Любімы калядны персанаж — Каза-танцорка

Музыкі з гурта «Vuraj» — ледзь не самыя вядомыя мінскія калядоўшчыкі. Штогод яны пераўтвараюцца ў Зюзю, Казу-танцорку ды Смаргонскага Мядзведзя. Мы запыталіся ў лідара гурта Сяргея Доўгушава, ці лёгка ствараць свята для іншых?

kaliady_vuraj1.jpg

Мы сустракаемся з Сяргеем Доўгушавым перад чарговай рэпетыцыяй, якія ў напружаныя перадсвяточныя дні адбываюцца штодня. У гэтым годзе гурт «Vuraj» супольна з тэатральным праектам Андрэя Саўчанкі ставіць музычны спектакль «Калядная казка пра Казу і Пятра» (паводле казкі гродзенца Ігара Кузмініча).

Акрамя ўласна музычнага спектакля, будуць традыцыйныя калядныя гульні і конкурсы, танцы ды спевы — такая паўнавартасная дзіцячая беларускамоўная ялінка. У Мінску пройдзе шэсць спектакляў, таксама музыкі плануюць выступіць і па-за сталіцай — у прыватнасці, у Віцебску, ёсць запрашэнні і ў іншыя гарады.

Сяргей Доўгушаў кажа, што большасць юных наведнікаў беларускамоўных дзеяў — гэта дзеці з рускамоўных сем’яў. Ці разумеюць яны, пра што спектаклі? «А што ж там не разумець: “Го-го-го, каза. Го-го-го, шэра. Дзе рожкі дзела?” — “На соль праела”», — смяецца Сяргей Доўгушаў, напяваючы куплет з вядомага каляднага спеву пра казу. Аднак прызнае, што пастаноўкі, якія збольшага складаюцца з абрадавых спеваў, дзецям зразумець прасцей, чым тэкставыя спектаклі.

kaliady_vuraj2.jpg

«Паколькі ў гэтым годзе мы ўпершыню ставім спектакль, больш за палову якога займае менавіта тэкст, для нас гэта новы досвед таксама — ці лёгка пастаноўка пойдзе дзецям», — кажа Сяргей Доўгушаў.

Сяргей кажа, што Казу-танцорку дзеці любяць найбольш з усіх казачных персанажаў. А таксама Зюзю — канешне, ён жа прыносіць падарункі! Хаця, кажа музыка, дзеці паміж Зюзям і Дзедам Марозам усё ж выбіраюць апошняга: «Калі раней я прыязджаў у кватэры віншаваць дзяцей з Новым Годам, замаўлялі менавіта ў якасці Дзеда Мароза. Ніяк гэтую савецкую спадчыну не выкараніць, новыя пакаленні вельмі хутка і трывала засвойваюць гэты вобраз».

Ці ёсць кампрамісны варыянт? «Святы Мікалай — можа быць, занадта рэлігійны персанаж. Але ў беларускай традыцыі ёсць проста Мароз (без дапаўнення Дзед). Калі спалучыць гэтае імя з вобразам Зюзі — такога сухенькага дзядка з доўгай барадой — дзецям, думаю, спадабаецца», — разважае Сяргей Доўгушаў.

Сяргей Доўгушаў.

Сяргей Доўгушаў.

А ці дарэчна ўводзіць вясковую традыцыю калядавання ў горад? Сяргей Доўгушаў кажа адназначна — так. «Гэта раней камусьці можа быць падавалася дзіўным ці смешным, а цяпер людзі рэагуюць вельмі пазітыўна, нават калі ты калядуеш у кватэры альбо офісе. Не важна — гараджанін ці вясковец, слухачам вельмі падабаюцца народныя абрады ды аўтэнтычныя спевы», — кажа ён.

Напярэдадні нашай гутаркі прайшло ўзнагароджванне прэміяй «Героі года» (па версіі вядомага музычнага сайта «Тузін гітоў») — сёлета гэтае званне атрымаў гурт «Vuraj», абагнаўшы такіх моцных канкурэнтаў, як гурты «Re1ikt», «Стары Ольса» ды «Brutto». Чаму, будучы настолькі папулярнымі сярод сваіх прыхільнікаў, гурт траціць столькі часу на падрыхтоўку дзіцячых святаў?

«Нейкай вымушанасці тут няма, нам падабаецца працаваць з дзеткамі, у іх можна шмат часу павучыцца. І ёсць значная розніца: калі раней мяне запрашалі ў школы, куды на выступ масава зганялі дзяцей — няважна, цікава каму ці не, — іграць было няпроста. Калі ж мы ўсё самі арганізоўваем, і прыходзяць бацькі з дзеткамі, якія хочуць нас пачуць, выступаць — адно задавальненне», — кажа Сяргей Доўгушаў.

Музыка пацвярджае, што падчас Калядаў для артыстаў значна больш магчымасці зарабіць, чым у звычайныя дні. «Аднак гэта не значыць, што мы «бамбім» да самага Новага года. Некаторыя артысты і ўстановы ў калядны перыяд арганізоўваюць па некалькі канцэртаў на дзень, але мы маем магчымасць выступаць столькі, колькі лічым патрэбным, каб гэта прыносіла задавальненне нам самім».

Ці застаецца час для падрыхтоўкі святкаванне, калі ўсе калядныя дні занятыя рэпетыцыямі ды выступамі? Сяргей Доўгушаў кажа, што калядная праца, наадварот, дапамагае стварыць святочны настрой: «Я вельмі люблю адзначаць Каляды — усё навокал упрыгожанае, урачыстае, а святочныя выступы прыносяць радасць і натхненне».