Маргарыта Ляўчук пра Латушку, Макса Каржа і культуру ў новай Беларусі
Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук — прадстаўніца па культуры і нацыянальнай спадчыне ў камандзе Паўла Латушкі, Народным антыкрызісным кіраўніцтве. У інтэрв’ю «Свабодзе» яна расказала пра планы на гэтай пасадзе, неабходныя рэформы ў галіне культуры і людзей, якія яе натхняюць.
Пра культурны супраціў
Разам з камандай экспертаў у дадзены момант я займаюся распрацоўкай антыкрызіснай стратэгіі ў сферы культуры. Яна тычыцца таго, што варта рабіць цяпер, але таксама неабходных зменаў і рэформаў у галіне культуры ў новай Беларусі.
Нашая задача цяпер — за кошт культурнага супраціву і культурнай салідарнасці ўзмацніць ціск на дзеючую нелегітымную ўладу, як унутры краіны, так і звонку. Гэтым мы цяпер і займаемся.
Пра падтрымку рэпрэсаваных дзеячаў культуры
Я шчыльна кантактую з Фондам культурнай салідарнасці, якім кіруе Сяргей Будкін. Па шэрагу пытанняў мы працуем разам. Але асноўнай дапамогай рэпрэсаваным дзеячам займаецца гэты фонд.
Некаторыя пішуць мне пытанні ў Інстаграм, што, маўляў, звольніўся і што рабіць? Я дасылаю ім кантакты фонду, ім там дапамагаюць і кажуць, што рабіць. Таму можна пісаць і мне.
Пра новага міністра культуры
Я пра яго даведалася з навінаў. Раней ніколі пра яго не чула. Ведаю, што ён настаўнік фізікі і матэматыкі.
Чалавек, які не мае дачынення да культуры, займае пасаду міністра культуры, пра што тут можна казаць? Я таксама магу стаць настаўнікам матэматыкі і фізікі, але я нічога ў іх не разумею. Якім я буду настаўнікам і што змагу зрабіць для вучняў? Таму я б параіла яму звольніцца.
Пра першачарговыя задачы
Калі «адляціць самалёт» і мы вернемся ў Мінску, то трэба вярнуць на працу ўсіх тых, каго звольнілі: актораў, дырыжораў, музыкаў. Гэта годныя людзі і яны патрэбныя краіне. Я б і сама вярнулася ў тэатр, каб спяваць для роднай Беларусі.
Мы б хацелі, каб бізнес падтрымліваў культуру, каб была падтрымка фондаў, каб былі праграмы спонсарства. Мы хочам, каб культура займала адно з першых месцаў. А цяпер яна другая знізу. Улада не вельмі любіць культуру, яна заўжды падтрымлівала спорт. Мы бачым, колькі ў нас за 26 год лядовых палацаў, а канцэртных залаў сусветнага ўзроўню ў нас няма.
Пра культурную з’яву ў Беларусі, якая ўразіла
Штодня мяне натхняюць людзі. Беларусы робяць флэшмобы, я гляджу і думаю, Божа, якія мы крэатыўныя. Кожны дзень я ганаруся тым, што я беларуска і што ў нас такія таленавітыя людзі.
Мяне ўразілі казкі з «Маляванычам». Гэта праект Фонду культурнай салідарнасці. Калі я пабачыла першую казку, то нават плакала. Гэта вяртанне ў дзяцінства і тое, чаго мне не хапала: калыханак, казак і беларускай мовы.
Як антыдэпрэсант я слухаю Макса Каржа. Яго песні мяне натхняюць. Ён спявае пра тое, што ўсё будзе добра, уставай і рабі, не хныкай і не плач. Дзякуй Каржу, ён заўсёды падымае мой дух.
Пра дзеячаў культуры, якія падтрымліваюць уладу
Я думаю, што яны падтрымліваюць нас, унутры, але яны нічога не могуць зрабіць. Без улады яны ніхто. Гэта іх шлях. Я ад іх не адпісвалася ў сацсетках, а яны ад мяне адразу адпісаліся. Нават калі мы пераможам, то я думаю, што на канцэрты гэтых творцаў будуць хадзіць людзі, таму што некаторым вельмі падабаецца іх творчасць.
У новай Беларусі ў нас ніколі не будзе «чорных спісаў». Мы знаёмыя з Алёнай Ланской, яна добрая спявачка. Але пасля ўсіх гэтых падзеяў я не пайду на яе канцэрты.
Пра Паўла Латушку
Калі ён быў міністрам, я ім ганарылася. І цяпер ганаруся.
Я сустракалася з ім у Парыжы, калі ён быў паслом. Ён вельмі шмат зрабіў для нашай краіны. Заўсёды ганарылася ім, калі ён размаўляў на беларускай мове і думала, які шыкоўны прыклад, давай Марго, і ты размаўляй на беларускай. І вось зараз я размаўляю на беларускай, дзякуючы, магчыма, і яму.