Кінг-Конг, якога мы не ведаем
Кінаманы ўсяго свету адзначаюць 90-ю гадавіну выхаду на экраны славутага фільма «Кінг-Конг», у сюжэце якога таксама заўжды шукалі і дасюль шукаюць палітычны падтэкст.
Здымачная група плыве на нязведаную выспу, дзе жыве гіганцкая малпа, вядомая як Конг. Тут «белая бландынка — галоўная гераіня фільма, выкрадаецца Конгам, які пазней яе ратуе. Пасля Конг злоўлены і дастаўлены ў Нью-Ёрк, каб быць выстаўленым на шоу як Восьмы цуд свету. Але монстр нейкім чынам вырываецца на волю, выкрадае галоўную гераіню і працягвае разбураць горад, перш чым яго збіваюць на даху Эмпайр-стэйт-білдынг. Такі ў двух словах сюжэт фільма, які выйшаў на экраны 2 сакавіка 1933 года.
Праз 90 год сучасныя аўтары рэцэнзій на карціну не шкадуюць дыферамбаў. «Кожны элемент у фільме "Кінг-Конг" стаў вяхой у гісторыі Галівуду», — піша адзін з крытыкаў.
І гэта, напэўна, яшчэ сціплая ацэнка феномена гэтай карціны. Фільм Мерыяна Купера аказаў вялізны эфект на тагачаснае пакаленне. Рэй Брэдберы пісаў: «Калі Кінг-Конг выйшаў на экраны, вялізная колькасць хлопчыкаў па ўсім свеце ціха звар'яцела, а затым збегла з бацькоўскага дома, каб стаць авантурыстамі, даследчыкамі, рэжысёрамі, а ў горшым выпадку супрацоўнікамі заапаркаў».
Пра маштаб персанажа Кінг-Конга ўскосна сведчаць і спробы яго прыватызацыі ў Расіі. А гісторыя такая. У 1920-м у польскіх ВПС з'явілася эскадрылля, укамплектаваная амерыканскімі лётчыкамі. Намеснікам камандзіра эскадрыллі служыў той самы Мерыян Купер. Яго самалёт быў неяк збіты чырвонаармейцамі недзе над Украінай. Купер патрапіў у палон, адкуль яму ўдалося збегчы.
Аднак перш чым бегчы, амерыканец правёў некалькі месяцаў у турме, дзе вывучаў рускую мову. Тут яму, нібыта, трапілася на вочы кніга Карнея Чукоўскага «Ваня і Кракадзіл», дзе ёсць радкі пра тое як «дикая горилла Лялю утащила». Пасля пачвара забралася з Лялей на дах шматпавярховага дома. Нібыта гэтыя радкі і натхнілі Купера пасля вяртання на радзіму на стварэнне шэдэўра.
У 2017-м украінскі канал ICTV у невялікім роліку інакш растлумачыў гэты эпізод. Стваральнікі роліка прыгадалі, што Карней Чукоўскі нейкі час жыў у Адэсе, што дазваляе лічыць яго ўкраінцам. Такім чынам, атрымлівалася, што Кінг-Конг — падарунак Украіны.
Насамрэч усё больш празаічна. Калі верыць біёграфам Купера, яму ў шэсць гадоў падарылі кнігу пра Афрыку. У тым ліку там расказваецца пра гіганцкіх гарыл, якія, нібыта, выкрадаюць жанчын. У купераўскай кінакампаніі хацелі падзарабіць. А тут у 1930-м нядрэнную касу сабраў фільм «Інгагі», пра прыгоды экспедыцыі, якая адшуквае племя афрыканцаў, што пакланяюцца гарыле. Засталося толькі перапрацаваць сюжэт, дадаць спецэфектаў, анімацыі і г.д. Як бачым, ніякіх вершаў Чукоўскага не спатрэбілася.
Зрэшты, да з'яўлення баек аб тым, што Кінг-Конг мае рускае ці ўкраінскае паходжанне, Купер не дажыў. Затое пры жыцці яго крытыкавалі за прапаганду расізму. Гэта нядзіўна. У пачатку 20 стагоддзя людзі афрыканскага паходжання звычайна візуальна ўяўляліся як малпападобныя. Таму многія ўбачылі ў Кінг-Конгу метафару нейкага калектыўнага негра-мужчыны.
