Кастусь Герашчанка: «Песня трапляе ў сэрцы людзей»

Як нараджаюцца песні? Адкуль бяруцца таленты-самародкі? Чаго не стае беларускаму музычнаму эфіру? Пра гэта і не толькі мы пагутарылі з вядомым беларускім бардам, кіраўніком Народнага гурта «Пліса» Кастусём Герашчанкам.

img_20190706_112751.jpg


— Перад пачаткам нашай з табой гутаркі, я запытаўся ў Гугла, што ён ведае пра народны гурт «Пліса». І вельмі здзівіўся, што ўсёведны Гугл сціпла прамаўчаў. Таму, калі ласка, Кастусь, распавядзі крыху пра гісторыю стварэння свайго калектыву.
— Што тычыца Гугла, то калі запытацца пра народны гурт «Пліса», нешта ўсё-такі вылезе, але гэта ў асноўным нейкія канцэртныя відэасюжэты, ды й то — аматарскія, з тэлефонаў. Былі калісьці інтэрв’ю і выступы на радыё, але ўсё гэта яшчэ да шырокага інтэрнэту. ВІА з’явіўся ў нашым ДК амаль адразу пасля адкрыцця. Як аказалася, і ў Плісе, і ў наваколлі знайшліся добрыя галасы і класныя інструменталісты.
 І «Раніца» (так называўся ВІА) гучала вельмі прафесійна і на шматлікіх конкурсах займала заўсёды высокія прызавыя месцы. І вось у канцы мінулага веку сабраў я ўсіх тых, хто калісьці граў ці спяваў у ансамблі, пачаў рабіць аранжыроўкі беларускіх народных песень. Свае таксама паціху з’яўляліся, і ўжо праз тры гады існавання, у 2000 годзе, здаецца, мы атрымалі ганаровае званне «Народны», і з тае пары з’яўляемся лепшым вакальным калектывам раёна, а цяпер ужо нягоршыя і ў вобласці, а магчыма і ў краіне.
— Калі ты пачаў спяваць па-беларуску? Хто ці што падштурхнула цябе да гэтага?
— Мусіць усё пачалося, калі на Беларусь прыйшло Адраджэнне. Гэта было як вясновая паводка, якая змывае зімовы бруд. Аказалася, што беларуская гісторыя налічвае многія стагоддзі. І гэта магутная, слаўная гісторыя, у адрозненне ад нашых усходніх суседзяў, ілжывыя, псеўдагістарычныя байкі якіх нам піхалі ў галовы на ўроках «гістoрыі». Мы нарэшце ўдыхнулі чыстае паветра, паветра праўды. За гэта мы заўсёды будзем удзячныя Міколу Ярмаловічу, Міхасю Ткачову, Уладзіміру Караткевічу, Леаніду Дайнэку, Зянону Пазняку. Дарэчы, першы раз я выйшаў з гітарай на мітынгу ў Барысаве, дзе на стадыёне выступаў З. Пазняк.
— Пераважная большасць беларускіх бардаў, у тым ліку і я, не маюць музычнай адукацыі. А як у цябе склаліся адносіны з музыкай?
— У музычную школу хадзіць мне не давялося, бо там, дзе я вучыўся першыя сем школьных гадоў, музычнай школы проста не існавала, але нотную грамату ведаю, вучыўся самастойна па розных самавучыцелях, Матэо Каркассі — мой першы настаўнік. Хто грае гітарную класіку — добра яго ведаюць.
Я ўжо быў на апошнім курсе Мінскага радыётэхнікума, калі ў мяне з’явілася першая гітара, рублёў, хіба, за 8-10. І з тае пары ўсё астатняе адышло далёка на задні план, вучыў, ноты, песні,акорды — аж да крыві на пальцах. Ну і вось… Як аказалася — не дарэмна.
— У багатыя на палітычныя падзеі 90-я цябе можна было часта сустрэць на вулічных акцыях. І калі нехта падчас такіх мерапрыемстваў браў у рукі камень, ты выходзіў да мікрафона з гітарай і спяваў. Ты сапраўды лічыш, што беларуская песня ў пэўныя часы нашай гісторыі можа аб’яднаць і ўмацаваць Дух і Веру народа?
— Вось глядзі: калі ты ўзяў у рукі камень, то можаш пабіць шкло, набіць гуз камусьці, але толькі аднаму. А песня трапляе адразу ў сэрцы вялікай колькасці людзей. Дарэчы, у тыя часы, я маю на ўвазе 90-я гады, песні амаль заўсёды гучалі на мітынгах, песням надавалася значна больш важкае значэнне, чым зараз. Мы ж ведаем якое значэнне надавалі песням бальшавікі. І якія музычныя «мастадонты» пісалі іх. Вось толькі, на жаль, ілжывыя яны амаль усе. «Широка страна моя родная», «Хотят ли русские войны» і т.п. Можна прамаўляць доўга і нудна, але нікога ні ў чым не пераканаць, а добрая песня робіць гэта з лёгкасцю…
— Распавядзі крыху пра свой радавод.
— Родам я з вёскі Буглаі, што на Краснапольшчыне. Гэта ўскраіна нашай Беларусі. Калі я за тры км хадзіў да дзеда ў неіснуючую зараз вёску Шамаўшчына, то грыбы збіраў ужо ў расійскім лесе. Адтуль і бацькі мае. Маці ў свой час была класнай закройшчыцай, магла пашыць усё — і кашулю, і паліто. Маці, дасць Бог, летам ужо 90 год споўніцца. Ну а бацькі няма ўжо даўно.
Уся мая музычная адукацыя — гэта Мінскі радыётэхнікум. А працую апошнім часам кіраўніком Народнага гурта «Пліса» Акцябрскага (даруйце) Дома культуры Смалявіцкага раёна.
— Ваш гурт носіць званне «Народнага». Як яго прысвойваюць? Што неабходна рабіць, каб гэтае званне захаваць?
 — Званне «Народны» атрымліваецца проста. Трэба стварыць калектыў. Зрабіць цікавы рэпертуар. І праз тры гады актыўнай творчасці гурт праслухоўвае камісія і дае (ці не дае) гэтае званне. Дарэчы, падаваліся мы пад назвай «Раніца», але нам паведалі, што гэтых «раніцаў» на Беларусі хоць гаць гаці... І мы з патрыятычных меркаванняў (бо тут у нас і вёска Пліса, і рэчка Пліса) сталі «Плісой». А зараз раён прапануе нам стаць «Смалярамі» — гэта скарочана ад Смалявіцкія песняры. Званне «Народны» патрабуе пацвярджэння кожныя тры гады, але, шчыра кажучы, нам яго, улічваючы наш узровень, пацвярджаюць аўтаматычна.
— Дзе ты знаходзіш удзельнікаў гурта? І, дарэчы, назаві сваіх музыкаў, як кажуць, пайменна.
— Шукаць удзельнікаў далёка не трэба было, усе яны тутэйшыя. Вельмі багатая аказалася на добрых вакалістаў Пліса і ваколіцы. Алег Сёмін, Ірына Велянцейчык, Ілля Канапелька, Тацяна Дымшава — усе яны нарадзіліся тут. Са Смалявічаў — баяніст і клавішнік Іван Алешка, філосаф, дарэчы, по адукацыі. А я сюды пераехаў у 1968 годзе.

