Чаму небяспечныя цацкі свабодна прадаюцца ў Беларусі
Эколагі прапануюць памяняць тэхрэгламент ЕАЭС, каб абараніць дзяцей ад шкодных лялек і свінак Пэпі.
У сакавіку 2017 года грамадскія арганізацыі з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі і Расіі ініцыявалі праверку на наяўнасць фталатаў у дзіцячых цацках: ляльках, цацках для ваннай, фігурках жывёл і мультыплікацыйных герояў, якія прадаюцца на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза.
Цацкі былі набыты ў спецыялізаваных дзіцячых крамах, супермаркетах і на рынках у Расеі, Беларусі, Казахстане, Кіргізіі і Арменіі, а таксама заказаныя ў інтэрнэт-краме.
Цацкі для праверкі былі абраныя бацькамі розных краін. На выпрабаванні трапілі дзве з Беларусі.
Вынікі несуцяшальныя: фталаты былі знойдзены ва ўсіх шаснаццаці закупленых узорах, прычым у шасці з іх — у канцэнтрацыях, якія перавышаюць еўрапейскія нормы ў шмат разоў!
Праверка цацак праходзіла ў выпрабавальных лабараторыях «Грынпіс» у Вялікабрытаніі і Германіі. Аналізавалася наяўнасць 10 відаў фталатаў.
Напрыклад, у набытай у Беларусі ляльцы (яна была створана ў Кітаі) выяўлена перавышэнне дыэцілгексілфталата больш чым у 300 разоў у параўнанні з нормамі Еўрапейскага саюза. Знаходзяць фталаты, хай і ў невялікіх колькасцях, нават у цацках, якія маюць маркіроўку "Не ўтрымлівае фталаты". Да прыкладу, такая фігурка "Свінкі Пэпы» была набытая ў Расіі: у папулярнай цаццы было выяўлена ажно тры віда фталатаў!
— Даказана, што фталаты могуць выклікаць парушэнні эндакрыннай сістэмы і прыводзіць да іншых сур'ёзных наступстваў: атлусцення, дыябету, бясплоддзя і нават анказахворванням. Асабліва адчувальныя да гэтых небяспечных рэчываў маленькія дзеці. Па гэтай прычыне многія краіны Еўрапейскага саюза, а таксама ЗША і Кітай — фактычна забаранілі выкарыстанне фталатаў у цацках. У Беларусі, як і ў Расеі, такіх забаронаў няма, — удакладняе кіраўнік праекта «Сумленныя цацкі» арганізацыі «Грынпіс Расіі» Ніна Лесіхіна.
Сапраўды, фталаты знаходзяцца цяпер у цацках, якія прадаюцца ў нашых крамах фактычна на законных падставах. Зараз на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) дзейнічае тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы цацак», у якім устаноўлены дапушчальныя ўзроўні міграцыі ў водную і паветраную сераду для дымецілфталата, дыокцілфталата і дыэцілфталата, а таксама забарона на выкарыстанне дыбуцілфталата.
— Як бачым, тэхнічны рэгламент рэгулюе толькі міграцыю фталатаў з цацак, але не іх непасрэднае ўтрыманне ў дзіцячых таварах. І сам факт іх наяўнасці ў досыць высокіх канцэнтрацыях выклікае ў нас вялікую занепакоенасць, — каментуе дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў. — Любыя таксічныя рэчывы павінны цалкам адсутнічаць у таварах, з якімі кантактуюць дзеці.
Менавіта таму эколагі з краін рэгіёну ЕАЭС выступаюць за змены ў тэхрэгламенце. Прапануецца цалкам забараніць выкарыстанне фталатаў у дзіцячых цацках і абавязаць вытворцаў маркіраваць свае тавары, цалкам паказваючы, якія віды хімічных рэчываў у іх змяшчаюцца, чым гэтыя рэчывы могуць быць небяспечныя.
zautra.by