Акрамя таго, у фільме ёсць шэраг паказальных сцэн. Закоўванне Конга ў кайданкі метафарычна звязана з гандлем рабамі ў ЗША. Фрагмент аб тым, як Конг пазбаўляецца ад кайданоў, каб пачаць разбураць усё вакол, успрымаўся гледачом як выразнае пасланне: калі чарнаскурым мужчынам (на экране іх увасабляе Конг) будзе прадастаўлена поўная свабода, то ўслед рушаць разбурэнне і хаос. Пазней Куперу прыйшлося абвяргаць падобныя алегарычныя інтэрпрэтацыі, настойваючы на тым, што гісторыя фільма не ўтрымлівае схаванага расісцкага падтэксту.
У гэтым плане цікава, што ў нацысцкай Германіі фільму Купера спачатку дазволу на пракат не далі. Цэнзары вырашылі, што сцэны пагоні Кінг-Конга за белай бландзінкай з'яўляюцца «замахам на нямецкае расавае пачуццё». Карціну ад забароны ў пракаце выратаваў асабіста Гітлер, якому фільм чамусьці вельмі спадабаўся.У 60-я гады, калі рух за правы афра-амерыканцаў набыў радыкальны характар, змяніліся і эстэтычныя падыходы. Велізарная чорная малпа на даху самага высокага хмарачоса ў ЗША (знак амерыканскай дзяржавы і капіталу) сімвалізавала патэнцыял пратэсту чорнай меншасці.
Паколькі на двары ў той час быў пік антыкаланіяльнага руху, Конг раптам таксама атрымаў прыкметы змагара з заходнім імперыялізмам. Чаму і не? На экране Конга бяруць у палон на яго роднай выспе, сілком скоўваюць і вязуць у іншы свет для забаўкі белых людзей. Паўстанне Конга разглядаецца як рух за звяржэнне імперыялістаў. Нарэшце, забойства Конга ў фінале азначае падаўленне гэтага паўстання грубай сілай.
У 70-я, калі ўпершыню пачалі гаварыць аб глабальнай экалагічнай катастрофе, сюжэт пра Кінг-Конга атрымаў новую трактоўку. Нечакана ў вялізнай гарыле ўбачылі ахвяру чалавечай цывілізацыі. Кінг-Конг як бы стаў папярэджаннем супраць імкнення чалавецтва выкарыстоўваць прыроду ў асабістых мэтах. Ён неўтаймаваная сіла прыроды, якая ў адказ на ўчынкі людзей, выяўляе лютасць, што мае цяжкія наступствы.
Нарэшце ўжо ў наш час малпа стала сімвалам барацьбы з гендарнымі забабонамі. Пачаць трэба з таго, што ў фільме 1933-га Конг не меў эмацыйнай узаемнасці з галоўнай гераіняй. Па задумцы сцэнарыстаў, для дзяўчыны Конг да канца застаецца вялізнай страшнай малпай. У фінале гэта нечакана і выклікае спачуванне гледача на адрас монстра. Нягледзячы на абыякавасць дзяўчыны, Конг працягвае праяўляць да яе ўвагу і сімпатыю да апошняй хвіліны жыцця.
У 2005-м рэжысёр Джэмс Камерон выпусціў сваю версію Конга, у якім галоўная гераіня насамрэч улюбляецца ў Конга. Нешта ў паводзінах Конга прымушае яе адчуваць, што, нарэшце, яна сустрэла кагосьці, на каго можна спадзявацца, чыя адданасць ніколі не аслабее. У такой драматургіі крытыкі пабачылі смелую дыверсію супраць стэрэатыпаў гендарных паводзін.
Думаецца, гэта не апошняя трактоўка вялікай малпы. Зрэшты, пэўная тэндэнцыя ў ацэнках феномена Конга прысутнічае: жывёла выклікае ўсё больш і больш сімпатыі.