narodny_hurt_plisa.jpg


— Гэта праўда, што саліста гурта «Пліса» Алега Сёміна ў свой час запрашаў у склад «Песняроў» сам Уладзімір Мулявін?
— Алег і сапраўды з’ездзіў на праслухоўванне ў «Песняры», і Мулявін тады сказаў, што Алегу праз некалькі дзён трэба прыязджаць на афармленне. Але, на вялікі жаль, адбылася трагічная аварыя, якая забрала вялікага Песняра…
— Што ты любіш рабіць больш: ствараць і запісваць песні ці гастраляваць з канцэртамі?
 — Яно ўсё цікава, усё патрэбна. Калі не будзеш працаваць над рэпертуарам, то не будзе з чым і гастраляваць, цікава і калі атрымліваецца нейкая новая песня, якую трэба яшчэ і аранжыраваць і зрабіць якасную фанаграму, і, зразумела, не менш цікава выносіць свае песні на суд слухачоў. І вельмі прыемна, калі мы бачым, што тое, што мы робім, знаходзіць водгук у сэрцах тых людзей, што прыйшлі паслухаць нашыя спевы. Гэта моцна падштурхоўвае і натхняе на далейшую творчасць.
— Я ведаю, што сам ты не пішаш тэкстаў да сваіх песень. З кім з беларускіх паэтаў ты творча супрацоўнічаеш? На чые словы напісаная найбольшай колькасць твораў?
— Ёсць у мяне колькі песень і на свае словы, але ў асноўным гэта песні на вершы нашых беларускіх майстроў вершаванага слова: У. Някляева, У. Супруна, В. Шніпа, К. Цыбульскага, Эдуарда Акуліна і іншых. Я б так сказаў, што з нотамі ў мяне атрымліваецца значна лепш, чым з літарамі.

