Новая песня «Gods Tower» на беларускай мове
"Gods Tower" выпусцілі новую песню на роднай мове — "Srebra Pieruna". Гэта трэці ў гісторыі гурта трэк па-беларускі.
У 2014 годзе выйшла версія сваёй жа "People in the Swamp" ("Людзі на балоце"), а ў ліхія дзевяностыя на старабеларускай выконвалася "Praise Of Sun". Бліжэйшы выступ гурта пройдзе на фестывалі "Купальскае Кола".
"Мы не часта выпускаем каверы, але мы зрабілі песню нашых украінскіх сяброў "Nokturnal Mortum" — "Perun's Celestial Silver". І, само сабою, мы тое-сёе змянілі ў песні, — адзначае гурт на сваёй афіцыйнай Facebook-старонцы. — Тэкст новай версіі стварыў наш калега Алесь Baisan Плотка. Раней песня была пра нешта далёкае, зараз яна атрымала актуальны сэнс. Мы не сталі змяняць мелодыку "Nokturnal Mortum", а выканалі іхнюю песню са сваім гукам. Гэта наш рэспект музыкам і падарунак слухачам! Некаторыя песні могуць жыць даўжэй, чым дваццаць гадоў. "Srebra Pieruna" — такая песня".