваліся ці спецыяльна будаваліся памяшканні для спектакляў. Былі тэатральныя залы ў графаў Тышкевічаў у Плешчаніцах і Свіслачы, у І. Храптовіча — у Шчорсах, у князя Любамірскага — у Дуброўне, у графа З. Г. Чарнышова — у Чачэрску і Магілёве. Будаваліся яны, як правіла, італьянскімі дойлідамі.
Будаўніцтва першай спецыяльнай тэатральнай залы пачалося ў рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы ў 1746 годзе. Слонімскі тэатр Міхаіла Казіміра Агінскага, збудаваны ў 1775-1781 гадах, быў адным з самых вялікіх і тэхнічна абсталяваных у Еўропе.
Тэатр Зорыча ў Шклове стаў асновай і так званым падмуркам трупы Пецярбургскага імператарскага тэатра.
У XVIII стагоддзі сталі з’яўляцца прыватныя, гарадскія і прыгонныя тэатры. 13 чэрвеня 1746 года ў Альбе пад Нясвіжам была сыграна камедыя «Дасціпнае каханне» — гэта адбылося на дзесяць гадоў раней, чым у Яраслаўлі з’явіўся першы спектакль Фёдара Волкава — стваральніка пастаяннага тэатра ў Расіі. Тэатральныя калектывы былі ў Нясвіжы, Слоніме, Гродне, Магілёве і іншых беларускіх гарадах.
У гэты перыяд «шырокім» пластам насельніцтва музыка была недаступная. Народ атрымліваў асалоду ад выступленняў вандроўных артыстаў, скамарохаў у кірмашовыя дні.
Першую рэальную спробу стварэння беларускага тэатра можна аднесці да 40-х гадоў ХІХ стагоддзя. Прыкметнай фігурай у тэатральным жыцці таго часу быў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, менавіта ён пачаў работу па стварэнні беларускай прафесійнай драматургіі і нацыянальнага тэатра.
9 лютага 1852 года быў пастаўлены спектакль «Сялянка», аўтарам лібрэта якога стаў Дунін-Марцінкевіч.
Пісьменнік і драматург В. І. Дунін-Марцінкевіч (1807-1884) стварыў тэатральна-музычны гурток, куды ўвайшлі прадстаўнікі мінскай інтэлігенцыі. Удзельнікі гуртка давалі канцэрты і здзяйснялі тэатральныя пастаноўкі. Сам Дунін-Марцінкевіч прымаў у іх удзел не толькі як драматург, але як рэжысёр і спявак. У гурток уваходзіла каля 20 чалавек. Але царскія ўлады хутка забаранілі спектаклі на беларускай мове, і некалькі гадоў яны ішлі нелегальна. Вольна гастралявалі па Беларусі толькі рускія і ўкраінскія тэатры, а таксама трупы імператарскіх артыстаў.
У 1845-м першы пастаянны прафесійны тэатр быў адкрыты ў Віцебску ў старым жылым доме на Замкавай гары, пасля перабудаваным пад тэатр архітэктарам П. І. Чэрвінскім. А ў 1874 годзе ў будучай культурнай сталіцы з’явіўся Растоўцаўскі тэатр на Смаленскай базарнай плошчы, пра які прэса пісала наступнае: «Будынак, які можа супернічаць з тэатрамі вялікіх гарадоў».
Віцебскі тэатр
Наступным абзавёўся сваім уласным храмам мастацтваў Магілёў — у 1888-м па праекце архітэктара Камбурава быў узведзены будынак гарадскога тэатра, які да гэтага часу з’яўляецца адной з галоўных гарадскіх славутасцей.
Магілёўскі тэатр
Кіпела тэатральнае жыццё і ў невялікіх правінцыяльных гарадах. У 1872 годзе, калі пачаліся работы па добраўпарадкаванні Оршы, быў закладзены гарадскі «Англійскі сад» — у ім знайшлося месца драўлянаму двухпавярховаму тэатру, які насіў прэтэнцыёзнае імя «Мадэрн».
Аршанскі тэатр
У Пінску на пачатак XX стагоддзя існавалі ажно дзве сцэнічныя пляцоўкі: пабудаваны яшчэ ў 80-х гадах папярэдняга стагоддзя драўляны будынак купца Янкеля Больцмана і тэатр Каржанеўскага, узведзены ў 1901-м, які меў глядзельную залу на тысячу месцаў — самую вялікую ў губерні. Яшчэ ў адной архітэктурнай славутасці Пінска, кінатэатры «Казіно» са 110‑гадовай гісторыяй, зараз размяшчаецца Палескі драматычны тэатр.
Пінскі тэатр
У 1890 годзе архітэктары К. Увядзенскі і К. Казлоўскі пабудавалі ў Мінску гарадскі тэатр, у якім зараз знаходзіцца тэатр імя Янкі Купалы.
Купалаўскі тэатр
Свой тэатр быў і ў Рагачове. Яго пабудавалі ў 1912 годзе, ён меў цалкам абсталяваную залу на 500 месцаў і славіўся як сапраўдны культурны цэнтр у мясцовай інтэлігенцыі.
Невялікі драўляны тэатр у пачатку мінулага стагоддзя існаваў нават у Жлобіне, што ў тыя часы далёка не быў буйным прамысловым горадам, якім мы ведаем яго сёння, а ўсяго толькі невялікім мястэчкам.
Законапалажэнні буржуазных рэформаў 60-70 гадоў 19 стагоддзя адкрылі прастору для камерцыйнага прадпрымальніцтва, а значыць і для прыватнай тэатральнай ініцыятывы. У гэты перыяд тэатры існавалі на камерцыйнай аснове і поўнасцю залежалі ад касавых збораў. Вялікай папулярнасцю ў гледачоў карысталіся спектаклі «Рэвізор» і «Жаніцьба» М. Гогаля; «Гора ад розуму» А. Грыбаедава; «Навальніца», «Беспасажніца» А. Астроўскага; «Правінцыялка» І. С. Тургенева; «Чайка» А. П. Чэхава і інш.
У рэпертуары тэатраў сустракаліся п’есы і замежных класікаў: У. Шэкспіра, Ж.-Б. Мальера, В. Гюго, Эміля Заля і інш. Гэта была сур’ёзная драматургія, што аказвала спрыяльны ўплыў на тэатральную публіку, якая год ад года станавілася ўсё больш патрабавальнай як да рэпертуару, так і да гульні акцёраў.
Пастаноўкі даваліся ў спецыяльных тэатральных будынках або арандаваных залах грамадскіх і ваенных сходаў, а ў летні перыяд акцёры выступалі на сцэне гарадскіх «забаўляльных» садоў. Тэатральныя будынкі былі ўзведзены ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне і інш. Арандавалі залы ў Брэсце, Кобрыне, Оршы, Полацку, Бабруйску, Гомелі.
У тэатрах беларускіх гарадоў людзі далучаліся да прагрэсіўнай дэмакратычнай культуры, ішоў працэс фарміравання беларускай тэатральнай школы. Класікі беларускай літаратуры М. Багдановіч, Я. Колас, Я. Купала аказалі дабратворны ўплыў на тэатральнае мастацтва і духоўную культуру беларусаў.