«Мы не дзелім дзяцей на «асаблівых» і звычайных»

Дзіцячы інклюзіўны мюзікл «Чыгунка», створаны 11-гадовым хлопчыкам з аўтызмам, упершыню будзе прадстаўлены на свежым паветры, а менавіта ля вакзала мінскай дзіцячай чыгункі. 

soal9812.jpg

Карэспандэнт сайта “Будзьма беларусамі” наведаў адкрытую рэпетыцыю спектакля.

“Спадзяемся, трэцяга мая нам пашанцуе з надвор’ем, — кажа Ірына Пушкарова, мастацкі кіраўнік сямейнага інклюзіў-тэатра “і”. — Сёння ранкам быў моцны дождж, і мы былі вымушаныя рэпетаваць у зале вакзала”.

soal9984.jpg

 Спектакль “Чыгунка” ў Мінску ставіцца ўжо не першы раз, але з усіх пастановак спектакль 3-га — бадай што самы складаны. Нават для прафесійных калектываў не заўжды проста выступаць не ў спецыяльным памяшканні а проста на дварэ, што ўжо казаць пра дзіцячы тэатр. Тым не менш стваральнікі спектакля вельмі спадзяюцца, што імправізацыйная частка п’есы стане яшчэ шырэйшай.

Калі проста паглядзець на ўдзельнікаў спектакля, амаль немагчыма сказаць, што некаторыя з дзяцей — асаблівыя. Па словах рэжысёра Ігара Сідорчыка, нават нідэрландскія спецыялісты, якія займаюцца інклюзіўнымі праектамі, не змаглі здагадацца, хто з дзяцей мае асаблівасці.

“За год, што мы працуем з дзецьмі, яны вельмі змяніліся. Яны раскрываюцца, пачынаюць актыўна камунікаваць адно з адным, — расказвае спадарыня Ірына. — Што важна, усе ўдзельнікі нашага тэатра сябруюць паміж сабой”.

soal9786.jpg

П’есу “Чыгунка” стварыў 11-гадовы хлопчык з аўтызмам Кастусь Жыбуль. Гэта фантастычная гісторыя пра сяброўства, дабро і права на памылку, у тэксце якой можна сустрэць алюзіі на творы Кэрала і нават Шэкспіра. Ідэя паставіць “Чыгунку” менавіта на чыгунцы выклікала вялікі імпэт ва ўдзельнікаў.

Для нашых дзяцей кожны паказ — гэта вялікая радасць, — кажа спадарыня Ірына. — Тым больш незвычайны падказ на адкрытым паветры. Дарэчы, усе касцюмы, усе дэкарацыі створаныя таксама па эскізах удзельнікаў нашага тэатра, то бок можна сказаць, што “Чыгунку” стваралі мы ўсе разам”.

У далейшым тэатр хацеў бы паказаць “Чыгунку” ў іншых гарадах, ці нават за мяжой — фармат дзіцячага інклюзіўнага тэатра вельмі зацікавіў жыхароў рэгіёнаў. Па словах кіраўнікоў тэатра, нават за мяжой няма менавіта дзіцячых інклюзіўных тэатраў, таму пастаноўкамі цікавяцца замежнікі. 

 

soal9847.jpg

 Што да суботняга паказу “Чыгункі”, то ён прымеркаваны да Дня абароны дзяцей. Пры гэтым паказ можа стаць самым масавым — уваход на спектакль вольны і ў кожнага з гледачоў ёсць магчымасць паўдзельнічаць у п’есе.

Гэта і ёсць сапраўдная інклюзіўнасць, — кажа спадарыня Ірына. — І гэта вельмі важна для нашых акцёраў. Вельмі цяжка ўявіць, што некаторыя з іх год таму нават не размаўлялі”.

Асаблівыя дзеці у чымсьці нават больш уважлівыя, — кажа спадар Ігар. — І з вельмі творчым падыходам, мо крыху болей дысцыплінаваныя. Аднак мы не дзелім дзяцей на “асаблівых” і “неасаблівых”, і, што таксама важна, яны адно аднаго таксама не дзеляць”.

Пастаноўку “Чыгункі” падтрымлівае кампанія velcom, якая не першы год дапамагае людзям з аўтызмам.

У суботняй пастаноўцы будзе задзейнічаны нават сапраўдны цягнік, — кажа прадстаўнік кампаніі Вячаслаў Смірноў. — А вакзальныя аб’явы спецыяльна для спектакля пераагучылі па-беларуску”.

Убачыць “Чыгунку”, а то і далучыцца да імправізацыі можна 3 мая, у суботу, ля дзіцячай чыгункі. Пачатак у 13:15.

 Мікалай Левертаў, budzma.by