Куды ўладкаваліся дзеці сяброў Лукашэнкі?

Назіраючы за суботнікамі, касьбой ды і проста навінамі, якія тычацца кіраўніка краіны, можна акрэсліць прыкладнае кола блізкіх да Лукашэнкі людзей.

Сяргей Цяцерын, Коля Лукашэнка і кавуны.


Як правіла, гэта адныя і тыя ж паплечнікі — бізнэсоўцы, спартоўцы, чыноўнікі. Але ж чым жывуць ужо дарослыя дзеці набліжаных да кіраўніка дзяржавы?

Аляксандр Шакуцін

Адзін з найбагацейшых чальцоў «зборнай па касьбе» кіраўніка дзяржавы Аляксандр Шакуцін — вядомы бізнэсовец, ён суўладальнік холдынга «Амкадор».

Аляксандр Шакуцін.

Аляксандр Шакуцін.

Сын бізнэсоўца, 32-гадовы Аляксандр Шакуцін-малодшы, скончыў юрыдычны факультэт БДУ і ўвайшоў у бацькаў бізнэс. Ён дырэктар «Спамаш Груп». Гэта яшчэ адзін холдынг, які займаецца дыстрыбуцыяй прамысловай тэхнікі.

Аляксандр Шакуцін-малодшы.

Аляксандр Шакуцін-малодшы.

Дарэчы, «Спамаш» - гэта не проста набор літар. Назва расшыфроўваецца як «Светлай памяці Машы Шакуцінай». Марыя Шакуціна — дачка бізнэсоўца, якая памерла ў 2000-ыя пры трагічных абставінах.

Сяргей Цяцерын

Сяргей Цяцерын — былы тэнісіст, а сёння трэнер і бізнэсовец. Ён таксама не аднойчы быў заўважаны побач з Лукашэнкам: касіў траву, збіраў бульбу і кавуны, лятаў на зімрвую Алімпіяду ў Сочы.

Сяргей Цяцерын, Коля Лукашэнка і кавуны.

Сяргей Цяцерын, Коля Лукашэнка і кавуны.

Тэнісіст Цяцерын сёння — дырэктар холдынга «БелГлобалСтарт». У холдынг уваходзіць некалькі кампаній, якія займаюцца продажам мэблі, харчавання, кармоў для жывёлагадоўлі, спецыяльнага спартовага харчавання.

У адной з такіх даччыных кампаній — «БелГлобалСтар» — працуе і дачка Сяргея. Таццяна Цяцерына займае пасаду дырэктара па камерцыйных пытаннях.

«БелГлобалСтар» валодае сеткай бараў «Blockbuster», якія знаходзяцца ў мінскіх кінатэатрах. Дарэчы, кампанія займаецца вытворчасцю папкорна. Сярод актываў «БелГлобалСтар» папулярны вінны бар «Свабоды, 4».

Юрый Чыж

Юры Чыж, напэўна, сёння ўжо не ўваходзіць у кола сяброў кіраўніка дзяржавы. Але ж да затрымання бізнэсовец з’яўляўся адным з найбліжэйшых да Лукашэнкі людзей.

Старэйшаму сыну алігарха Сяргею — 28 гадоў. Сяргей Чыж адвучыўся ў Англіі. Спачатку скончыў універсітэт у Лондане, пасля была магістратура ў Оксфардзе.

Вясельнае фота Сяргея Чыжа і яго жонкі Паліны.

Вясельнае фота Сяргея Чыжа і яго жонкі Паліны.

Атрымаўшы адукацыю за мяжой, Сяргей вярнуўся ў Беларусь, дзе бацька ўзяў сына пад крыло. Сяргей працаваў намеснікам дырэктара ў сетцы гіпермаркетаў «ProStore», затым дырэктарам кампаніі «Прастор Трэйд», якая кіруе пяццю гіпермаркетамі Prostore у Мінску.

Калі Чыж-старэйшы быў затрыманы, «Трайпл» узначаліў менавіта Сяргей.

З цягам часу Сяргей Чыж афіцыйна заняў пасаду дырэктара кампаніі. А вызвалены бацька ўзначаліў назіральную раду «Трайпла».

Другому сыну алігарха — 21 год. Уладзімір Чыж паступаў у БНТУ, але пасля пайшоў у войска. Служыў у Мар’інай Горцы. Цяпер Уладзімір вучыцца ў мінскім філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта.

Уладзімір Чыж.

Уладзімір Чыж.

Дачка Таццяна, як і яе старэйшы брат Сяргей, атрымала выдатную адукацыю за мяжой — яна вучылася ў Швейцарыі, вывучала гатэльны і рэстаранны бізнэс.

Таццяна Чыж.

Таццяна Чыж.

Дачка Юрыя Чыжа працуе разам з маці ў элітным вэлнес-клубе EVO. Таццяна — першы намеснік дырэктара па сэрвісу.

