Топ-10 азіяцкіх фільмаў. Без апошняга трыюмфатара прэміі Оскар
Пасля фенаменальнага поспеху стужкі «Усё паўсюль і адразу», якая атрымала ўзнагароды ў самых галоўных намінацыях амерыканскай кінаакадэміі, цікавасць да азіяцкага кіно імгненна ўзрасла. Мы падрыхтавалі для вас спіс выдатных карцінаў, створаных азіяцкімі рэжысёрамі.
Нумар 10. Сем самураяў (Shichinin no samurai). 1954
Пачнем з працы Акіры Курасавы, якая спалучае ў сабе і драму і элемэнты вэстэрну, калі б яго дзеяньне перакінуць на Дзікі Захад. У выніку праз 6 гадоў амэрыканскі рэжысэр Джон Сторджэс зьняў сваю вэрсію («Цудоўная сямёрка»), якая таксама прыйдзецца вам па душы.
Што да клясычнага японскага фільма — нягледзячы на амаль непад’ёмныя на першы погляд тры з паловай гадзіны назіраньня за сярэднявечнай вёскай, мы імкліва, як лязо мяча самурая, праносімся скрозь сюжэт. Ён просты да геніяльнасьці — жыхарам аднаго з паселішчаў спатрэбілася абарона сямі спрактыкаваных жаўнераў — самураяў ад нападаў чужынцаў, якімі поўнілася спакутаваная грамадзянскай вайной Японія. Кожны з герояў раскрываецца самастойна разам з тым, каб усім разам паспрабаваць кінуць выклік страшэннай сытуацыі.
Нумар 9. Бывай, мая накладніца (Ba wang bie ji). 1992
Кітайскі рэжысэр Чэн Кайгэ стварыў у вялікай ступені скандальны фільм пра гісторыю сваёй краіны ў ХХ стагодзьдзі праз трагічную эпапею адносінаў у пекінскай оперы, якія цягнуліся больш за 50 гадоў.
Руйнуюцца ранейшыя звыклыя абставіны жыцьця, і гледачы праз бліскучую апэратарскую працу становяцца сьведкамі пераплеценай гісторыі дваіх артыстаў. Можна адзначыць, як з дапамогай празьмернага ўжываньня жорсткіх трэніровак герояў фільма яны амаль губляюць здольнасьць да сапраўдных пачуцьцяў. Але потым менавіта праз гэтую ўяўную чэрствасьць здольнае пралезьці тое, што мы можам назваць пачуцьцем.
Як зьмяняецца стаўленьне галоўных герояў праз паўстагодзьдзя пошукаў сябе — убачым напрыканцы стужкі.
Нумар 8. Легенда пра Нараяму (Narayama bushiko). 1983
Стужка Сёхэя Імамуры атрымала галоўную ўзнагароду на Канскім кінафэсьце. Глыбокая, пранізьлівая гісторыя, якая адгукаецца ў сучасных сэрцах рэалістычнасьцю. Гледачы сутыкаюцца з праблемай старых людзей, што застаюцца жыць з маладымі пакаленьнямі пад адным дахам.
Легенда кажа аб тым, што ў вёсцы захоўваецца традыцыя перавозіць тых, хто дасягнуў 70-гадовага ўзросту, на схіл гары і кідаць іх там на сьмерць. Мы ўбачым гісторыю двух чалавек, якія непасрэдна неўзабаве будуць аддадзеныя ва ўладу сьмерці. Аднак сваякі аднаго зь іх імкнуцца адтэрмінаваць гэта. Два розных падыходы да дзіўнай старажытнай традыцыі сплятуцца разам, асабліва ў момант надзвычайнага становішча паселішча, калі толькі веды тых, хто ўжо ня жыў праз свой узрост маглі ўратаваць усіх.
Ці атрымаецца перарабіць сістэму?
Нумар 7. Пусты дом (Binjip). 2004
Кім Кі Дук зьняў выдатную і вельмі дзіўную гісторыю каханьня. Галоўны герой стужкі незаўважна ўрывацца ў чужыя дамы і пражывае ў кожным месцы па некалькі дзён. Ён гатуе ежу, займаецца хатняй гаспадаркай, а потым рухацца далей. Што цікава, падобныя выпадкі напраўду фіксаваліся ў Паўднёвай Карэі, перадусім у Сэуле.
Перад тым, як сысьці, галоўны герой стужкі знаходзіць фотаздымак гаспадара дома і фатаграфуе сябе побач са здымкам. Дзіўна? Больш чым дзіўна. Паварот у сюжэце адбываецца тады, калі ў чарговым доме, дзе герой адчувае сябе ў бясьпецы і займаецца звыклым пражываньнем чужога жыцьця, за ім таемна назірае гаспадыня. Яна сама зьяўляецца ахвярай гвалту з боку мужа. Ёй прыходзіцца адкрыцца госьцю, і далей вас чакае насычаная гісторыя, поўная жорсткай рэалістычнасьці сёньняшняга грамадзтва.
Нумар 6. Расямон (Rashomon). 1950
Расямон — японскае слова, якое азначае «спрэчка». Яно бярэ пачатак з легенды пра Расямон, старажытныя брамы ў Кіёта. Легенда мае тры розныя вэрсіі, якія супярэчаць адна адной. Самую папулярную экранізаваў Акіра Курасава.
