Каложскую царкву прапануюць уключыць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА
У Гродна адбылася другая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Свята-Барыса-Глебская (Каложская) царква: пошукі шляхоў захавання».
Галоўнай мэтай канферэнцыі з’яўлялася распрацоўка стратэгіі захавання Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы ХІІ стагоддзя. У ёй узялі ўдзел адмыслоўцы з Беларусі, Польшчы, Украіны і Расіі.
Асаблівую ўвагу прыцягнулі даклады спецыялістаў пра сучасны стан Каложскай царквы. Так, адзін з дакладаў гарадзенскіх даследчыкаў датычыўся геадэзічных паказанняў грунту, на якім месціцца Каложа. Аказалася, што паказанні замерваюцца штомесяц і, паводле настаяцеля храма айца Аляксандра Балоньнікава, у дакладзе прагучала, што грунты пад Каложай трывалыя, і зменаў, якія б маглі выклікаць небяспеку, не назіраецца.
Яшчэ адзін з дакладаў закрануў леташнія даследаванні навукоўцамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту стану даху, каменнай і драўлянай часткі царквы. Навукоўцы засведчылі, што драўляная частка царквы не адносіцца да помніка архітэктуры і на сённяшні дзень яна ў такім стане, што няма магчымасці яе захаваць.
— На жаль, усе гады пасля ўзвядзення ёю ніхто і ніколі не займаўся. Праўда, у 1896–1906 гадах, калі яна будавалася, ніхто і не называў гэта рэканструкцыяй. Драўляная частка ўзводзілася як кансервацыя тых руінаў, якія дайшлі да нас з ХІІ стагоддзя, але сёння яна выпрацавала свой рэсурс.
Паводле айца Аляксандра, праект замены гэтай часткі сцяны распрацавалі адмыслоўцы «Гроднаграмадзянпраекту», і гэтая прапанова нават прайшла экспертызу ў Міністэрстве культуры. Вядома, што яны прапануюць дабудаваць каменную сцяну. Дарэчы, падобны праект рабілі яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, калі ўзводзілі драўляную частку. Але ёсць і крытычныя думкі, датычныя гэтага праекту.
— Мы з поўнай адказнасцю ставімся да захавання Каложы. Храм ХІІ стагоддзя — гэта вельмі адказна, і мы гэта адчуваем, а таму не спяшаемся з рэалізацыяй праекту. Мы хочам яшчэ раз прааналізаваць тое, што могуць сёння прапанаваць сучасная навука і тэхніка. Мы не будзем спяшацца, каб проста зрабіць хутчэй.
Навукоўцы з суседніх краінаў у сваіх дакладах дзяліліся досведам захавання падобных помнікаў. І ў той самы час аднагалосна, паводле айца Аляксандра, заклікалі яшчэ раз скласці падрабязны звод матэрыялаў даследавання помніка, уключаючы праекты па рэканструкцыі Каложскай царквы у ХІХ — ХХ стагоддзях. А таксама працягнуць архіўныя, натурныя і археалагічныя даследаванні Каложскай царквы, скласці картаграмы перабудоваў помніка. Працягнуць вывучэнне гідрагеалогіі, а таксама рэгулярны маніторынг стану грунтоў і падпорных канструкцыяў. І галоўнае, што прапаноўвалі ўсе навукоўцы, — стварыць міжнародную рабочую групу з прыцягненнем профільных спецыялістаў як з Беларусі, так і іншых краінаў для распрацоўкі і ажыццяўлення праекту рэканструкцыі. Каложа — сусветны помнік, і справа яго захавання — справа сусветная.
Адзін з пунктаў у праекце рэзалюцыі канферэнцыі звернуты да гарадзенскіх уладаў з заклікам спрыяць актывізацыі падрыхтоўкі дакументаў для намінацыі Каложскай царквы на ўключэнне яе ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКА.
Як цікавінка на канферэнцыі прагучала паведамленне з вуснаў польскага навукоўца, які паведаміў, што на грошы польскае дзяржавы зробленая 3D-мадэль Каложскай царквы. Гэта фотаграметрыя, без якой нават немагчыма пачынаць рэстаўрацыйныя работы.
Да канца года гэты праект, сказаў айцец Аляксандр, павінен будзе з’явіцца на сайце Каложскай царквы, і кожны ахвотны зможа віртуальна зрабіць для сябе экскурсію па храме.
Удзельнікі канферэнцыі, улічваючы значнасць помніка ХІІ стагоддзя, выступілі за далейшы працяг кваліфікаванай навуковай дыскусіі з прыцягненнем большай колькасці як айчынных, так і замежных навукоўцаў, і прапанавалі правесці трэцюю міжнародную навукова-практычную канферэнцыю па захаванні Каложы.
Першая канферэнцыя па захаванні Барыса-Глебскай царквы адбылася ў Гродна летась, у чэрвені. Арганізатарамі абедзвюх навукова-практычных канферэнцый выступіла Беларуская Праваслаўная Царква.
"Радыё Свабода"