Уладзімір Канаплёў

Уладзімір Канаплёў — экс-памочнік Лукашэнкі, былы старшыня Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго — зямляк Лукашэнкі. Сёння ён узначальвае Беларускую федэрацыю гандбола.

Уладзімір Канаплёў.

Уладзімір Канаплёў.

Канаплёў мае дваіх сыноў. Старэйшы Мікалай скончыў факультэт міжнародных зносінаў БДУ, пасля вучыўся ў Пекінскім універсітэце, працаваў прадстаўніком Ганконгскай гандлёва-прамысловай кампаніі «Глэдзіс» у Пекіне. Быў алімпійскім аташэ беларускай дэлегацыі на пекінскіх гульнях 2008 года. Затым Мікалай Канаплёў, па словах бацькі, адкрыў свой бізнэс у Кітаі.

Мікалай Канаплёў.

Мікалай Канаплёў.

Сёння Мікалай Канаплёў жыве ў Мінску. З 2014 года ён заняў пасаду дырэктара па знешнеэканамічным развіцці беларуска-брытанскага прадпрыемства «Эрыд-Гроў Прадакшн», якое займаецца вытворчасцю і продажам сродкаў для глебы, і таксама — тэхналогіямі азелянення пустыняў.

Акрамя таго, па непацверджанай інфармацыі, ён працягвае працаваць на кампанію, якая знаходзіцца ў Шанхаі.

Малодшы сын Дзяніс падаўся ў рэстаратары. Яму належылі «City-cafe Boulevard» и «Pub Club Mixx». Першы рэстаран ужо закрыўся, другі — працуе і па сёння, змяніўшы назву на «Wine & whiskey bar Mixx».

Міхаіл Захараў

Яшчэ адзін сябар кіраўніка дзяржавы, былы хакеіст Міхаіл Захараў сёння працуе трэнерам сталічнага хакейнага клуба «Юнацтва». У памяці людзей ён застаўся не толькі хакейнымі дасягненнямі, але і гучнай аварыяй на сваім «Бэнтлі» у 2011 годзе.

Захараў (злева) збірае бульбу разам з Лукашэнкам

Захараў (злева) збірае бульбу разам з Лукашэнкам

Ягоны сын Канстанцін пайшоў па бацькавых слядах. Канстанцін — прафесійны хакеіст, пачынаў у «Юнацтве», пасля гуляў у Гомелі, у канадскай хакейнай лізе, у амерыканскай хакейнай лізе (другі па моцы дывізіён пасля НХЛ).

Канстанцін Захараў

Канстанцін Захараў

Затым былі мінскае «Дынама», казахскі «Іртыш», але пасля кола замкнулася — сёння 32-гадовы нападаючы гуляе ў бацькавым «Юнацтве».

Акрамя таго, у Захарава яшчэ двое дзяцей: двайняты Крысціна і Аляксандр нарадзіліся ў 1995 годзе. Прычым, Аляксандр таксама займаўся хакеем, але ў зоркі не выбіўся.

Крысціна і Аляксандр Захаравы.

Крысціна і Аляксандр Захаравы.

Сёння Крысціна вучыцца ў Інстытуце журналістыкі БДУ і працуе менеджарам у мінскім івэнт-агенцтве «Burochaplin». Таксама дзяўчына паспела засвяціцца на тэлеканале «Беларусь 5» Аляксандр жа — фігура абсалютна не публічная.

Віктар Шэйман

Віктар Шэйман — вядомы лукашэнкаўскі паплечнік, які сёння працуе кіраўніком справамі кіраўніка дзяржавы. У яго дваіх дзяцей.

Сын чыноўніка Сяргей нарадзіўся ў 1983 годзе. Скончыў прыватны Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут, атрымаў дыплом юрыста. Ужо ў 23 гады ён працаваў галоўным кантралёрам-рэвізорам Камітэта эканамічнага кантролю пры Мінскім аблвыканкаме. Акрамя таго Сяргей Шэйман быў адным з арганізатараў канцэртаў «За Беларусь!». У прыватнасці, вырашаў пытанні аховы, кантактаваў з зоркамі, зацвярджаў праграмы канцэртаў.

Сяргей Шэйман

Сяргей Шэйман

Па непацверджанай інфармацыі, сёння Сяргей займаецца бізнэсам.

Сястра Сяргея Вольга нарадзілася ў 1989 годзе. Яна скончыла той жа інстытут, што і яе брат. Летась выйшла замуж.

На фота адразу дзве Вольгі Шэйман. Злева — дачка Віктара Шэймана, справа — жонка Сяргея Шэймана.

На фота адразу дзве Вольгі Шэйман. Злева — дачка Віктара Шэймана, справа — жонка Сяргея Шэймана.

Цяпер Вольга вучыцца ў ЗША, ва ўніверсітэце Каплан у штаце Аёва. 

Паводле Нашай Нівы