Якога колеру «крылы»?

Калі вядомы пісьменнік і паэт Уладзімір Караткевіч ажаніўся, яму было амаль сорак гадоў. Многія пыталіся — чаму так позна? Ён адказваў:

«Усе гэтыя гады я захапляўся толькі адной жанчынай — Беларуссю».


Пра гэта я пачуў у Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча. Цікава, што ён месціцца не ў родным (як звычайна), а ў радзільным доме. Менавіта тут 26 лістапада 1930 года нарадзіўся будучы паэт і пісьменнік.



77f959f119f4fb2321e9ce801e2f5163.jpg

Калі вядомы пісьменнік і паэт Уладзімір Караткевіч ажаніўся, яму было амаль сорак гадоў. Многія пыталіся — чаму так позна? Ён адказваў:
«Усе гэтыя гады я захапляўся толькі адной жанчынай — Беларуссю».

Пра гэта я пачуў у Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча. Цікава, што ён месціцца не ў родным (як звычайна), а ў радзільным доме. Менавіта тут 26 лістапада 1930 года нарадзіўся будучы паэт і пісьменнік.
Прэс-тур па мясцінах Уладзіміра Караткевіча ладзіўся ў рамках кампаніі Беларускай асацыяцыі журналістаў «Журналісты за гістарычную спадчыну» і быў ужо 10-м па ліку. Арганізатар і натхняльнік гэтай справы Яніна Мельнікава.
Наўмысна не буду спыняцца на шматлікіх адметных (у станоўчым сэнсе) момантах прэс-вандроўкі. Скажу толькі — іх было многа. На жаль, запомнілася іншае… Якраз тое, супраць чаго і змагаўся Уладзімір Караткевіч.
Ён пайшоў з жыцця 25 гадоў таму, але калі параўнаць стаўленне да ўсяго беларускага савецкіх і сучасных улад, то розніца будзе амаль толькі ў акцэнтах. За савецкім часам усё беларускае ўспрымалася выключна як праява «нацыяналізму», а цяпер чыноўнікі нават пачынаюць ганарыцца тым, што Беларусь не заўсёды была «Северо-Западным краем России». Але далей слоў справа не рушыцца. Прычым, слоў, напісаных з памылкамі.
Добра, калі міністры пачынаюць размаўляць па-беларуску. Ёсць надзея, што чыноўнікі ніжэйшага рангу прымуць гэта як сігнал для выпраўлення, напачатку хаця б «памылак перакладу» ў найменнях населеных пунктах на падначаленых ім тэрыторыях. І з мапы Беларусі знікне назва вёскі «Красны акцябр». Ды і замест «Чырвонага кастрычніка» вернецца гістарычная назва.
«Краіну пад белымі крыламі» Уладзімір Караткевіч задумаў у вельмі прыгожай мясціне — на крутым беразе Дняпра, ля вёскі… Назву напішу так, як яна пазначана на дарожным знаку — «Азярыща». Менавіта з рускім «щ».
Хаця і нарадзіўся Уладзімір Караткевіч у Оршы, найбольш вядомыя творы напісаны ім у Рагачове. І калі, да гонару аршанцаў, адной з вуліц горада яны далі яго імя, то ў Рагачове вуліцы Караткевіча няма. Як няма і памятнай дошкі на доме, дзе працаваў пісьменнік, няма знака і на могілках, дзе пахавана яго маці. Спасылаюцца ў апраўданне на стрыечнага брата пісьменніка. Маўляў, той перашкаджае захаваць належным чынам памяць пра Уладзіміра Караткевіча.
Як казаў адзін рэжысёр — не веру. Не веру і ў спасылкі на дэфіцыт грошай, каб перайменаваць маленькую (каля дзесятка дамоў) вуліцу. Было б жаданне. На свежай памяці перайменаванне цэлых праспектаў.
У лістападзе наступнага года споўніцца 80 год з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Вельмі добрая нагода, каб «вырашыць усе пытанні».