Курэйчык аб фільме "ГараШ": Здымалі пра шабаноўскіх слесараў, а атрымалася пра самаідэнтыфікацыю беларускай нацыі
Стваральнікі трагікамедыі "ГараШ" здымуць працяг, калі фільм спадабаецца гледачам.
фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by
Падчас прэзентацыі трэйлера фільма "ГараШ" у сталічным паб-клубе «Графіці» сцэнарыст і рэжысёр фільма Андрэй Курэйчык таксама прадставіў публіцы стваральнікаў карціны і акцёраў, якія ігралі ў ёй. Спачатку «ГараШ» задумваўся як серыял, аднак у працэсе здымак яго стваральнікі зразумелі, што атрымліваецца поўнаметражны фільм з закончаным сюжэтам.
Галоўны герой — аўтамеханік, якога іграе малады акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Арцём Курэнь, — вымушаны вярнуцца ў Беларусь з ЗША. У Мінску яму ўдаецца знайсці працу толькі ў гаражным СТО ў мікрараёне Шабаны. Там ён сустракае мясцовых механікаў, якіх іграюць музыканты рок-гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч і Юрый Навумаў. Паміж героямі пастаянна адбываюцца калізіі з-за рознага светаўспрымання — заходняга з яго ўстойлівымі маральнымі каштоўнасцямі і тыпова савецкага.
У працэсе здымак сэнс фільма абсалютна трансфармаваўся, паведаміў Андрэй Курэйчык.
«Мы крэатавалі, прыдумвалі і раптам зразумелі, што фільм тычыцца вельмі сур'ёзнай праблематыкі, хоць спачатку мы задумвалі камедыю пра шабанаўскіх слесараў, — сказаў рэжысёр. — А высветлілася, што гэта кіно пра самаідэнтыфікацыю беларускай нацыі. Мы іншым разам здзіўляліся, як гэта саўковая свядомасць у нас уелася, як мы не заўважаем яго абсурднасці, як прыстасоўваемся да жыцця нават у гэтых страшэнных умовах. Наша кіно ўсё гэта адлюстроўвае».
На прэзентацыі трэйлера Курэйчык сказаў, што назва фільма, наўмысна памылковае напісанне слова «гараж» з літарай «ш» на канцы, поўнасцю адпавядае яго сэнсу. На яго думку, у Беларусі дэ-факта існуюць чатыры нацыянальныя мовы: руская, беларуская, «трасянка» і мова «саўка».
«Мова «саўка» — гэта асобная мова, — зазначыў рэжысёр фільма. — Ён не толькі ў словах, ён у эстэтыцы, сэнсе жыцця, нашым быце, ён у вар'яцкай архітэктуры мікрараёнаў, якія акружаюць Мінск. «Гараш» — гэта не «трасянка», гэта ўвасабленне саўковай мовы, якая пранізала ўсю нашу краіну, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, і вырваў нас з якогасьці канкрэтнага культурнага кантэксту. Ці то мы нацыя, ці то не, ці то мы Еўропа, ці то Расія. Еўрапейцы назвалі б гэта мультыкультуралізм, а я назваў гэта «гараш». «Гараш» у Шабанах — гэта Беларусь на ўскраіне Еўропы».
Аўтары праекта паставілі перад сабой мэту даказаць магчымасць здымкі «незалежнага некамерцыйнага кіно пра Беларусь без дзяржаўнай падтрымкі або дыктату прадзюсараў». Здымкі фільма пачаліся ў канцы чэрвеня і завяршыліся ў жніўні. Бюджэт карціны склаў менш за 5 тыс. долараў, усе сродкі ўклалі аўтары праекта.