Дрывасек і сьвятар знаходзяць выратаваньне ад дажджу пад брамай Расямон, і неўзабаве пасьля гэтага да іх далучаецца яшчэ адзін мокры небарака. Яны чакаюць, пакуль бура сьціхне, і падчас гэтага яны занятыя абмеркаваньнем злачынства, якое адбылося ў бліжэйшым лесе, дзе самурай быў закатаваны да сьмерці, а яго жонка была згвалтаваная. Галоўны абвінавачаны — вядомы бандыт, а ў судзе першые двое выступалі сьведкамі. Трое герояў спрабуюць дабрацца да праўды, выкарыстоўваючы свае ўспаміны. Праз гэтыя супярэчлівыя гісторыі Акіра Курасава дае дасьледаваньне чалавечай псыхікі, якое нават сьвятара прымушае сумнявацца ў сваёй веры ў чалавецтва.
Прыгожыя, зьмястоўныя дыялёгі і фінал, які вы не чакалі.
Нумар 5. Лялькі (Dolls). 2002
Такешы Кітана зьняў шыкоўнае кіно зь некалькіх навэлаў, дзе гледачы сочаць за невялікімі гісторыямі, якія пацягнулі за сабою вялікія наступствы.
Гэтыя апавяданьні пра людзей пераплятаюцца зьяўленьнем герояў у адных і тых жа сцэнах. Іх гісторыі, аднак, не зьвязаныя паміж сабой. Але ці так гэта на самай справе?
Мы бачым маладога чалавека, які здрадзіў пачуцьцям дзеля сродкаў, дарослага боса японскай мафіі, чый самы шчасьлівы час быў у маладосьці са сваёй каханай, якую ён згубіў дзеля крымінальнай кар’еры. Трэцяй гераіняй зьяўляецца былая суперзорка тэлебачаньня, якая пасьля няшчаснага выпадку не можа паказваць свой твар. Усе яны зьвязаныя, толькі яшчэ ня ведаюць чым.
Нумар 4. Чырвоная барада (Akahige). 1965
Адна з галоўных працаў Акіры Курасавы распавядае пра гісторыю лекара. Японія ХІХ стагодзьдзя зьяўляецца максsмальна патрыярхальным грамадзтвам. Галоўны герой карціны — малады лекар, які трапляе працаваць у бясплатны дзяржаўны шпіталь, дзе кіруе жорсткі аўтарытарны лекар з чырвонай барадой.
Мы станем сьведкамі тонкай гульні актораў, праз якую яны здолеюць паказаць трансфармацыі ва ўзаемаразуменьні абодвух службітоў мэдыцыны.
Ніхто не жадаў саступаць. Але можа, нікому і не патрэбна было?
Нумар 3. Олдбой (Oldeuboi). 2003
Фільм Пак Чхан Ука можа шакаваць сваімі кадрамі, але калі вам не страшэнныя рэчы, якія можа ўчыніць з сабою чалавек, што выпадкова стаў зьняволеным іншага — вельмі раім паглядзець гэтую карціну.
Галоўны герой пасьля вечарыны трапляе ў дзіўны пакой, без вокнаў і магчымасьці выйсьця на 15 гадоў. Зьехаць з глузду – прасьцей простага. А нам з вамі далі магчымасьць паназіраць за абсурднай і страшэннай сітуацыяй. Ці можна застацца чалавекам у такіх умовах? І ці зьяўляюцца людзьмі тыя, хто адказвае за гэта?
Нумар 2. Жыць (Ikiru). 1952
Надзвычай натхняльная стужка Акіры Курасавы. Яна чаргуецца з амаль бесперспектыўнасьцю дзейнасьці галоўнага героя, які даведаўся пра сьмяротную хваробу. Да сканчэньня жыцьця ён жадае пасьпець… не, не нагуляцца з паненкамі ці паспрабаваць наркотыкі альбо скокнуць з парашутам — ён марыць усталяваць дзіцячую пляцоўку там, дзе шэры колер кіруе дзікім і страшэнным раёнам горада.
Галоўны герой грукаецца ў замкнёныя дзьверы і сэрцы бюракратыі з мізэрнай надзеяй на пасьпяховае вырашэньне свайго жаданьня.
Ці можа маленькі чалавек супрацьстаяць вечным інстытутам?
Нумар 1. Вясна, лета, восень, зіма і... зноў вясна (Bom yeoreum gaeul gyeoul geurigo bom). 2003
Такая доўгая і заблытаная назва і лепшага фільма Кім Кі Дука. Выкарыстаньне зьмены сэзонаў як мэтафары ўсяго жыцьця — не новае, але надзвычай удалае. Галоўныя героі стужкі — два будысцкіх манаха, якія становяцца сьведкамі зьмены паравінаў года, якія займаюць нашмат больш, чым звыклыя тры месяцы.
Гісторыі людзей, які трапляюць у жыцьцё манахаў, становіцца часткай іх агульнай гісторыі (а як жа інакш?). У гэтай працы карэйскага рэжысэра знайшлося месца і рамантыцы, і драме, і трагедыі, і нечаму, што значна больш за ўсё гэта паасобку.
Ідэальны фільм, каб сустракаць вясну.