Кніга «Мастацтва дзеля славы Божай» прэзентавана ў Мінску (фота, відэа)
У Нацыянальным мастацкім музеі прайшла прэзентацыя кнігі Вольгі Лабачэўскай «Мастацтва дзеля славы Божай. Саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы». На імпрэзе дэманстравалася царская брама з царквы вёскі Вавулічы Драгічынскага раёна.

Брама, што выстаўлялася падчас прэзентацыі, захоўваецца ў фондах музея разам з царскай брамай з Лемяшэвічаў Пінскага раёна. Акрамя таго, у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі знаходзіцца брама з Ляскавічаў Іванаўскага раёна. Вядома таксама пра браму з Іванчыцаў Пінскага павета (захавалася фота, сам артэфакт страчаны ў гады Другой сусветнай вайны). Выява гэтай брамы экспанавалася ў 1925-м на Сусветнай выставе ў Парыжы. Ёсць згадка (але няма выявы) брамы з вёскі Горкі Кобрынскага павета. На аснове гэтых пяці артэфактаў Вольга Лабачэўская і апісвае з’яву.

Акрамя царскіх брам, даследчыца разглядае саламяныя вянчальныя кароны і куфэркі для царкоўных артэфактаў. З кнігі можна даведацца пра гісторыю стварэння, вывучэння і рэстаўрацыі саламяных шэдэўраў, іх мастацкія асаблівасці, цяперашні працяг гэтых традыцый.

Вольга Лабачэўская ўдакладняе датыроўку саламяных царскіх брам і іх канфесійную прыналежнасць. Раней шэдэўры датаваліся канцом XVIII – пачаткам ХІХ стагоддзяў і суадносіліся з уніяцтвам.
Даследаваўшы архіўныя дакументы, мастацтвазнаўца робіць выснову, што ўсе вядомыя саламяныя брамы створаны ў 1810 – 1830-х гадах і асцярожна адзначае, што скасаванне ўніяцтва пачалося не ў 1839 годзе і ішло паступова. Акрамя таго, падкрэслівае, што выкарыстанне саломапляцення для аздаблення царкоўных інтэр’ераў – лакальная заходнепалеская з’ява. Усе вядомыя артэфакты зафіксаваныя ў межах колішніх Кобрынскага і Пінскага паветаў.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч