Музы вяртаюцца ў Нясвіж

З 24 па 26 чэрвеня ў Нясвіжы ўжо другі год запар прайшоў летні фестываль опернага і балетнага мастацтва “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў.



e9257036daf20f062a498aab563d7712.jpg

З 24 па 26 чэрвеня ў Нясвіжы ўжо другі год запар прайшоў летні фестываль опернага і балетнага мастацтва “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў.
З’яўленне open-air класічнага музычнага і тэатральнага фестывалю ў Нясвіжы, які адразу зрабіўся рэзананснай з’явай у культурным жыцці краіны, менавіта зараз цалкам заканамерна. Падыходзіць да заканчэння першая 15-гадовая стадыя рэстаўрацыі і рэканструкцыі замка (фармальна — 1 ліпеня). Плынь турыстаў, насуперак вельмі беднай турыстычнай інфраструктуры — гасцініцы, рэстараны, клубы, выставачныя залы, нават кнігарні і сувенірныя шапікі ў відавочным дэфіцыце — у Нясвіжы ўжо пару гадоў перавышае лічбу ў 200 тысяч. Ды і наш Вялікі тэатр, яго оперная і балетная трупы, ужо з 1990-х гадоў маюць шматразовы досвед удзелу ў фестывалях на адкрытым паветры: у швейцарскім Салатурне, у нямецкіх старых гарадах. Менавіта палацава-замкавыя ансамблі, якія ствараюць натуральныя жывыя дэкарацыі пастановак, робяцца асяроддзем правядзення папулярных ва ўсёй старой Еўропе тэатральна-музычных імпрэз open-air. Нясвіж ідэальна пасуе для падобных мерапрыемстваў. Яго ўласныя гаспадары, Радзівілы, стагоддзі таму практыкавалі шматлікія пастаноўкі на адкрытым паветры: і ў паркавых тэатрах, і на замкавых валах, і ў дворыку палаца.
Па словах аднаго з арганізатараў фестывалю, дырыжора Вялікага тэатра Вячаслава Воліча, які шмат зрабіў дзеля ўвасаблення ідэі аднаўлення музычных імпрэзаў, у Нясвіжы выдатная акустыка. Сёлета маэстра дырыжыраваў пастаноўкай опернага спектаклю ў 2-х дзеях “Дзікае паляванне караля Стаха Уладзіміра Солтана паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. П’еса, якая за 27 гадоў сваёй гісторыі ўжо гучала на адкрытым паветры (у Траецкім прадмесці), аздобленая кампутарнымі эфектамі, што пераўтвараюць прастору двара ў містычна-гістарычнае асяроддзе, слухаецца і глядзіцца ў нясвіжскім замку з асаблівай выразнасцю.
Увесь Нясвіж у дні фестывалю пераўвасабляецца ў вялікі тэатр — рознакаляровыя групы турыстаў змешваюцца з купкамі актораў у касцюмах, насычаючы паветра горада духам мастацкай падзеі. Варта спадзявацца, што імкненне фундатараў імпрэзы, сярод якіх побач з Вялікім тэатрам стаяць уласна музей-запаведнік “Нясвіж, дзяржаўная тэлерадыёкампанія і абласны з раённым выканкамы, зрабіць з цягам часу з трохдзённага фестывалю тэатралізаваную праграму на цэлы турыстычны сезон калісьці рэалізуецца.


Ужо зараз фестываль аб’яднаў некалькі пляцовак — у замку апрача “Палявання ў мінулыя выходныя давалі два канцэрты салістаў Вялікага тэатра і аднаактавы балет Людвіга Мінкуса “Пахіта. У Ратушы пад акампанемент струннага квінтэта “Серэнада прагучалі рамансы. А ў Фарным касцёле, створаным, як і замак, напрыканцы ХVІ стагоддзя геніем італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні і яго натхняльніка Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі — араторыя “Жальбы Ігара Хадоскі.


Апошняя зрабілася цвіковай падзеяй не толькі з-за прэм’еры. Некалькі гадоў таму кампазітар Ігар Хадоска звёў у адзіны твор, Пасьён-Араторыю, беларускія царкоўныя спевы, жальбы-галашэнні, якіх з рукапісаў ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў у нашай краіне захавалася каля трох дзясяткаў, дапоўніўшы іх нязначнымі фрагментамі сучаснай музыкі. У адрозненне ад еўрапейскіх пасьёнаў — жанру, які пачаў развівацца з раннехрысціянскіх часоў і дасягнуў вяршыні ў творчасці Ё.С.Баха, — твор Ігара Хадоскі абмяжоўваецца эпізодам Галгофы і Укрыжавання. А разгорнутыя еўрапейскія версіі пачынаюцца ад Тайнай вячэры і доўжацца да пахавання Хрыста. Але і “кароткі беларускі варыянт настолькі ўразіў прысутную публіку шчырым пачуццем музыкі і словаў Рыгора Барадуліна, да якіх быў дапасаваны музычны матэрыял, цыклічным нарастаннем пачуццяў у паўторных партыях Марыі Магдаліны (выдатнае сапрана Алены Золавай), Божай Маці (меца-сапрана Наталлі Акінінай), апосталаў Пятра (барытон Сяргея Лазарэвіча) і Яна (беларускі топ-тэнар Юрыя Гарадзецкага), што многія прысутныя выціралі слёзы.
Міністр культуры Павел Латушка абсалютна слушна адзначыў, што атмасфера гістарычнага Нясвіжа самой гісторыяй народжана для правядзення тэатральна-музычнага фестывалю.