knst.jpg


— Зараз сярод музыкаў стала модна запісваць каверы вядомых песень. Каго з беларускіх выканаўцаў вы найчасцей перапяваеце?
— Мы былі і застаемся непахіснымі прыхільнікамі мулявінскіх першых «Песняроў». Падабаюцца таксама і «Беларускія песняры». Мы зрабілі колькі песень з іх рэпертуару, але ў кожную аранжыроўку дадаем нешта сваё. Нават бессмяротная «Канюшына», якую любіў касіць Ясь, і тая гучыць трохі іначай, па-плісаўску.
— Я з вялікім задавальненнем слухаю запісы «Плісы», едучы ў аўто. Яны зроблены на высокім прафесійным узроўні, уражваюць багатай галасавой палітрай і, галоўнае, яны не надакучаюць. Іх можна слухаць бясконца. На жаль, толькі ў салоне свайго аўто. Чаму «Плісы» не чуваць на беларускім радыё і FM-станцыях?
— Пра FM-станцыі лепей не ўспамінаць. Тое, што там гучыць, гэта ў асноўным, нейкае калямузычнае лайно. Тут табе і мярзотны расійскі шансон, і не менш паскудная і брыдотная расійская папса. Ну, яшчэ і розныя «тыц-тыц» ад усялякіх DJ-яў. Калі параўнаць, напрыклад, з літаратурнай творчасцю, то калі садзіліся за пісьмовы стол Купала, ці Колас, то ў іх з-пад пяра выходзілі ў каго — «Тутэйшыя», у каго —«Новая зямля». А ў DJ-яў з іх музычных скрынак, у якія загадзя закладзены, як у буквары, розныя музычныя склады, выходзіць нешта накшталт: «Ма-ма мы-ла,тыц-тыц,мы-ла-ра-му,тыц-тыц» і г.д…. Ну, а на дзяржаўнам радыё нашыя песні, калі-некалі, ды і гучаць…
— Я ведаю, як няпроста сёння музыкам знайсці магчымасць запісаць свае песні, выдаць кампакт-дыск. Дзе вы робіце свае цудоўныя запісы?
— Сёння якраз і запісаць, і выпусціць запісанае на СД вельмі проста. Гэта можна зрабіць нават у хатняй студыі. Таму зараз і свішча з усіх дзюрак і шчылін усялякая дрэнь. На жаль, у нас няма прафесійнага студыйнага абсталявання, і, мусіць, нашыя запісы высокаякаснымі назваць нельга. Але, як ты кажаш, слухаць можна.
— Разам з гуртом «Пліса» ты шмат выступаеш як на Беларусі, так і за яе межамі. Якія краіны і кантыненты вы ўжо скарылі сваімі спевамі?
— Выступаць можна было б і больш, бо ўзровень калектыву даволі высокіі. Магу сказаць, што не было яшчэ ніводнага нашага сольнага канцэрту без авацый і ўставання ўсёй глядзельнай залы напрыканцы. Пабывалі мы ўжо ў Славакіі, Польшчы, Францыі, Латвіі, Эстоніі, Украіне, Кітаі і Расіі. У снежні гэтага года амаль цэлы месяц будзем, калі дасць Бог, спяваць у Дубаі.
— У мінулым годзе «Пліса» разам з калектывам Валянціна Елізар’ева з вялікім поспехам гастралявала ў Кітаі. Як кітайскія гледачы ўспрымалі беларускі балет і беларускую песню?
— І сапраўды нам пашчасціла пабываць у Паднябёснай яшчэ да гэтай заразы, якая абрынулася зараз на планету. У складзе беларускай дэлегацыі мы пабывалі ў горадзе Чуньцыне. Які, як аказалася, памерамі большы за Аўстрыю, і ў якім насельніцтва больш, чым у Іспаніі. Святочныя мерапрыемствы, у якіх мы прымалі ўдзел, ладзіліся з нагоды 75-годзя КНР. Прымалі нас вельмі гасцінна і цёпла, моўных перашкод не было ніякіх, бо з намі заўсёды былі перакладчыкі. А песні нашыя кітайскім слухачам прыйшліся да душы, бо на апладысменты яны не скупіліся.
— Калі б была магчымасць выбіраць, куды паехаць наступным разам на гастролі, якую краіну ты б выбраў?
— Асабіста мне вельмі падабаецца бываць у Польшчы. У нас там ёсць ужо і сябры, ды і мову польскую я ведаю вельмі добра. З задавальненнем наведаў бы і Нямеччыну, дзе я раней бываў у якасці вулічнага музыкі, ды і з нямецкай мовай у мяне праблемаў няма. А наш баяніст Іван Алешка яшчэ і свабодна валодае ангельскай мовай.
— Аб чым ты, як музычны кіраўнік гурта «Пліса», сёння марыш?
— Хацелася б калісьці заспяваць і ў нашай беларускай філармоніі, бо ў Тальяці ў філармоніі мы спявалі і ў нацыянальнай Адыгейскай, у горадзе Майкопе, выступалі аж тры разы. Хацелася б, каб на беларускам радыё з’явіўся нейкі рэтра-канал, накшталт існуючых расійскіх, на якім можна была б паслухаць не толькі «Песняроў», але ж і іншых беларускіх музыкаў, у тым ліку і нашу «Плісу».