Культурніцкі дыялог: Міжнародны фестываль славянскай паэзіі «Спяваючыя пісьмёны»

VII Міжнародны фестываль славянскай паэзіі «Поющие письмена» («Спяваючыя пісьмёны»), які штогод збірае на цвярской зямлі паэтаў і перакладчыкаў з Беларусі, Балгарыі, Македоніі, Польшчы, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чарнагорыі і Расіі, сёлета адбыўся ў Цвяры 19 - 22 мая.



У рамках мерапрыемства сваё майстэрства паказалі найлепшыя фальклорныя калектывы, гурты інструментальнай музыкі і сольныя выканаўцы, фестываль дазволіў пашырыць рамкі культурнага супрацоўніцтва паміж славянскімі краінамі і пісьменнікамі.
Праграма форуму гэтага года была насычана паэтычнымі вечарынамі, кніжнымі прэзентацыямі, майстар-класамі па паэтычным мастацкім перакладзе. Сярод ганаровых гасцей сёлетняга фестывалю -- Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Расіі Славенка Тэрзіч.
Фестываль «Спяваючыя пісьмёны» — яркі прыклад абмену дасягненнямі мастацтва. За гады свайго існавання ён паспеў аб'яднаць таленты з многіх краін і набыў статус міжнароднага форуму славянскай культуры.
19 мая прайшло Урачыстае адкрыццё фестывалю. Гасцей фестывалю сустракалі хлабам-соллю народныя калектывы ў стылізаваных строях, частавалі мясцовым квасам і выпекай, вадзілі карагоды з балалаешнікамі і мядзьведзямі. Да слова, усё выглядала ненавязліва, густоўна і напраўду весела і цікава. Асабліва экзатычная Расія уразіла еўрапейскіх і амерыканскіх гасцей (на фестывалі прысутнічалі прадстаўнікі славянкіх літаратур, што цяпер пражываюць у Італіі і Амерыцы).
Працягам імпрэзы сталася ускладанне кветак да помніка Кірылы і Мяфодзія ў скверы філалагічнага факультэта Цвярскога дзяржаўнага універсітэта. Увечары таго ж дня — паэтычныя чытанні ўдзельнікаў і гасцей фестывалю, а таксама прэзентацыя фестывальных кніжных і перыядычных выданняў у Славянскай залі Цвярской абласной навуковай бібліятэцы імя А.М. Горкага.
Беларуская дэлегацыю гэтым разам прадставілі маладыя — літаратарка Валярына Кустава з Саюза беларускіх пісьменнікаў і паэтка-пачаткоўца Людміла Клачко з Саюза пісьменнікаў Беларусі. Трэба адзначыць, што летась лаўрэатам Фэсту за шматгадовы ўнёсак у літаратуру стаў акурат беларускі паэт Алесь Разанаў, а лаўрэатам аднаго з першых фэстаў у адпаведнай намінацыі быў адзначаны Уладзімір Някляеў.
На наступны дзень, 20 мая, удзельнікі фэсту наведалі Старыцкі Свята-успенскі мужчынскі манастыр XVII ст. і музей Пушкіна ў сяле Бярнова Старыцкага раёну Цвярской вобласці, дзе для гасцей правялі экскурсіі па музеі і садзе, тамсама адбыліся і паэтычныя чытанні з удзелам мясцовых цвярскіх паэтаў. Вечарам, ужо па вяртанні ў Цвер, прайшоў Вечар рускай паэзіі, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Сяргея Ясеніна — традыцыйна — у Цвярской бібліятэцы.
21 мая быў прысвечаны кругламу сталу на тэму: «Уплыў рускай паэзіі XX стагоддзя на славянскую літаратуру» і майстар-класу па паэтычнаму мастацкаму перакладу, дзе знаныя славянскія перакладнікі Жана Пяркоўская і Віктар Шырокаў разбіралі пераклады найлепшых студэнтаў мясцовага ўніверсітэту спецыяльнасці «Літаратурная работа» і абіралі найлепшых.
Фестываль скончыўся вялікім Гала-канцэртам у Цвярской акадэмічнай абласной філармонія і ўзнагароджаннем лаўрэатаў фестывалю.
—  Штогадовы фестываль «Спяваючыя пісьмёны» прымеркаваны да вялікага свята — Дня славянскага пісьменства і культуры і Года літаратуры ў краіне, —  адзначыў у вітальным слове кіраўнік рэгіёну Андрэй Шевялёў. Губернатар казаў пра важнасць захавання духоўнага і культурнага сваяцтва: «Няхай сёмы Міжнародны фестываль «Спяваючыя пісьмёны» стане яшчэ адным важным крокам у справе захавання міру, умацавання адзінства і дружбы нашых народаў, умацавання ў грамадстве традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў».
Мастацкі кіраўнік фестывалю Сяргей Главюк, перафразуючы знанае выказванне, адзначыў: «Калі гавораць Музы — зброя маўчыць. Дык няхай лепей на нашай культурніцкай пляцоўцы дыскутуюць паэты і словы, чымсьці гавораць гарматы».
Таксама ў гала-канцэрце прынялі ўдзел Губернатарскі камерны аркестр «Расійская Камерата» і Губернатарскі камерны хор Цвярской абласной акадэмічнай філармоніі «Рускі партэс».
Уладальнікам дыплома ў намінацыі «За шматгадовую выбітную паэтычную творчасць» стаў паэт і бард Аляксей Вітакоў з Масквы, «За папулярызацыю рускай класічнай і сучаснай літаратуры за мяжой» дыплом уручаны перакладчыцы з Балгарыі Надзеі Паповай. У намінацыі «За пераклад твораў славянскіх паэтаў на рускую мову» адзначана Ала Шэшкен, якая цяпер жыве ў Маскве, але, да слова, сама паходзіць з Полацка.
Дыплом «Творчасць маладых» традыцыйна застаўся ў маладога цвярскога аўтара — гэтым разам публіка дазналася пра імя Таццяны Вінакуравай.
Уражаннямі ад Фестывалю падзялілася і беларуская удзельніца — літаратарка Валярына Кустава: «На выступе, апроч чытання вершаў, я падзялілася са слухачамі тым, што маю прыватную мару — пабачыць шырокі разліў Волгі, адкуль паходзіць мой дзядуля Іван. І арганізатары фэсту ажыццявілі гэта. Таксама было прыемна, што мая беларуская паэзія па-беларуску была сустрэтая з прыязнасцю і цікавасцю... Што яна была зразуметая».

Даведка


I Міжнародны фестываль славянскай паэзіі «Спяваючыя пісьмёны» адбыўся ў Цвяры ў 2009 годзе і стаў працягам расійскага Дня славянскага пісьменства і культуры, сталіцай правядзення якога была ў 2008 годзе Цвер.