
Усяго на конкурс, які праводзяць партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртаньне», прыйшло 78 заяваў. З іх журы адабрала 18 найлепшых у трох намінацыях — «Спяваная паэзія», «Беларускі кавер» і «Замежны пераклад». Паводле ўмоваў сёлетняга конкурсу разглядаліся заявы ад канкурсантаў ад 16 да 33 гадоў уключна.
«Па-мойму, не абы-які кантакт музыкі з паэзіяй адбыўся, — зазначае сябра журы Андрэй Хадановіч. — Калі так пойдзе і далей, нашыя музыкі пачнуць арыентавацца ў сучаснай беларускай паэзіі не горш ад саміх паэтаў».
У лік найлепшых песень конкурсу ўвайшлі творы на словы Уладзіміра Караткевіча, Змітра Вішнёва, Ірыны Багдановіч, Насты Кудасавай, Ігара Канановіча, Барыса Жанчака. Найбольш удалымі каверамі прызнаныя пераспевы песень гуртоў «Бонда», «Мроя», N.R.M., праекту «Народны альбом», «Без білета», «Сяброў», а з замежных – беларускамоўныя пераасэнсаванні песень Піта Сігера, Эрыка Клэптана, Эраса Рамазоці, Queen, HaBanot Nechama, «Кипелов».
У першым канцэрце з гасцявым сэтам найлепшых песень выступіць Паліна Рэспубліка і фіналісты конкурсу — гурт «Тутэйшыя», DW ды трыё Дзімы Нікановіча, Вольгі Сацюк і Мікіты Найдзёнава. Весці канцэрты «Засьпявай 3.0» будзе Алег Хаменка.