«Музыка душы» Беларусі і Італіі

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі 2 чэрвеня сабраў у сваіх сценах народную харавую капэлу «Раніца» і італьянскі хор «CaroLaurino».

12_3_logo.jpg


 

Творчая сустрэча пад назвай «Музыка душы» адбылася ў рамках сумеснага творча-адукацыйнага праекта «Мост дружбы: Беларусь — Італія».

 

Гасцям з Італіі выпала магчымасць пазнаёміцца з песеннай культурай нашай краіны ў выкананні аднаго з вядучых харавых калектываў Беларусі, неаднаразовага прызёра міжнародных фестываляў і конкурсаў — народнай харавой капэлы «Раніца» УА «Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі» (кіраўнік. В. Масленнікаў).

 

Душэўнае гучанне сустрэчы «Раніца» задала выкананнем беларускіх і рускіх народных песень, духоўнай харавой музыкі вядомых кампазітараў (Пятра Часнакова, Сяргея Рахманінава, Пятра Чайкоўскага, Аляксандра Бандарэнкі). Італьянскія госці былі прыемна здзіўлены яркім выкананнем беларускімі галасамі сусветных твораў заходнееўрапейскіх кампазітараў. Гучанне беларускага хору адрознівалася чысцінёй інтанацыі, ансамблевых зладжанасцю і выразнасцю выканання.


22_2_logo.jpg


Беларусам у сваю чаргу ў другой частцы канцэрта давялося пачуць дзівоснае выкананне італьянскіх народных спеваў. Са сваёй творчасцю падзяліўся хор «CaroLaurino», кіраўнік — Вернер Рэдолфі. За сваю шматгадовую гісторыю калектыў даў каля 800 канцэртаў на папулярных сцэнах Італіі, Еўропы і Лацінскай Амерыкі.


31_1_logo.jpg


Некаторыя важныя і значныя падзеі адбываюцца выпадкова — так здарылася і з удзельнікамі італьянскага хору. Захопленыя музыкай маладыя людзі далёкай вясной 1957 года сустрэліся, каб заняцца любімай справай: развучваць песні ў чатыры галасы. Так зарадзіўся хор «CaroLaurino», які імкліва стаў набіраць папулярнасць сярод слухачоў далёка за межамі Італіі.

 

Разынка калектыву — выкананне выключна італьянскіх народных спеваў, амаль забытых у краіне. Хор «CaroLaurino» знаходзіць словы малавядомых спеваў і адаптуе іх для сучаснага харавога выканання. Мэта ўдзельнікаў хору — распаўсюджваць і падтрымліваць культурную спадчыну сваёй краіны. Калектыў здолеў ажывіць на сцэне старадаўнія рытмы такім чынам, каб яны не толькі не страцілі самабытнасць, але набылі новую выразнасць і прывабнасць.


43_1_logo.jpg


У канцэртнай зале цэнтра гучалі гімны пастухоў, якія ўсхваляюць дзявочую прыгажосць. Песня «Бледныя ружы» параўноўвала далікатнае сэрца жанчыны з бутонам ружы, якая можа распусціцца толькі адчуўшы каханне. То голасна, тонібы павевы ціхага ветру перагуквалася процьма мужчынскіх галасоў у трагічных спевах, прысвечаных вайне.

 

«CaroLaurino» штогод выпускае ўласныя кружэлкі. Апошняя была прысвечана 50-годдзю заснавання хору, і пабачыла свет разам з кнігай пад назвай «Вы прыйшлі ў Амерыку», у якой распавядаецца пра італьянскую эміграцыю мінулага стагоддзя.


46_2_logo.jpg


Дзякуючы сумесным праектам Беларусі і Італіі непазбежна нараджаецца цікавасць да культуры іншай краіны, да народнай музычнай творчасці, да прафесійных бакоў выканання. Усё гэта, несумненна, спрыяе далейшаму ўмацаванню творчых сувязяў паміж нашымі краінамі.