Музей гісторыі беларускага кіно запаршае на кінапрагляд да 80-годдзя капэлы імя Рыгора Шырмы

18 лютага а 17-й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Музей гісторыі беларускага кіно» адбудзецца прагляд з абмеркаваннем навукова-дакументальнага кінанарыса «З глыбінь жыцця», 1962 год (рэжысёр У. Стральцоў, аператар М. Бераў, Мінская студыя навукова-папулярных фільмаў).

Рыгор Шырма

Рыгор Шырма

Рыгор Раманавіч Шырма нарадзіўся 20 студзеня 1892 года ў вёсцы Шакуны Пружанскага раёна. Атрымаў адукацыю ў вучэльні ў Пружанах, затым на двухгадовых педагагічных курсах у Свенцянах, а пазней і ў настаўніцкім інстытуце. У 1930-я гады арганізоўваў і ўзначальваў розныя харавыя калектывы ў заходніх абласцях Беларусі, у тым ліку ў 1924—1939 гадах кіраваў хорам Віленскага ўніверсітэта.
1 лістапада 1939 года Рыгор Шырма арганізаваў Беларускі ансамбль песні і танца. У студзені 1940 года пачалася канцэртная дзейнасць калектыву. У гады вайны ансамбль удзельнічаў у канцэртных франтавых брыгадах. У пасляваенны перыяд Рыгор Шырма пачаў падрыхтоўчую працу па рэарганізацыі ансамбля ў акадэмічны хор. У 1950 годзе быў сфарміраваны Дзяржаўны хор БССР, у 1955 годзе ён ператвораны ў Дзяржаўную харавую капэлу БССР, з 1957 года – Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу БССР. Рыгор Шырма кіраваў капэлай да 1970 года. З 1978 года калектыў носіць сучасную назву – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Раманавіча Шырмы.
Падчас мерапрыемства ўсе жадаючыя змогуць азнаёміцца з выстаўкай інфармацыйных матэрыялаў, прысвечаных капэле імя Рыгора Шырмы і самому дырыжору (на аснове матэрыялаў нотна-музычнай бібліятэкі Мінска). Перад пачаткам паказу фільма наведвальнікаў пазнаёмяць з гісторыяй з’яўлення дадзенага калектыву, а таксама распавядуць пра заснавальніка і кіраўніка Р. Шырму. Пасля прагляду кінанарыса гледачы змогуць абмеркаваць фільм, задаць пытанні і паслухаць цікавыя факты і гісторыі з паўсядзённага жыцця капэлы таго перыяду, калі ёй кіраваў Р. Шырма.
У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры» наведвальнікі, прыхільнікі творчасці капэлы імя Р. Шырмы змогуць пазнаёміцца з пастаяннай экспазіцыяй, прысвечанай капэле, і апошнімі паступленнямі ў фонды музея.
Паводле прэс-рэліза